Здароўе і спорт

«Бацьку да апошняга не казалі, што мама памерла». Гродзенец распавёў, як яго сям’я сутыкнулася з COVID-19

Марыя Баканаўскас памерла ў траўні ў адной з бальніц Гродна. Ёй было 62 гады і ў яе быў COVID-19. Яе сын Андрэй упэўнены: мама заразілася ад яго. Мужчына мог кантактаваць з вірусам на працы: заражаныя былі ў яго змене. Hrodna.Life запісаў гісторыю сям'і, якая сутыкнулася з каранавірусам.

Андрэй распавёў Hrodna.life, што першыя сімптомы, падобныя да праяваў каранавіруса, з’явіліся ў яго 24 красавіка. Яму стала блага, паднялася тэмпература, але ён пайшоў на працу. А потым звярнуўся да ўрача.

«У паліклініцы я распавёў пра сімптомы, — кажа Андрэй. — Казаў, што можа быць каранавірус, бо на працы ўжо хварэлі людзі [ён працуе ў адным з цэхаў „Гродна Азот“ — рэд.] і можа варта пакласці мяне ў бальніцу. Дома бацькі, я хваляваўся за іх».

У паліклініцы Андрэя супакоілі, сказалі - нічога страшнага. Адправілі на бальнічны, а ў даведцы напісалі - вострае рэспіраторнае захворванне. На бальнічным ён быў дома, прымаў лекі. Тэмпература то спадала, то падымалася.

«Так працягвалася некалькі дзён. Я зноў пайшоў у паліклініку і там даведаўся, што ў нас у цэху некалькі чалавек захварэла, а адзін са змены быў са станоўчым тэстам на COVID-19. Я прасіў, каб і мяне праверылі, бо я кантактаваў з гэтым чалавекам. Але мяне зноў супакойвалі. Казалі, нічога страшнага».

Андрэй са сваімі бацькамі. 1 студзеня 2020 г.

Бацькоў забралі ў бальніцу

Праз шэсць дзён пасля першых сімптомаў Андрэю стала лягчэй, але праблемы пачаліся ў яго бацькоў. Спачатку стала дрэнна бацьку — пачаўся кашаль. Яму выклікалі хуткую, але не шпіталізавалі.

«Медыкам я адразу сказаў, што гэта можа быць каранавірус. Яны сказалі, што тэсты не робяць. У выніку бацьку выпісалі лекі. Праз некалькі дзён выклікалі лекара маме. Прыйшла жанчына і нават не праслухала яе лёгкія. Сказала, што ўсё нармальна. Калі б мне мама адразу сказала, што з ёй так абышліся, то я б проста не выпусціў гэтага лекара з дому».

Маме Андрэя, як і бацьку, выпісалі лекі. Яны не дапамагалі. Станавілася горш, але хуткую выклікаць для сябе яна не вырашалася, думала ўсё пройдзе.

«3 траўня мы выклікалі хуткую для мамы, я яе ўсё-ткі ўгаварыў. Сказаў, што трэба ехаць у бальніцу. Яе шпіталізавалі, а праз два дні патэлефанавалі і сказалі, што ў яе станоўчы тэст на COVID-19.
Толькі тады да нас прыехалі дадому і ўзялі тэсты ў мяне і ў бацькі. Сказалі быць 14 дзён дома на каранціне».

Андрэй пачаў тэлефанаваць у хуткую і настойваць, каб бацьку таксама шпіталізавалі.

«Бацьку забралі дзякуючы накіраванню ад лекара, які браў тэсты ў нашай сям'і. Бацьку паклалі ў іншую бальніцу. Першыя дні з мамай усё было добра. Мы з сястрой тэлефанавалі і цікавіліся, як яна. Але 7 траўня нам паведамілі, што маме стала цяжка дыхаць і яе перавялі ў рэанімацыю — падключылі да ШВЛ [апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх] «.

Андрэй кажа, што мама не любіла фатаграфавацца, таму ў яго цяпер няма яе фатаграфій

У бальніцы аддалі не ўсе рэчы

Раніцай 14 траўня Андрэю патэлефанавалі з лякарні і сказалі, што яго мама памерла. На наступны дзень перадалі цела. Хавалі жанчыну ў закрытай труне.

«Цела паклалі ў пакет і нават паглядзець яе было нельга. Для нашай сям'і ўсведамляць гэта было вельмі цяжка, асабліва для бабулі і яе сястры. Самае непрыемнае, што ў пасведчанні аб смерці напісалі „спыненне сэрца“. Чаму тады ў закрытай труне хавалі? А вось у даведцы з морга — лёгачная недастатковасць — COVID-19».

Андрэй кажа, што яго мама практычна не хварэла і да гэтага добра сябе адчувала.

«Калі мы прыехалі ў бальніцу, каб забраць рэчы, нам нічога не хацелі аддаваць. Выдалі толькі куртку і абутак — тое што было ў гардэробе. А яна ж у бальніцу з сабой брала цэлую сумку, тэлефон, пашпарт і ключы ад дома. Маліць даводзілася лекараў, каб паглядзелі, дзе мамчыны рэчы. Сорак хвілін мы чакалі, а потым муж маёй сястры з-
за ўсяго гэтага бязладдзя пайшоў да адміністрацыі. Нам усё ж такі вярнулі пашпарт і тэлефон, а дзе астатнія рэчы ніхто не ведае».

Бацька Андрэя таксама трапіў у рэанімацыю, але здолеў перамагчы вірус. Ён вярнуўся дадому ў канцы траўня.

«Бацька ўвесь час сам дыхаў, яму перыядычна кіслародную маску апраналі. Мы яму да апошняга не казалі, што мама памерла. Толькі калі яго выпісалі, мы сказалі праўду. Праз два тыдні. Ён дагэтуль вельмі перажывае».

«Вось будзе ў нас якая-небудзь знакавая падзея, тады сфатаграфуемся», — казала мама Андрэю. Яна чакала яго вяселля і нараджэння ўнукаў.

«Не варта думаць, што вірус недзе далёка»

Андрэй успамінае, што калі ў Гродне толькі з’явіліся першыя людзі з пацверджаным COVID-19, ён адразу стаў хвалявацца за бацькоў. Стараўся хадзіць толькі на працу і ў краму, а грамадскім транспартам не карыстацца.

«Я думаю, на прадпрыемстве маглі зрабіць каранцін. „Гродна Азот“ не вырабляе нешта такое, без чаго людзі не змаглі б жыць. Магчыма, я і падхапіў вірус там і перадаў яго бацькам. Але станоўчы тэст быў толькі ў мамы. Нават цяпер я лічу, што людзям трэба менш выходзіць на вуліцу, а ў крамах і транспарце быць у масцы і пальчатках. Не варта думаць, што гэты вірус недзе далёка, ён побач. Яшчэ піка няма. І паколькі ў нас няма ніякіх мер, невядома калі ўсё гэта пройдзе».

Чытайце таксама: «Гродна Азот» пераходзіць на «чатырохдзёнку» з-за пандэміі

Паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане на 11 лютага ў Беларусі пацверджана 263 551 выпадак каранавіруса (1692 за апошнія суткі), ачунялі і выпісаны 252 068 (1990 за апошнія суткі) пацыентаў, памёрлі 1820 чалавек (9 за апошнія суткі).

Хроніка каранавіруса ў Гродне

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024