Камень з нямецкімі надпісамі знайшлі рыбакі ў канцы студзеня на беразе Нёмана, недалёка ад вуліцы Прыгараднай. Па расказах мясцовых жыхароў, могілак там ніколі не было, надмагілле маглі прывезці будаўнікі разам з грунтам.
Камень знаходзіцца ля самага берага Нёмана, адкуль бачны Румлёўскі мост. Цалкам расшыфраваць надпісы на ім праблематычна з-за дрэннага стану.
Могілак каля берага не было
«Некалькі дзён таму я рыбачыў і выявіў гэты камень, раней яго не было, — распавядае мясцовы жыхар Павел. — Магчыма, яго прывезлі сюды з грунтам. Тут вялікая будоўля — кладуць трубы. У тым месцы, дзе знайшлі камень, цалкам насыпны грунт, вось яго і вымыла дажджом. І з-за таго, што ў яго добра бачная гравіроўка, яго адкінулі ў бок».
Павел кажа, што могілак каля Нёмана ў гэтым месцы ніколі не было. Мужчына хоча расшыфраваць надпісы на камені, але заняцца гэтым у яго пакуль няма часу.
«Мая сям’я тут жыве ўжо доўгія гады і пра могілкі ніколі не чулі, тут іх не было. Ведаю, што недалёка ад месца, дзе знайшлі гэты камень, была ў даваенныя гады лесапілка», — дадаў Павел.
Выразна відаць — 1915
Мясцовыя жыхары паказалі камень арнітолагу Дзмітрыю Вінчэўскаму, які часта гуляе ўздоўж Нёмана. Фатаграфію каменя ён выклаў на сваёй старонцы ў Facebook у надзеі, што хто-небудзь дапаможа расшыфраваць надпісы.
Сябры і знаёмыя Дзмітрыя здагадваюцца, што камень можа быць памятным знакам на магіле якога-небудзь з загінулых нямецкіх салдат Першай сусветнай вайны. Нягледзячы на дрэнны стан надпісаў, сёе-тое адчытаць магчыма. Напрыклад, выразна відаць год — 1915. Гэта можа быць і памятны камень, які прымацавалі да пераправы, ці да маста.
Калі гэта надмагільны камень аднаго з кайзераўскіх салдат, то што ён робіць каля берага Нёмана? Бліжэйшыя могілкі з нямецкімі пахаваннямі часоў Першай сусветнай знаходзіцца недалёка, на вуліцы Белуша на вайсковых могілках. Але, па ўспамінах старажылаў, многія нямецкія надмагільныя пліты зніклі ў савецкія гады.
Забіраць камень ля Нёмана ніхто пакуль не спяшаецца, ён можа бясследна знікнуць, калі будаўнічая тэхніка наблізіцца да берага. Хутка ў тым месцы плануюць пакласці новы сток з трубамі вялікага дыяметру.
Была і каска
Дарэчы, недалёка ад месца дзе выявілі камень з нямецкімі надпісамі, раней была знойдзена вайсковая каска. Яна ляжала на вялікім камяні, але бясследна знікла восенню. Мясцовыя жыхары пра каску на камені нічога не ведаюць, магчыма яе ў грунце выявілі будаўнікі, але пра гэта яны нічога не кажуць.