Рэстаўрацыя Старога замка ў Гроднt атрымала дыплом на конкурсе Міжнароднай асацыяцыі саюзаў архітэктараў (МАСА) у Тбілісі. Таксама дыпломам адзначылі капітальны рамонт Каложскай царквы, завершаны ў 2018 годзе. Абодва аб’екты прадстаўлены ў намінацыі “Архітэктурнае спадчына” ў раздзеле рэалізаваных праектаў.
Усяго на 28-м Міжнародным аглядзе-конкурсе МАСА на лепшую праектную і рэалізаваную працу беларусы атрымалі аж девять узнагародаў. Яшчэ адзін дыплом першай ступені, але ўжо ў раздзеле “Праект”, дастаўся памятнаму знаку ў Слуцку. Ён будзе прысвечаны знішчанай габрэйскай супольнасці.
Конкурс МАСА праводзіцца штогод сярод прафесійных саюзаў архітэктараў краін СНД, Грузіі і Сербіі. МАСА – член Міжнароднага саюза архітэктараў. Асацыяцыя заснавана ў 1992 годзе, цяпер яна аб’ядноўвае 16 саюзаў архітэктараў, у тым ліку і беларускі. Агляд-конкурс найлепшых праектаў (пабудоў) года з’яўляецца галоўным мерапрыемствам асацыяцыі. У ім удзельнічаюць архітэктурныя праекты, якія ўжо заваявалі ўзнагароды на мясцовых конкурсах.
Выканаўца абодвух праектаў з Гродна, адзначаных на конкурсе, – інстытут “Гроднаграмадзянпраект”.
“Тое, што рэалізацыя праекта атрымала такую ўзнагароду, азначае прызнанне – не толькі ў Беларусі, але і за мяжой”, – патлумачыла Hrodna.life навуковая кіраўнічка і галоўная архітэктарка праекта абнаўлення Каложскай царквы, супрацоўніца “Гроднаграмадзянпраекта” Алена Шчасная.
Чытайце таксама: Алена Шчасная: «Я — архітэктар па жыцці»
“Гэта значыць, што мы рухаемся ў нармальным сусветным рэчышчы, ўжываем міжнародныя прынцыпы. Пры Савецкім саюзе было адставанне ў плане архітэктуры – не было ўзаемасувязі з іншымі краінамі, людзі мала выязджалі, мала бачылі. Цяпер мы больш інтэграваныя, бачым, што робяць у Польшчы, у Францыі. Рашэнні, якія мы закладваем, – у рэчышчы сучаснага рэстаўрацыйнага падыходу”, – распавяла яна.
Алена Шчасная – адна з гераінь кнігі “Гарадзенкі” пра сучасных і гістарычных жанчын, якія змяняюць горад і свет вакол сябе. Выданне падрыхтавана Hrodna.life.
Капітальны рамонт Каложскай царквы выклікаў шмат спрэчак на этапе абмеркавання. У тым ліку былі планы выкарыстоўваць для абнаўлення драўлянай часткі будынка газасілікатныя блокі. У выніку драўляныя элементы царквы ўсё ж выканалі з дуба.
Рамонт Каложы – ювелірная праца без вау-эфекта
Каложская (Барысаглебская) царква, капітальны рамонт якой скончылі да 2019 годзе пад кіраўніцтвам Шчаснай, – намінант на ўключэнне ў спіс ЮНЕСКА. Гэта накладвае абавязацельствы пры рэстаўрацыі выконваць міжнародныя правілы. Такіх аб’ектаў цяпер у Беларусі ўсяго тры: Аўгустоўскі канал, Барысаглебская царква і Спаса-Праабражэнская царква ХІІ стагоддзя ў Полацку. Спіс пераглядаюць кожныя 10 гадоў.

“Самае галоўнае было звычайным капітальным рамонтам не сапсаваць унікальнасць аб’екта. Напрыклад, калі б мы ўжылі газасілікат, які прапаноўвалі, не было б сэнсу наогул далей нешта рабіць”.
У 2019 годзе праект капітальнага рамонту Барысаглебскай царквы заваяваў дыплом першай ступені на Нацыянальным архітэктурным фестывалі.

