У Варшаве разам з заняткамі праводзяць стрымы, у Вільні на Каляды запрашалі адзінарожку. Навучальны сезон 2021−2022 года курсаў «Мова Нанова» праходзіць за мяжой: ва Украіне, Польшчы і Літве. Курсы ў Беларусі летась ліквідавалі. Выкладчыкі «Мовы Нанова» расказалі Hrodna.life, як ідуць справы на занятках і чаму попыт на родную мову не змяншаецца.
«Мы скончылі навучальны год і амаль адразу атрымалі рашэнне аб ліквідацыі, — расказалі Hrodna.life каардынатары праекта. — Многіх выкладчыкаў выклікалі на допыты. У выніку больш за 10 чалавек былі вымушаны з’ехаць за мяжу. У рамках пректа гэта вялікая лічба. Напрыклад, з Ваўкавыска з’ехала ўся каманда».
Аднавіць працу ўдалося ў пяці гарадах за мяжой. Сёння курсы ёсць у Варшаве, Гданьску, Вільні, Кіеве і Львове.
«Шмат студэнтаў прасілі аднавіць заняткі. Таму перад вераснем пачалі ўсіх штурхаць, каб аднавіць сустрэчы. Каманда трошкі асвоілася [у рэлакацыі] і разам вырашылі, што ёсць сэнс паспрабаваць, каб падтрымаць супольнасць і дапамагчы людзям захаваць сваю беларускасць. Пачалася ланцужковая рэакцыя. Першай была Варшава. Потым пачалі падцягвацца іншыя гарады».
Алеся Каролік была выкладчыцай курсаў «Мова Нанова» ў Маладзечне ад 2018 года. У жніўні 2020 яна з’ехала з Беларусі «па зразумелых прычынах» і зараз выкладае на курсах у Варшаве.
«Першым пытаннем было знайсці памяшканне. Вырашыць яго нам дапамаглі арганізатары Цэнтра беларускай салідарнасці. Адразу заняткі праводзілі тут. Зараз працуем у беларускім моладзевым хабе. Карыстаемся інтэрнэтам, каб далучыць людзей анлайн», — расказала Алеся.
Каманду «Мова Нанова» ў Варшаве падтрымлівае дабрачынны праект беларусаў «Хатні Session у Beer Station». Заняткі на курсах праходзяць раз на тыдзень.
«На занятках звычайна прысутнічае каля 20 чалавек. Яшчэ 15−20 далучаюцца анлайн. Некаторыя студэнты далучаюцца да розных гарадоў: адзін дзень паглядзелі Варшаву, другі - Вільню. Фармат мы не мянялі: у складзе урока лексіка, граматыка па тэме і сустрэча з госцем».
Заняткі для дзяцей у Варшаве праводзіць Юлія Букштановіч. Раней яна прыходзіла на лекцыі для дарослых, а потым прапанавала сваю дапамогу з арганізацыяй дзіцячых курсаў. Па адукацыі Юлія выкладчык беларускай мовы, як замежнай. Больш за 10 год працуе з дзецьмі.
«Ініцыятарамі заняткаў выступілі бацькі і настаўнікі. Адразу планавалі, што яны будуць доўжыцца па 45 хвілін. Але хутка стала зразумела, што разыходзіцца не хочацца, і дзеці самі папрасілі, каб зрабілі даўжэй. Таму зараз мы сустракаемся на дзве гадзіны з перапынкам на смакоткі», — расказала Юлія для Hrodna.life.
Заняткі для дзяцей праходзяць два разы на тыдзень. На ўроках ёсць час на гульні і інтэрактыўныя практыкаванні па лексіцы і граматыцы.
«Да нас дадучаюцца цікавыя госці. Разам з імі закранаем беларускую гісторыю і культуру. Прыемна адзначыць, што пабольшала і саміх удзельнікаў. На першых сустрэчах было каля 10. Зараз — больш за 20».
У лістападзе да курсаў далучылася каманда з Гданьска. Надзея Маляўка — актывістка і новы выкладчык праекта Мова Нанова расказала Hrodna.life, як распачала заняткі ў новым горадзе.
