Гродзенец Андрэй Мялешка захапіўся маркамі яшчэ ў першым класе, калі далучыўся да філатэлістычнага гуртка. І ўжо 40 гадоў іх збірае. Ён падкрэслівае, што марка — гэта не проста кавалак паперы, а сапраўдны сімвал краіны, які ўвасабляе яе незалежнасць. «Марка — гэта не толькі знак паштовай аплаты. Гэта сімвал краіны, як герб і сцяг», — кажа Андрэй у размове з «Радыё Свабода».
За дзесяцігоддзі калекцыянер сабраў некалькі дзясяткаў тысяч марак. Большасць сваёй калекцыі ён пакінуў у Беларусі — каля 50 альбомаў. Некаторыя альбомы засталіся ў Грузіі, дзе ён жыў тры гады, а да Польшчы, дзе Андрэй цяпер знаходзіцца ў эміграцыі, даехала толькі невялікая частка калекцыі. У адзін альбом змяшчаецца ад 300 да 1000 марак.
Андрэй збірае маркі часоў Першай сусветнай вайны, нямецкіх княстваў, Аўстра-Вугоршчыны, Югаславіі і маркі, звязаныя з роварамі. Частка яго альбомаў звязана з гісторыяй і культурай Беларусі, традыцыямі, беларускай эміграцыяй, а таксама творамі беларускіх мастакоў. «З сабой я важу Беларусь», — кажа Андрэй пра гэтыя альбомы.
Колькі можна зарабіць на марках і ў чым каштоўнасць штампа
Ацаніць кошт усёй калекцыю зараз цяжка. Андрэй адзначае, што ў цяперашні час знайсці пакупнікоў на такія рэдкасці становіцца ўсё складаней, бо філатэлія — даволі вузкая сфера, многія зацятыя калекцыянеры адыходзяць, а цікавасць моладзі да гэтай тэмы падае.

Раней на марках можна было зарабляць вялікія грошы — у 1990-х пры перавозцы марак паміж Масквой, Санкт-Пецярбургам і Беларуссю ён з паплечнікамі мог зарабіць да 5000 еўра за адну паездку. Асобныя маркі РСФСР тады каштавалі па 50−100 еўра за штуку. Цяпер жа, паводле Андрэя, на марках можна зарабіць 100−200 долараў у месяц.
Андрэй адзначае, што каштоўнасць маркі значна павышаецца, калі яна выкарыстоўвалася па сваім прызначэнні — была наклееная на канверт ці паштовую картку і пагашаная паштовым штампам.
Чытайце таксама: Беларусь і Ватыкан разам выпусцяць марку да юбілею гродзенскай святыні
Колькі ў Беларусі філатэлістаў
Калі Андрэй яшчэ жыў у Беларусі, таварыства філатэлістаў налічвала каля 500 чалавек. Усяго ж актыўных аматараў марак у краіне было каля 1000.
Перад эміграцыяй Мялешка быў намеснікам старшыні Беларускага таварыства філатэлістаў. Ён атрымаў статус эксперта ў ацэнцы калекцый, быў членам міжнароднага журы філатэлістычных выстаў. Двойчы здаваў экзамены перад міжнародным журы: у Мінску і ў Польшчы. Міжнародныя арганізацыі філатэлістаў выдаюць каталогі, якія дапамагаюць ацэньваць маркі па памерах, штампах, зубцоўцы, колеры паперы.

Самыя каштоўныя і цікавыя маркі (беларускія і не толькі) паводле Андрэя Мялешкі
- Марка з партрэтам Аляксандра Лукашэнкі з 1990-х — вельмі рэдкі выпуск, кошт якога на рынку дасягае 500 еўра. Уся справа ў памылцы друку: маркі выдалі ў іншым колеры, чым трэба, і без зубцоў. Паводле закону, такія маркі трэба знішчаць. Але яны нейкім чынам патрапілі на міжнародныя аўкцыёны.
- Маркі Сярэдняй Літвы — маркі з выявай герба «Пагоня», Тадэвушам Касцюшкам і Адамам Міцкевічам, Вострай брамай з’явіліся ў 1920−1922 гады. Тады на тэрыторыі Віленскага краю існавала псеўдасамастойнае дзяржаўнае ўтварэнне — Сярэдняя Літва. Яе потым паглынула Польшча. Але там паспелі выпусціць 121 марку. Яны сталі рэдкімі і каштоўнымі артэфактамі.
- Маркі Асобнага атрада БНР — іх выпусцілі ў 1920−1921 гадах у Рызе, дзе стаяў тады Атрад БНР. З-за вялікага накладу — больш за 2 млн асобнікаў, яны зараз не вельмі дарагія — каля 5 долараў за штуку. Ёсць фальсіфікацыі марак БНР, зробленыя ва Украіне або ў той жа час, або ўжо ў 1990-я гады.
- Маркі часоў Слуцкага паўстання — іх выдалі ў 1920 годзе, на іх напісана «Ч.Р.С.» — Часовая Рада Случчыны. Адна такая марка каштуе 200−500 еўра, кажа Мялешка. У яго такія дзве. Праўда, з’яўляецца шмат падробак марак таго перыяду, якія прадаюць па 10 еўра.
- Баварская марка сярэдзіны XIX стагоддзя — адна з першых марак, выпушчаных на тэрыторыі Баварыі, у перыяд, калі многія еўрапейскія дзяржавы толькі пачыналі ствараць паштовыя сістэмы. Яе цана цяпер дасягае тысячы еўра. У калекцыі Андрэя Мялешкі ёсць такая марка.
- Беларускія маркі з выявамі крыжа Эўфрасінні Полацкай, бел-чырвона-белым сцягам, Зімовымі алімпійскімі гульнямі 1994 года і іншыя выпускі першых гадоў незалежнасці Беларусі. Каштоўнасць мае таксама марка з карцінай Марка Шагала «Над горадам», якую выдалі да 125-годдзя мастака. Раней, са слоў Мялешкі, гэты выпуск каштаваў каля 200 еўра, а цяпер яго няма ў продажы.
- Гродзенскія маркі 1919 года — цікавы выпуск з рознымі пячаткамі. Гэта пачаткова маркі Расійскай імперыі, але таго перыяду, калі ў Гродне была то расійская, то нямецкая, то польская ўлада. На іх некалькі пячатак на розных мовах. Каштуюць такія маркі каля 500 еўра кожная.

Дзе можна сёння набыць маркі. Парады Андрэя Мялешкі
- «Белпошта» — афіцыйны аператар паштовай сувязі Беларусі, які прапануе шырокі выбар марак, пачынаючы з выпускаў 1992 года. Самы танны камплект каштуе 50 рублёў, самы дарагі — 2500.
- Інтэрнэт-аукцыёны — такія платформы, як eBay, ay.by, Amazon, Allegro, дзе калекцыянеры могуць знайсці і набыць рэдкія маркі.
- Філатэлістычныя крамы і клубы — месцы, дзе можна не толькі набыць маркі, але і атрымаць кансультацыю ад экспертаў. Звычайна на такія сходы прыходзяць каля 100 чалавек. Калі Андрэй яшчэ быў у Беларусі, таварыства філатэлістаў налічвала каля 500 чалавек.
- Poczta Polska — у Польшчы таксама можна збіраць маркі, звязаныя з Беларуссю. Тут выдаюцца маркі, прысвечаныя Аўгустоўскаму каналу, Люблінскай уніі, арміі Андэрса, у складзе якой ваявалі беларусы ў Другой сусветнай. На польскай пошце можна нават за 25 долараў выпусціць аркуш з маркамі ўласнага дызайну.
