20 ліпеня ў 14.00 Андрэю Кохану прыйшоў ліст са спазненнем: ён павінен быў у гэты ж дзень у 09.00 з’явіцца ў РАУС.
Андрэю 22 гады, ён інжынер гандлёвага і халадзільнага абсталявання. Нарадзіўся ў Смаргоні, цяпер працуе ў невялікай прыватнай фірме ў Мінску. 14 ліпеня ён выйшаў на акцыю пратэсту, каб адстаяць сваю пазіцыю. Яго затрымаў АМАП. Карэспандэнт Hrodna.life даведаўся ў Андрэя падрабязнасці затрымання.
«Я пайшоў туды, таму што гэта ўсё, што я магу зрабіць на дадзены момант, — кажа Андрэй. — Я пайшоў туды, каб адстаяць свой выбар». Ён лічыць, што цяпер кандыдаты ў прэзідэнты ўсе роўныя, а дзеючы прэзідэнт выключае моцных гульцоў, якія могуць перашкодзіць яму падоўжыць тэрмін.
Калона людзей праходзіла па праспекце Незалежнасці ад Плошчы Перамогі да Плошчы Якуба Коласа. Там людзі развярнуліся на пешаходным пераходзе і вярнуліся назад. Адразу за мостам над Свіслаччу пачаліся затрыманні. Паводле падлікаў Hrodna.life там было прыкладна 1000 чалавек.
«Я ішоў у сярэдзіне калоны спакойна і мірна. Раптам тыя, хто ішлі спачатку, пачалі бегчы назад з крыкамі: „АМАП!“. Калона пабегла назад і многія людзі крычалі: „Дык навошта мы тут сабраліся? Навошта мы бяжым?“ І тады мы пайшлі далей наперад».
Пасля гэтага аўтобус з АМАПам пад’ехаў бліжэй. Людзі сталі групавацца ў ланцужок, у кожным шэрагу было ад 7 да 10 чалавек. Першы шэраг чапляўся адзін за аднаго, другі браўся за першы, трэці за другі. «Я не бачыў, колькі за мной было людзей, я быў у першым шэрагу».
Аўтобус спыніўся прама насупраць людзей у ланцужку. У ім, па словах Андрэя Кохана, сядзелі людзі ў форме і ў цывільным у чорных масках.
«У адзін момант мы проста калонай павярнуліся да аўтобуса, глядзелі ў вочы гэтых людзей і пачалі крычаць: «Ганьба!».
Пасля гэтага прагучала каманда, з аўтобуса выйшаў АМАП і стаў хапаць усіх. Злева і справа ад Андрэя былі людзі, за якіх ён трымаўся, рукі ён заціснуў у замок.
«Мяне бралі трое ў форме АМАП, раздымалі мае рукі, вымалі з рук тых, хто стаяў справа і злева ад мяне. Я спрабаваў неяк сесці на зямлю, але яны максімальна моцныя хлопцы, у целе, натрэніраваныя, падрыхтаваныя. Магу сказаць, што яны зрабілі гэта вельмі прафесійна. Так можна браць абсалютна любых бандытаў, але мы не бандыты».
Па словах Андрэя, яму заламалі рукі за спіну і тварам уніз павялі ў аўтобус. Туды заводзілі хлопцаў, дзяўчат ды старэйшых людзей.
«Мяне не білі, але я бачыў, як білі іншых. У аўтобус зацягнулі чалавека, у якога кроў цякла з вушэй, і яны працягвалі яго біць, калі ён быў у аўтобусе».
Чытайце таксама: «Чацвёра з АМАП шпіталізаваныя, распачата крымінальная справа». Што міліцыя кажа пра акцыі 14 ліпеня
«Калі аўтобус запоўніўся, нас сталі пераводзіць у агульны аўтазак, які стаяў перад аўтобусам. Ён быў напоўнены бітком людзьмі. Месцаў не хапала, прыйшлося садзіцца на брудную падлогу. Мы паехалі невядома куды. Вокны былі зачыненыя, не было нічога відаць, спякота жудасная. Адкрылі люк — было відаць толькі неба».
Хлопцы ў аўтазаку спрабавалі гаварыць з АМАПам, даведваліся прычыну затрымання, казалі, што яны адзін народ. Адказаў на свае пытанні яны не атрымалі. Пазней усіх па адным сталі пераводзіць з агульнага аўтазака ў іншы — з камерамі ўнутры.
