Спадчына

Палац у Свяцку, Святое балота і крыж Біспінга: якія таямнічыя мясціны ў Гродне і ваколіцах звязаныя з паўстаннем 1863−1864 гадоў

Схаваныя ў балоце скарбы, вусцішная смерць у Новым замку, невядомыя магілы — гісторыя паўстання 1863−1864 гадоў багатая на таямнічыя і не да канца высветленыя падзеі. Рэдакцыя Hrodna.life склала спіс месцаў, якія ў Гродне і ваколіцах звязаныя з падзеямі паўстання. А таксама развеяла адзін з распаўсюджаных фэйкаў пра тыя падзеі.

1 лютага 1863 года Часовы ўрад ў Беларусі і Літве на чале з Кастусём Каліноўскім абвесціў пра паўстанне супраць Расійскай імперыі. На той момант яно ўжо тыдзень трывала на тэрыторыі Польшчы. Гродзеншчына была адным з найбольш паўстанцкіх рэгіёнаў, а Гродна і ваколіцы да сёння захоўваюць багата таямніц, звязаных з тымі гераічнымі ды трагічнымі падзеямі.

Гродна — адзін з цэнтраў паўстання

Гродна было адным з галоўных цэнтраў паўстання, які саступаў на тэрыторыі Беларусі і Літвы хіба што толькі ў Вільні. У ваколіцах горада адбылося некалькі бітваў, а мясцовыя лясы былі перапоўнены добраахвотнікамі. Сам горад паўстанцы няўдала спрабавалі захапіць 14 сакавіка 1863 года. Да сёння ў Гродне захоўваюцца шмат будынкаў, звязаных з паўстаннем.

Дом Ромера (Савецкая, 23)

Севярын Ромер збудаваў у Гродне дзве гасцініцы, якія былі канфіскаваныя царскімі ўладамі за ўдзел у паўстанні. У гэтым доме на Савецкай гаспадар меў сейф, які зачыняўся на два ключы і ў якім гродзенскія багацеі трымалі не толькі грошы, але і найважнейшыя паперы. Тут жа збіраліся прадстаўнікі Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі на чале з Кастусём Каліноўскім.

Але самы паўстанцкі дом у Гродне, знаходзіцца не тут, а некалькі дзясяткаў метраў далей.

Дом Фукса (Савецкая, 7)

Гродзенцы памятаюць яго як кавярню «Астра» (была такая да сярэдзіны 2000-х на месцы сённяшняй «Раскошы»). Сёння ж тут размяшчаецца «Оптыка» і шэраг іншых гандлёвых кропак.

Дом гэты вядомы па імю ўладальніка — Л. Фукса. Яго таксама варта называць «домам паўстанцаў», бо тут на другім паверсе ў час паўстання жыў шэраг кіраўнікоў рэвалюцыйнай арганізацы — Адольф Талочка і Ільдэфонс Мілевіч, у якіх неаднаразова спыняўся Кастусь Каліноўскі. Апошні раз ён тут быў у маі 1863 года, перадаўшы справы паплечнікам і выехаўшы ў Вільню.

Мілевіч пазнаёміўся з Каліноўскім падчас навучання ў Пецярбургскім універсітэце. Толькі Кастусь вывучаў права, а Ільдэфонс быў студэнтам фізіка-матэматычнага факультэта і найбольш сябраваў з Эдмундам Дзяржынскім, бацькам «жалезнага Фелікса».

У «доме Фукса» захоўваліся паўстанцкія паперы і пячаткі. Яны, дарэчы, у рукі жандармаў так і не трапілі і, магчыма, да сёння чакаюць свайго часу ў якім-небудзь сховішчы. Цікава, што схопленыя ўдзельнікі гродзенскай арганізацыі Уладзіслаў Жалкоўскі і Іосіф Руткоўскі сказалі, што яны скрыню з паперамі патапілі ў мясцовай прыбіральні. Так ці не — следчыя не сталі гэта правяраць.

Новы замак

З прыбіральняй звязана вусцішная гісторыя, якая здарылася ў Новым замку, дзе размяшчаўся ў 1863−1864 гадах шпіталь для арыштаваных паўстанцаў. Сюды трапіў адзін з кінжальшчыкаў, які прыводзіў у выкананне смяротныя прысуды, вынесеныя рэвалюцыйным урадам.

