Чытачка Hrodna.life Каця Маскалёва, якая жыве ў Брэмене, дапамагла даведацца больш пра загадкавыя надпісы на камені, які знайшлі на беразе Нёмана. Дзякуючы нямецкім базам дадзеных па загінуўшых у Першую сусветную удалося высветліць, што знаходка — гэта надмагілле малодшага афіцэра Макса Шаўля, які, хутчэй за ўсё, загінуў у баях пад Гродна ў 1915 годзе.
Нагадаем, камень з надпісамі гатычным шрыфтам знайшлі рыбакі ў канцы студзеня на беразе Нёмана, недалёка ад вуліцы Прыгараднай. Па расказах мясцовых жыхароў, могілак там ніколі не было, надмагілле маглі прывезці будаўнікі разам з грунтам. Цяпер там актыўна пракладаюць камунікацыі.
«Пошук па спісах параненых і загінулых у Першай сусветнай вайне даў больш-менш дакладнае ўяўленне пра гэтага чалавека, —
распавядае Каця. — Паколькі гэтыя спісы складаліся ў час вайны, дадзеныя аб стратах не заўсёды ўносіліся цалкам. Часам у спешцы не падавалася званне загінулага або параненага, а месца смерці амаль ніколі не пазначалі.
Я звярнулася да аднаго са стваральнікаў праекта genealogy.net, у рамках якога гэтыя лісты апрацоўваюцца валанцёрамі і з папяровага варыянту становяцца даступнымі ў інтэрнэце ў электронным выглядзе. Спадар доктар Цэдлітц дапамог расшыфраваць перадапошні радок. Там пазначана: L.I.R. 84 M.G.K. Па-нямецку: Landwehr-Infanterie-Regiment 84 Maschinengewehr Kompanie. З гэтага вынікае,
што загінулы Шаўль быў у вайсковай пяхоце 84-га рэгімента, а менавіта ў падраздзяленні кулямётчыкаў.
«Але трэба разумець, што дадзеныя ў гэтыя спісы ўносіліся часам тыднямі, а то і месяцамі пазней, — дадае дзяўчына. — Значыць, трэба было глядзець у дадзеныя за 1916-ы год. І сапраўды, у пачатку 1916-га года (04.01.1916) з 84-га рэгіментa ў спісы страт быў унесены малодшы афіцэр Макс Шаўль з кулямётнага падраздзялення (Utffz. Max Schaul). Да гэтага ён быў моцна паранены (унесены 27.09.1915). Паказана і месца нараджэння: горад Czarnikau (цяпер Czarnków, Польшча), які на той момант уваходзіў у склад Прусіі. Месца смерці, на жаль, як і ў большасці выпадкаў, не пазначана».
Таямніца магілы афіцэра Шаўля: што за камень знайшлі на беразе Нёмана?
