Улады стварылі новую платформу «меркаванне.бел». Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай форме прапанаваць свае ідэі, выказаць заўвагі і чаканні на бліжэйшыя пяць гадоў. Разабраліся, чаму ананімнасць на такой пляцоўцы хутчэй шкодзіць, ці працуюць петыцыі, і чаму іх трэба пісаць менавіта зараз.

Што з сябе ўяўляе новая платформа

Пакідаць прапановы і заўвагі на платформе можна ананімна. Гэтым яна адрозніваецца ад праекта «обращения.бел». Ідэі і заўвагі, пакінутыя на новай пляцоўцы, не будуць лічыцца зваротамі, на якія чыноўнікі абавязаны адказаць, а толькі выказанымі меркаваннямі.

Для тытульнай старонкі платформы даступны аўтаматычны пераклад на мноства моваў, у тым ліку беларускую. Усе далейшыя старонкі прадстаўленыя толькі на рускай мове. На першай старонцы даступная толькі адна кнопка, падпісаная па-руску ў любой моўнай версіі - «Онлайн-платформа „Народная пятилетка“».

Калі націснуць на яе, з’яўляецца абарона ад спаму, пасля — тлумачэнне сутнасці праекта. Адзначана, што яго ініцыявалі «патрыятычныя сілы Беларусі» і «вядучыя грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі»: Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, «Белая Русь», Беларускі саюз жанчын, БРСМ.

Далей можна абраць адну з 19 сфер, наконт якіх хацелася б выказацца. Сярод іх — эканоміка, сельская гаспадарка, адукацыя, ахова здароўя, інавацыі і іншыя. Калі нічога не пасуе, можна абраць «другой вариант». Далей з’яўляецца форма, дзе можна выказацца. Пасля пры жаданні можна выбраць яшчэ адну сферу. У канцы рэспандэнту дзякуюць за неабыякавасць і тлумачаць сэнс арнаменту, на які ў лагатыпе платформы заменена літара «а» са слова «меркавання».

Найбольш канструктыўныя і прадуманыя ідэі з сабраных абяцаюць улічаць у Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2025−2030 гады і пры падрыхтоўцы да Усебеларускага народнага сходу.

«Доўгая скрыня» і шкода ад ананімнасці

Гэтая платформа — тая самая «доўгая скрыня"*, мяркуе стваральнік платформы Petitions.by Уладзімір Кавалкін. «Гэта сродак выхаду пару насельніцтва, і не больш за тое».

*Спецыяльная доўгая скрыня для прашэнняў была ў XVII ст. у Расійскай Імперыі пры цары Аляксеі Міхайлавічы. Прашэнні разглядаліся вельмі павольна, часам гадамі, або заставаліся без адказу.

Тое, што платформа ананімная, хутчэй мінус, адзначае Кавалкін. На «меркаванні.бел» людзі не могуць ані абмеркаваць, ані нават паглядзець прапановы іншых. У такой сітуацыі большасць прысланых паведамленняў будзе «спамам» — бессэнсоўнымі ці абразлівымі выказваннямі. Вычытаць з гэтай плыні карысныя ідэі будзе надта складана.

Для таго, каб выказвацца на тэмы накшталт сельскай гаспадаркі, ананімнасць не патрэбна, адзначае Кавалкін. «Не трэба пужаць людзей, наводзіць тэрор — і людзі будуць пісаць адкрыта». Нават наадварот — людзі маглі б прапаноўваць ідэі ад свайго імя, каб паказаць сваю дасведчанасць, сабраць грамадскую групу, каб іх прасунуць. У гэтым выпадку няма рызыкі ані для асабістых дадзеных, ані для грашовых картак.

«Звычайна ў нармальным грамадстве ганарацца тым, што даюць нейкія прапановы ад свайго імя і паказваюць свой твар — я нешта раблю на карысць грамадства».

Платформа з’явілася зараз, бо ёсць нейкі заказ унутры сістэмы — напрыклад, Лукашэнка прыехаў з чарговым візітам і даў загад сабраць чарговых «непрычосаных ідэй», дапускае Уладзімір Кавалкін.

«Чыноўнікі адсправаздачацца, што накідалі 100 тысяч ідэяў. Але на тых 100 тысяч ідэяў 99 тысяч [будзе] альбо спам, альбо гарадскія вар’яты напішуць нешта накшталт „давайце пабудуем касмадром на месцы нацыянальнай бібліятэкі“».