Чытайце таксама:
- У Барыса-Глебскую царкву вярнулася святыня — гістарычная копія Каложскай іконы Божай Маці
- Археалагічнае акно, новая элементы экскурсій і панікадзіла. Як абнаўляецца Каложская царква
- Частка падлогі ў Каложскай царквы стала шкляной
Узнагарода 2020 года ад МАСА стала для Алены трохі нечаканай. Архітэктарка патлумачыла, што рамонт Каложы быў хутчэй ювелірнай працай, якая не магла быць ацэненая занадта высока: знешнія змены не былі такімі рэзкімі, як, напрыклад, у замка. “Калі падаеш такое мінімальнае апісанне, і няма бачнага ваў-эфекту, – такія аб’екты не заўсёды могуць заваяваць нейкія ўзнагароды. На конкурс часцей падаюцца больш эфектныя аб’екты. У нас былі сціслыя тэрміны, абмежаванае фінансаванне”.
“З замкам іншая сітуацыя”
На конкурсе МАСА ў раздзеле “Пабудова” (рэалізаваныя праекты) у намінацыі “Архітэктурная спадчына” ўлічваюць кароткае апісанне аб’екта, якія работы былі праведзены, у які перыяд, фота стану да і пасля работ. Стары замак атрымаў высокую ацэнку на міжнародным конкурсе, хоць ужо шмат гадоў выклікае дыскусіі архітэктараў і гісторыкаў у Беларусі і Польшчы.

“З замкам крыху іншая сітуацыя. Знутры мы ведаем больш. Руіны, іх кансервацыя, як у Крэўскім замку, наогул успрымаюцца не заўсёды пазітыўна. Гэта такі аб’ект, які, здаецца, ёсць, і быццам яго няма. Звычайнаму наведвальніку, не археолагу, яго цяжка ўспрымаць. Недакладнасці пры аднаўленні ж ёсць на любым аб’екце. У выпадку аднаўлення журы конкурсу бачыць, што было і што стала”, – патлумачыла архітэктарка.
Чаму выбралі спрэчны Стары замак
Для замка ў конкурсе вялікім плюсам стала тое, што аб’ект будзе выкарыстоўвацца, у ім размесцяць музейную экспазіцыю. Паводле статыстыкі, большая частка музейных калекцый у свеце размяшчаецца ў запасніках, людзі ж бачаць толькі 10%.
Чытайце таксама:
- Замак, які ўжо не вернецца. 10 гродзенскіх музейных вітрынаў, якія нельга забыць
- Экскурсія (вакол) аднаго дома. Купал Старога замка
- 25 кладов и находки по цене квартиры. Что посмотреть на выставке к 100-летию музея в Гродно
“Любое павелічэнне выставачных плошчаў заўсёды плюс – і для музея, і для гараджан, і для турыстаў. Афармленне экспазіцыі было ўжо, мякка кажучы, састарэлае. Улічваючы тое, што культура – не толькі ў нас – фінансуецца па рэшткавым прынцыпе, да гэтага б дайшлі рукі няхутка. Для музея жыць у пастаянным чаканні і не атрымліваць грошай нават на бягучы рамонт, бо плануецца буйны – цяжка”.
На працы ў замку Алена глядзіць з аптымізмам. “Нельга разглядаць толькі мінусы. Рэстаўрацыйныя нюансы зразумелыя спецыялістам. Я бачу, што многае зрушылася. Напрыклад, была крытыка сграфіто – і іх мянялі. Хоць гэта няпроста, тэхналогія патрабуе збіць ўсе пласты тынкоўкі і рабіць нанова. Але калі на гэта пайшлі, пачулі – можна казаць аб падабенстве дыялогу, зменах у станоўчы бок”.

Працы на Старым замку пачаліся з 2017 года. Зараз рэканструкцыя выканана на 18%, паведамлялі на “Гродно Плюс”. Асноўны ўпор робіцца на аздабленне. Амаль скончаныя працы па кладцы падлог, тынкоўцы і правядзенні лініі ўнутранай сувязі. Да другой чаргі рэканструкцыі плануюць прыступіць з новага года.
Чытайце таксама: У Гродне прыбралі пасаду галоўнага архітэктара. Як гэта паўплывае на горад