Трагічны выпадак апісаў расійскі доктар Іван Мітрапольскі:

«Аднае раніцы прыбеглі за мною са шпіталя і абвясцілі, што гэты арыштант знойдзены ўтопленым у прыбіральні. Службовец заўважыў, што дошка з дзюрамі для сядзення адарваная, зазірнуў уніз і ўбачыў плаваючую фуражку і мыліцу. Палічылі хворых і не далічыліся аднаго, менавіта таго, які хадзіў на мыліцах.

Пачалі мацаць баграмі, намацалі нешта і выцягнулі няшчаснага ўжо акачанелым. Задуманыя ўцёкі не атрымаліся з-за дробязі. Прыбіральня была ў сувязі з арыштанцкім аддзяленнем і вузенькімі, з кратамі, вокнамі глядзела на Нёман, на беразе якога стаяў драўляны аднапавярховы будынак летняга шпіталя. З акенцаў бачна было, што знешняя частка прыёмніка, якая знаходзілася за сцяною будынка, не цалкам прыкрыта накладзенымі дошкамі.

Адпаведна, прабраўшыся ў яе з унутранай часткі, лёгка было выйсці звонку, абмыцца ў рацэ і —на ўсе чатыры бакі! Усё пытанне было ў тым, наколькі глыбокая яма і ці можна, стоячы на дне яе і апусціўшыся з галавой у нечыстоты, падлезці пад сцяну, якая падзяляла яму, і такім чынам трапіць у знешнюю частку яе. Для такога прамеру і патрабаваліся мыліцы. Імі арыштант, верагодна, намацаў шырокую дошку ў выглядзе распоркі, зробленую ўнізе, паралельна з сядзеннем, і прыняў яе за дно. Але да дна было яшчэ далёка ад той дошкі; яма была напоўнена вышэй сажні, і, сарваўшыся з гэтай дошкі, арыштант задыхнуўся. Труп яго скарчанеў у тым становішчы, у якім напаткала яго смерць: пад левай падмышкаю прыціснуты вузельчык з бялізнаю і халатам, а правая рука паднятая вертыкальна".

І гэта была далёка не адзіная смерць паўстанцаў у сценах Новага замку. Дзіўна, што пры такой колькасці трагічных выпадкаў, тут не з’явілася гісторый пра прывіды паўстанцаў.

Чытайце таксама: Паўстанцкая ноч у Гродне: як сотня гродзенцаў хацела захапіць цягнік і ўцячы ў Парэчча

Скідзельская застава

У час паўстання 1863−1864 гадоў у Гродне былі выкананыя два смяротныя прысуды, якія адбываліся на пляцы за Скідзельскай заставай. Яна размяшчалася побач з сённяшняй Лідскай вуліцай. Гэта было вядомае ў гродзенцаў месца. Там, напрыклад, быў павешаны ў 1833 годзе Міхал Валовіч, які спрабаваў пасля паразы лістападаўскага паўстання ўзняць сялянскае выступленне супраць Расійскай імперыі на Гродзеншчыне.

На Скідзельскую заставу 11 кастрычніка 1863 года і 14 сакавіка 1864 года накіроўваліся тысячы жыхароў Гродна і ваколіц, каб паглядзець на расстрэл селяніна Дамініка Талінскага і вайскоўца Юзафа Урбановіча. Іх першапачаткова закапалі тут жа, а пасля ўначы целы вывезлі і закапалі дзесьці ў невядомым месцы. Магчыма, яны да сёння спачываюць побач з Нёманам.

«Крыж Біспінга», Верцялішкі

На праваслаўных могілках аграгарадка Верцялішкі знаходзіцца стары чугунны крыж, на якім ёсць надпіс з прысвячэннем мясцовым жыхарам, што загінулі ў 1941−1945 гадах. Аднак да 1945 году на крыжы быў іншы надпіс: «Павшим на полях сражений I мировой войны землякам от жителей Вертелишковского прихода». Але насамрэч гэты крыж наогул у гонар Аляксандра Біспінга, Аб гэтым сведчыць надпіс па-польску «Za duszę Alexandra». У народзе гэты крыж так і называюць — «Крыж Біспінга».