З досведу Petitions.by такіх «ідэй», асабліва ў першы перыяд існавання платформы, было не менш за 30%.

Як зрабіць платформу карыснай

Такая платформа была бы карыснай для акцэнтавання нейкіх праблем, калі б яе зрабілі ў выглядзе форума — з абмеркаваннямі, зборам ідэй, галасаваннямі.

У той форме, у якой яна зроблена, платформа не будзе эфектыўнай, мяркуе эксперт. Больш карысна было б сабраць тыя ж прапановы праз ужо існыя платформы — обращения.бел ці Petitions.by, або «зрабіць нармальны сайт» з магчымасцю грамадскага абмеркавання. «Але беларускія ўлады так зрабіць не могуць, бо калі людзі пачнуць нешта пісаць публічна, стане зразумела, што праблем шмат. А ўладам патрэбна, каб праблемы былі невідавочныя. Калі ёсць праблема і трэба з ёй нешта рабіць, з пункту гледжання рэжыму Лукашэнкі гэта падрывае давер да улады».

Яскравым у гэтым сэнсе Кавалкін называе прыклад «обращения.бел» — на гэтым рэсурсе няма такога інструменту, як петыцыя — немагчыма паглядзець, што дасылаюць іншыя. Калі б была магчымасць абмеркавання ідэй — грамадства бы чытала, адсейвала горшыя ідэі ад лепшых, дапрацоўвала іх. «Павінна быць адкрытасць, абмеркаванне — і толькі так гэта працуе. Я нават не ведаю, навошта ім [тады] для гэтага нейкі веб-сайт — апублікавалі б e-mail і казалі б — дасылайце свае ідэі».

Чытайце таксама: Чиновники прислушались к горожанам: «Весенний» снова выставят на общественные обсуждения

Як гэта ўладкавана за мяжой

За мяжой падобныя платформы робяць або з фокусам на міністэрства, якое займаецца пэўнай сферай, або на органы мясцовай улады. Часцей гэта робяць некамерцыйныя арганізацыі, каб такім чынам развіваць супольнасць вакол нейкай тэмы, напрыклад, аховы жывёл, ці мясцовых праблем — дарог, мастоў, школы.

«Калі казаць пра брытанска-амерыканскі падыход, ён больш пра тое, каб такія платформы ствараліся і мясцовымі органамі ўлады: яны або робяць спецыяльную рубрыку на сваім афіцыйным сайце, або асобны сайт, які аддаюць грамадзянскай супольнасці ў мадэрацыю, каб да іх даляталі [самыя] карысныя прапановы».

Спрыяльны час для петыцый

У пытаннях мясцовага значэння, або, напрыклад, медыцынскай сферы, петыцыі працуюць вельмі добра, падзяліўся Уладзімір Кавалкін. Адкрытыя петыцыі з лістом падпісантаў падаюць у орган улады, які павінны вырашаць праблему. Там або праблему вырашаюць, або, як найменш, мусяць даць нейкі афіцыйны адказ.

«Гэта працуе адначасова як петыцыя, каб паказаць грамадству, што ёсць праблема, і трэба з ёй нешта рабіць, сабраць подпісы, паказаць, што гэта турбуе не аднаго чалавека, а шмат каго. І як звычайны зварот згодна беларускаму заканадаўству, на які чыноўнікі павінны адсправаздачыцца, а яшчэ лепей — вырашыць праблему».

«Зараз, перад выбарамі, усе выканкамы — абласныя, гарадскія, раённыя — перагледжваюць усе тыя петыцыі і звароты, якія былі пададзеныя раней, нават год таму, — і нешта робяць. Амаль кожны дзень далятае нейкі дадатковы адказ: „мы адрамантавалі дарогу“, „мы адрамантавалі мост“, або „мы зрабілі касметычны рамонт, бо грошай не хапае, але паставілі на планавы на 2025 год“ і гэтак далей».

Зараз вельмі спрыяльны час, каб звяртацца праз петыцыі, асабліва бытавога, паўсядзённага значэння — дарогі, асвятленне, школы, мясцовая медыцына, лічыць эксперт. «Чыноўнікі адказваюць добра, і не толькі адказваюць, а яшчэ і робяць — бо трэба перад выбарамі пусціць пыл у вочы. Гэта азначае, што калі вы напішаце, то, хутчэй за ўсё, атрымаеце нейкі вынік. Або будзеце чакаць пяць год да наступных выбараў».