«У Гродне я ўдзельнічала ў шматлікіх актыўнасцях. Таму тут, далёка ад дома, было вельмі цяжка маральна без падобнай крэатыўнай суполкі».
Усе выкладчыкі гданьскіх курсаў - новыя сябры каманды. Выкладаць яны пачалі толькі сёлета.
«Я напісала ў суполку курсаў у Варшаве папрасіць, каб дапамаглі нам арганізаваць заняткі. Нам пайшлі насустрач — дапамагаюць з пошукам гасцей, а матэрыялы можна браць з афіцыйнай старонкі курсаў».
Заняткі ў Гданьску праходзяць па суботах, на іх збіраецца каля 15 студэнтаў.
«Я вельмі рада, што сярод розных людзей ёсць такая зацікаўленасць да вывучэння беларускай мовы», — кажа Надзея Маляўка.
Ірына В. наведвае курсы «Мова Нанова» у Гданьску. «Я заўседы адчувала, што [са стаўленнем да мовы] адбываецца нешта не тое, што мы, беларусы, павінны размаўляць па-беларуску. Але вырасла я ў рускамоўнай сям'і і мабыць праз сваё гультайства так і не знайшла раней шлях да мовы. Ніколі не хадзіла на заняткі і не размаўляла да гэтага. Хаця мова не была мне чужой. Я зараз у пачатку шляху да мовы. Заняткі - маё свежае паветра і водар радзімы. Гэта і новыя знаёмствы, і новыя веды».
Збіраюцца аматары роднай мовы ў памяшканні «Аб'яднання беларусаў Памор’я». Адна з арганізатарак аб’яднання расказала Hrodna.life, як прыйшла ідэя пачаць курсы мовы ў Гданьску.
«Галоўная мэта нашай працы — аб’яднаць беларусаў, якія жывуць у Труймясце [папулярная зборная назва трох гарадоў - Гданьска, Сопата і Гдыні - Hrodna.life]. Асацыяцыя працуе на валанцёрскай аснове. Беларусы праводзяць бясплатныя заняткі ў тым, што яны ўмелі і рабілі ў Беларусі, але не могуць у дадзены момант займацца ў эміграцыі любімай справай па розных прычынах. Такім чынам імкнемся падтрымаць адзін аднаго. Памяшканне для нашых актыўнасцяў, сустрэч і заняткаў дала адміністрацыя Сопата. Мы даўно хацелі арганізаваць курсы беларускай мовы, але не так проста рэалізаваць усё тое, што хочацца. Наш валанцёр Надзея ўзяла на сябе гэтую працу і з нуля запусціла курсы ў Сопаце».
Даша Роскач з Бабруйска адзін год была вядоўцай курсаў у Бабруйску, а Глеб Сандрас вёў заняткі «Мовы Нанова» ў Салігорску. Пасля пераезду яны аб’ядналі намаганні і разам вядуць заняткі для мясцовых беларусаў.
«Віленская „Мова Нанова“ адрозніваецца тым, што тут вельмі проста знайсці гасцей. Нават калі нешта не складваецца ў запрошанага чалавека, атрымліваецца хутка адшукаць замену. У горадзе шмат цікавых людзей з рознабаковымі інтарэсамі і хобі. У Беларусі, асабліва ў невялікіх гарадах, з гэтым было складаней».
На сустрэчы ў Вільні збіраюцца каля 20 чалавек. «Ёсць пастаянныя наведвальнікі. Іншыя прыходзяць пад тэму ці на адмысловага госця», — расказала Даша.
Глеб Сандрас распавёў Hrodna.life, што гасцямі віленскай суполкі ўжо былі спявачка Кацярына Ваданосава, музыка Лэслі Найф, Карына Салавей з «Аховы птушак бацькаўшчыны» ды іншыя.
«У новым семестры будзе таксама шмат цікавых гасцей», — запэўніў ён.
Чытайце таксама:
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…