Гродзенцаў з парога сустракалі пірагом з тварогам і мятнай гарбатай. Усмешлівыя дзяўчаты-блізняты з дрэдамі настройваліся і распяваліся. Дзеці бегалі, чапляючыся за правады і чапаючы музычныя інструменты. Ніхто ім не перашкаджаў – а раптам такім чынам развіваецца талент?
Аж тры канцэрты даў гурт “СолнцеОстров” у Гродне. Музыкі дарылі цяпло 12, 13 і 14 лістапада. Hrodna.life завітаў на канцэрт у “ДОМ46”. Уваход на ўсе выступы быў вольны: музыкі прасілі толькі дабраахвотныя ўнёскі на дарогу.

Гродзенец Жэня распачаў выступ мантрамі, каб слухачы расслабіліся і настроіліся на музыку. Хутка да яго далучыліся іншыя музыкі: гітарыст, скрыпачка, флейтыст. Праз нейкі час грала амаль уся зала: хто на бубне, хто на каленях.

– Мы хочам сцерці мяжу паміж гледчамі і выступоўцамі, – казалі музыкі.
Пазней у памяшканні выключылі святло, стварыўшы прыемны напаўзмрок. А па сценах з праектара забегалі дзівосныя ўзоры і пальмы. Слухачы павольна раскачваліся ў такт музыцы.


Пасля мантраў гурт “СолнцеОстров” сыграў песні пра каханне, сонца ўнутры і “цуда-чалавека”. Паміж песнямі мінчане расказвалі гісторыі з асабістага жыцця: пра падарожжа ў Еўропу з чатырма еўра і гітарай, пра тое, як песняй заспакоіць дзіця, якому два дні ад нараджэння.


Пасля перапынку на гарбату, пірог і размовы музыканты распачалі джэм. Слухачы селі ў круг, што задало асаблівы настрой. А хтосьці пачаў танцаваць.
Мінчане з “СолнцеОстров” кажуць, што ў іх не бывае аднолькавай музыкі. Настрой задае аўдыторыя, для якой яны граюць.
















