Гродзенскі настаўнік фізікі Сяргей Фадзін у дзяцінстве недалюбліваў гэты прадмет. Цяпер стварыў дадатак для мабільных тэлефонаў, каб дзецям весялей было вувычаць навуку Эйнштэйна і Ньютона.
Сяргею Фадзіну 29 год. Пяць год выкладае фізіку. Працуе ў 9−11 класах гродзенскай школы № 26. На летніх канікулах вырашыў зрабіць навуку для школьнікаў больш прывабнай і распрацаваць гульню для мабільнікаў.
— Я ствараў гульню для сямікласнікаў, у якіх толькі пачынаецца фізіка, каб матываваць іх да вывучэння, зацікавіць. Упэўнены, што яна здыме псіхалагічную напругу і надасць дзецям упэўненасці ў сваіх сілах і ведах. Таксама заняўся гэтым для сябе, каб зрабіць нешта новае, — распавядае Сяргей.
Дадатак «4PhysicsPictures», або скарочана «4PhPi», складаецца з 40 узроўняў. На кожным прапануецца адно заданне з чатырох карцінак, аб’яднаных агульнай тэмай. Вучню трэба здагадацца, што агульнага ў малюнках і скласці слова з прапанаваных літар. Толькі пасля правільнага адказу ён зможа перайсці на наступны ўзровень.
Напрыклад, выявы спінэра, лыжніка, колаў ровара і аўтамабіля кажуць пра трэнне, а гарбата, закаткі і разведзеныя ў вадзе фарбы — пра дыфузію.
Большасць паняткаў з гульні, як «хуткасць», «магутнасць», ужо вядома сямікласнікам у сярэдзіне навучальнага года. Ёсць і заданні «на выраст»: напрыклад, імёны некаторых навукоўцаў, якіх дзеці будуць праходзіць у старэйшых класах. Гульня разлічана на аднаго чалавека.
За гульню вучні атрымалі «дзясяткі» і «дзявяткі»
Настаўнік тэставаў сваю распрацоўку на старэйшых вучнях, бо не вядзе ў сямікласнікаў.
— Яны сустрэлі гульню пазітыўна, аднак без вялікага захаплення. Не дзіва, бо для іх яна даволі простая. Але першы раз прасядзелі над ёй цэлы урок, — распавядае Сяргей.
Дзеці нават атрымалі адзнакі за гульню: хто справіўся першым — 10, другім — 9, трэці — 8. Астатнія дзеці падыходзілі да настаўніка цягам дня, каб атрымаць дадатковы бал. Самаму хуткаму вучню спатрэбілася 40 хвілін на ўсе заданні.
У планах перакласці гульню на беларускую мову
Настаўнік ствараў гульню 4 месяцы. Асновы праграмавання ведаў яшчэ з універсітэта. Дапамаглі відэаролікі на Youtube, па-руску, па-англійску і нават па-інданэзійску.
За распрацоўку дадатка атрымаў дыплом ІІІ ступені ў абласным этапе конкурса «Компьютер. Образование. Интернет».У планах перакласці гульню на беларускую мову і распрацаваць больш складаныя заданні. Сяргей не плануе пераходзіць з настаўнікаў у праграмісты. Мяркуе, што яго ўзровень валодання праграмаваннем не дастатковы для гэтага.
— Часам настаўнікі скардзяцца, што ў іх шмат лішняй працы. А вы зрабілі нешта па-над абавязкамі…
— Нічога надзвычайнага. Іншыя настаўнікі таксама ствараюць сайты, дадаткі.
— Чаму сённяшніх дзяцей трэба дадаткова матываваць мабільнымі гульнямі?
— Фізіка насамрэч цікавы прадмет, але часам не хапае абсталявання, матэрыяльнай базы: мультымедыйнай устаноўкі, камп’ютара. Тады б працэс значна палегчыўся. Настаўнік прасцей і яскравей мог бы паказаць эксперыменты. Прыбораў не хапае, каб паказваць вопыты.
— Вы можаце параўнаць дзяцей перыяда, калі вы вучыліся ў школе, і сучасных?
— Агулам у сённяшніх дзяцей не хапае практычнай арыентаванасці ведаў. Дзіця вывучыла параграф, але часта не можа яго стасаваць у практыцы. Або дзеці «зубраць», або ўвогуле не пераймаюцца. Гэта датычыць усіх прадметаў, не толькі фізікі.
Спампаваць гульню для Android можна ў Play Market.