«У аўтобусе і аўтазаку нам забаранялі карыстацца мабільнымі тэлефонамі. Калі нас пераводзілі з аднаго аўтазака ў іншы, пачуўся званок ад маёй дзяўчыны. Я пад шумок падняў трубку і хутка сказаў: „Малыш, мяне затрымалі“. Камеры ўнутры хутчэй былі падобныя да металічных шафак для рэчаў. Там месца для аднаго чалавека і сядзенне. Да мяне запіхнулі яшчэ аднаго хлопца. Было жудасна горача, але дзякуй, што хоць уключылі вентылятар».
Затрыманых прывезлі ў двор РАУС, паставілі тварам да сцяны: рукі на сцяну вышэй за галаву тыльным бокам да сцяны, ногі шырэй плечаў. Аўтазак развярнуўся і з’ехаў за новай партыяй. На пытанні, як доўга яны будуць тут стаяць, супрацоўнікі міліцыі нічога не адказалі.
«Мяне прывезлі туды ў раёне 9-й вечара, усе рэчы праверылі, кепку, ключы, тэлефон, ланцужок склалі ў асобны пакуначак. На кожнага чалавека было па такім пакеце. Злева ад мяне стаяў малады чалавек 98 года нараджэння, справа 88-га, а далей 79-га. Астатнім людзям візуальна было да 27−30 гадоў. Былі двое непаўналетніх, якіх адпусьцілі праз дзве гадзіны». Ужо цямнела, людзі так і працягвалі стаяць, не разумеючы нават у якім раёне яны знаходзяцца.
«Калі стала абсалютна цёмна, прыехала яшчэ адна машына з 30 затрыманымі. Сумарна мы пачулі, што прывезлі 71 чалавека толькі ў адзін РАУС».
«Мы з хлопцамі максімальна з’ядналіся. Хто-небудзь з хлопцаў казаў: о, у мяне ёсць шакаладка. Мы прапаноўвалі яе супрацоўнікам міліцыі, але яны адмовіліся, падзялілі яе паміж сабой. У кагосьці была вада, мы ўсім перадавалі і пілі па глытку. Мы з’ядналіся як народ, нягледзячы на тое, што мы ў зняволенні».
Прыкладна праз тры гадзіны ўсіх па адным запрашалі ўнутр. Там зрабілі фота, запісалі прозвішча, імя, дату нараджэння, месца працы і месца жыхарства, узялі адбіткі пальцаў. Пасля чаго зноў выводзілі на вуліцу. Затым прыехалі маладыя хлопцы ў шлемах з дубінкамі. Андрэй мяркуе, што яны былі з якога-небудзь сувораўскага вучылішча, таму што па росце, целаскладзе і голасе было відаць, што ім нават няма 18 гадоў. Амаль за кожным паставілі такога чалавека, каб сачыць. Па словах Андрэя, стаяць было цяжка, сілу хлопцам давалі гукі сігналаў машын і воплескаў людзей з далёкіх вуліц.
Прыкладна у 2:30 ночы кожнага з рэчамі выклікалі па прозвішчы і прасілі падпісаць пратакол. На рукі нічога не далі. Была стопка пратаколаў затрымання, злучаных сашчэпкай. Толькі пасля таго, як Андрэю прыйшоў ліст, ён даведаўся, што яго выклікаюць у Аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі правапарушэнняў па артыкуле 23.34 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў».
«Ніхто з іх не прадставіўся, не сказаў прычыну затрымання, ніякіх дадзеных не было вядома. Мы былі нават не ў турме, і нават не ў абяз’янніку, мы стаялі проста на вуліцы. Не ўсіх адпусцілі адразу. Назвалі прозвішчы 7 чалавек, якія засталіся і працягвалі стаяць. Я быў першы раз, магчыма, таму мяне адпусцілі».
«Калі я выйшаў, было 3 ночы. Толькі тады я зразумеў, што знаходжуся не так далёка ад дома. З 9-й вечара да 3 ночы я стаяў тварам да сцяны з высока паднятымі рукамі, шырока расстаўленымі нагамі невядома чаму. Раніцай я пайшоў на працу, стан у мяне быў жудасны. Расказаў усё начальству, мяне зразумелі.
Мае сябры мяне падтрымліваюць, хтосьці кажа, што я герой. Магчыма, трохі з перабольшаннем. Мама і блізкія хвалююцца і перажываюць за мяне. Але ж мне тут гадаваць калісьці сваіх дзяцей, мне тут будаваць кар’еру. У такой Беларусі я не хачу будаваць кар’еру, не хачу заводзіць сям’ю і нараджаць дзяцей у такой Беларусі".
Чытайце таксама:
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…