Аляксандр Біспінг (1844−1867), уладальнік маёнткаў Верцялішкі і Масаляны, быў несправядліва абвінавачаны ва ўдзеле ў паўстанні і сасланы ва Уфу, дзе перайшоў з каталіцтва ў праваслаўе. Нездарма па вяртанні на радзіму ў лютым 1867 года ён стаў чужынцам для родных. Пры гэтым заручыўся з Вольгай Аксакавай, дачкой уфімскага губернатара і ўнучкай вядомага пісьменніка Сяргея Аксакава, аўтара казкі «Аленький цветочек». На той час Біспінг меў вялікія грашовыя пазыкі і меў патрэбы ў грошах на вяселле. Аднак паўсюль атрымоўваў адмову. 24 красавіка 1867 года Аляксандр Біспінг у адным з пецярбургскіх гатэляў перарэзаў сабе горла. Пасля яго смерці родныя Біспінга ў Верцялішках і ўсталявалі крыж у памяць пра яго.

Пра ўладанні Біспінга ў час паўстання напісаў Фортэск’ю Андэрсан, чый твор «Сем месяцаў у рускай Польшчы альбо Прыгоды англічаніна на беларускіх землях у 1863 годзе» выйшаў па-беларуску ў 2023-м. А больш падрабязна пра Аляксандра Біспінга можна даведацца з кнігі Ірына Шатыронак «Провинциальный детектив из жизни Александра Биспинга (1844−1867)».

Зарубіцкі лес

Праз Зарубіцкі лес, дзе месціліся адмысловыя ямы з прыгатаваным для паўстанцаў харчаваннем і амуніцыяй, праходзілі атрады, якія па Індурскаму шляху накіроўваліся з Сакольскай пушчы да пераправы ў раёне вёсак Віцькі і Пескі на Нёмане. Тут была Коматаўская пераправа, а далей праз раку Канюхоўскі роў, дзе месцілася кузня, у якой паўстанцы падкоўвалі сваіх коней, рамантавалі зброю. Паводле падання мясцовых жыхароў, менавіта тут адбылася адна з бітваў, пасля якой паўстанцаў пахавалі ў некалькіх курганах побач.

Сюдой паўстанцы далей рушылі праз Ружанскую пушчу ў накірунку Мінскай губерні. Так праходзіў атрад Валерыя Урублеўскага, паплечніка Каліноўскага, сябра Маркса і Энгельса, генерала Парыжскай камуны і аднаго з кіраўнікоў І Інтэрнацыянала. Нездарма у вёсках і мястэчках побач з Зарубецкім лесам знаходзілі экзэмпляры «Мужыцкай праўды».

Святое балота, Азёры

Якіх баек толькі не травяць пра гэты кландайк, звязаны з паўстаннем 1863−1864 гадоў. Напрыклад, пра быццам бы павешаных паўстанцамі на адным з дубоў «шмат святароў», чаго дакладна не было. За час паўстання былі пакараны чатыры прадстаўнікі праваслаўнай царквы: плябан у вёсцы Котра (толькі не каля Скідзеля, а каля Пружан, гэта ў 30 км ад Азёр), святары ў Суражы Беластоцкага павета і Багушэвічах Ігуменскага павета, псаломшчык у вёсцы Святая Воля Пінскага павета. Ніякіх «шмат святароў» у Святым балоце пакараныя смерцю не былі, але гэта не перашкаджае актыўна распаўсюджваць гэты фэйк і сёння. Для прыкладу, расійскія ўлады расстралялі і павесілі восем каталіцкіх ксяндзоў на тэрыторыі Беларусі і Літвы.

Аднак факт застаецца фактам, што менавіта ў ваколіцах Азёр праваслаўнае насельніцтва актыўна далучалася да паўстання, Нездарма Аляксандр Лянкевіч (па мянушцы Ляндэр) пры 36 чалавек і толькі пяці стрэльбах здолеў узяць Азёры, дзе да яго далучылася яшчэ больш сотні паўстанцаў. Яны рушылі ў Святое балота, дзе размясціліся лагерам. 4 траўня 1863 года ў Святым Балоце адбылася бітва, дзе дзве роты расійскай пяхоты пры 30 казаках пад кіраўніцтвам падпаручніка Мантойфела разбілі паўстанцаў, якія вымушаны былі адступаць у накірунку Ваўкавыска. Напамінам пра тую бітву стала пахаванне на могілках у Азёрах.

Як лічыцца, паўстанцы загаддзя закапалі нарабаваныя ва ўрадавых установах скарбы. Адзін з такіх схронаў у міжваенны час выявіў тутэйшы селянін, які займаўся выкарчоўваннем дрэваў у Святым балоце. А колькі ж яшчэ цікавага можа там знаходзіцца?

Чытайце таксама: Стала дакладна вядома, хто і калі дэмантаваў помнік паўстанцам 1863 года на чыгуначным вакзале ў Гродне

Мінявічы

На лесе на беразе Нёмана ўзвышаецца пагорак, у якім спачываюць 40 паўстанцаў. Яны загінулі ў адной з бітваў з расійскімі войскамі летам 1863 года. У памяць па іх пастаўлены крыж і камень. Пісьменніца Эліза Ажэшка занатавала гісторыю гэтай трагедыі ў сваім адным з найбольш вядомых раманаў «Над Нёманам». У ім Мінявічы паўстаюць пад назваю Карчын.

Прататыпам галоўнага героя Андрэя Карчынскага стаў уладальнік Мінявічаў Ян Каменскі, цывільны кіраўнік Гродзенскага павета. Гэтыя мясціны, вядомыя яшчэ помнікам Яну і Цэцыліі, паўстанцы аблюбавалі праз адносную бяспеку і блізкасць да камунікацыяў.

Свяцк

Паводле папулярнай легенды, дачка заможнага графа Валовіча закахалася ў конюха, але бацька, калі даведаўся — хлопца ўтапіў у сажалцы побач, а цяжарную дачку — замураваў у адной з калоннаў палаца.

Паводле іншай версіі гэтай легенды, гэта сын уладальніка Свяцка пакахаў вясковую дзяўчыну, і нават збіраўся на ёй жаніцца, калі даведаўся, што тая цяжарная. Аднак здарылася паўстанне, і хлопец быў ці то забіты ў адным з баёў, ці то сасланы ў Сібір. А дзяўчыну гэтая навіна прывяла да цяжкага рашэння — яна патанула ў сажалцы.

Пасля ж смерці душы каханых сустрэліся, аб чым сведчаць два зрослыя галінамі дрэвы, якія і сёння можна пабачыць на алеі каля сядзібы Валовічаў.

Фактам застаецца тое, што ўладальнік маёнтку Свяцк сляпы 50-гадовы граф Міхаіл Валовіч хаваў у сваім палацы зброю, а таксама дастаўляў правізію паўстанцам у Аўгустоўскую і Гродзенскую пушчы ў лагер у раёне Ліпска-Галынкі. У выніку сам граф апынуўся ў Гродзенскай турме, як і іншы ўладальнік маёнтку, 35-гадовы Вітольд Валовіч, з якім, магчыма, і звязана вядомая ў розных версіях легенда.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Хто такі таямнічы Кель, чыім прозвішчам было распісана ўсё Гродна ў 90-х?

Надпіс “Кель петух” добра памятаюць гродзенцы старэйшага пакалення. Гэтыя два словы і малюнак-піктаграмка ў выглядзе…

1 лютага 2025

«Муж на родах? Глупства!» Задалі адны і тыя ж пытанні беларускам, якія нараджалі ў Беларусі і Польшчы

Алена і Ксенія (імёны зменены) сталі мамамі з розніцай у два гады, але Ксенія нараджала…

30 студзеня 2025

Эмігрантка стварыла беларускія палічкі ў варшаўскіх бібліятэках і трапіла ў Vogue

Дзяўчына з Палесся зрабіла беларускія паліцы ў варшаўскіх бібліятэках, дала інтэрв’ю Vogue Polska і паспрыяла…

29 студзеня 2025

Шоты і прусы: якія народы жылі на Гродзеншчыне і як яны тут апынуліся

На тэрыторыі Гродзенскай вобласці ў мінулым жылі не толькі беларусы. Напрыклад, яшчэ ў XII стагоддзі…

29 студзеня 2025

«Хутчэй складзецца, чым яго адрамантуюць». У цэнтры Гродна людзі жывуць у доме, дзе апошні рамонт рабілі 35 гадоў таму

У Гродне ёсць дом, у якім правальваюцца падлогі, сцены абсыпаюцца з-за транспарту, які праязджае міма,…

29 студзеня 2025