Людзі і справы

Старыя стаміліся, а маладыя не заўважылі. Чаму «самы еўрапейскі горад Беларусі» пашкадаваў экскурсіі для фэста?

Гродна, так склалася, захаваў значную гістарычную частку і мае больш цікавостак для турыстаў, чым ці не ўсе іншыя беларускія гарады. Аднак падчас сёлетняга Фэсту экскурсаводаў гродзенцы правядуць толькі пяць экскурсій, у той час як Ліда — дзевяць, а Мінск — каля 80. Чаму Гродна апынуўся ў хвасце?

Фота з «Фэсту экскурсаводаў» ў 2016 годзе. Праводзiць экскурсiю Андрэй Чарнякевiч

1. Рухавік заглох

У Гродне маюць дазвол праводзіць экскурсіі каля 70 чалавек. Аднак у фестывалі заўжды прымала ўдзел абмежаванае кола адмыслоўцаў. Максімум папярэдніх гадоў — 12 экскурсій. Але ў межах Фэсту гэта не мала.

— Гродна амаль не адставаў ад Мінска, заўжды быў на другім месцы пасля яго па колькасці экскурсій, — адзначае гісторык Таццяна Касатая.

У гэтым была вялікая заслуга арганізатараў Таццяны Казак і Таццяны Касатай, упэўнены гісторык і экскурсавод Андрэй Вашкевіч.

— Таня Касатая ўсе гэтыя гады была каардынатарам і рухавіком. Яна дамаўлялася з бацюшкамі, ксяндзамі, пастарамі. У адзін год магло быць ажно шэсць экскурсій па храмах, — кажа Андрэй Вашкевіч.

Сёлета, можна сказаць, такога рухавіка не было. Напрыклад, папярэдні арганізатар Таццяна Касатая гадуе немаўля. Яна падрыхтавала новую ўласную экскурсію, але не займалася арганізацыяй. Гродзенцы прызвычаіліся бачыць арганізатара гістарычных мерапрыемстваў у асобе Андрэя Вашкевіча.

— Рухавік — гэта чалавек, які ўсіх абыйдзе, угаворыць. Але я не магу быць рухавіком усяго. Сёлета стала зразумела, што калі мы не будзем гэтага рабіць, то і ніхто не будзе гэтага рабіць, — адказвае Андрэй, які займаецца іншымі праектамі ў горадзе.

Ён хацеў бы перадаць справу моладзі.

— Калі няма новага пакалення, мы робім гэтую справу, толькі пакуль жывем. Далей яна памрэ. Калі гэта разумееш, то ўзнікае пытанне: ці ёсць сэнс рабіць тое, што цябе не перажыве.

Вашкевіч лічыць, што заняцца арганізацыяй маглі б не толькі гісторыкі або экскурсаводы. Гэта мог бы быць любы гарадскі актывіст, турыстычныя фірмы, універсітэт або дзяржаўныя органы.

— Можна было б зрабіць Фэст экскурсаводаў яшчэ адной брэндавай падзеяй горада, падрыхтаваць дзясяткі экскурсій і зрабіць гэта крута. Справа ў бясплатнай грамадскай працы. Мала хто хоча прысвяціць свой час на такія рэчы задарма.

2. Проста стаміліся

Таццяна Касатая мяркуе, што экскурсаводы проста стаміліся.

— У іншыя гады ў рэгіёнах было па адной-паўтары экскурсіі, а ў Гродне нашмат болей. Можа быць, экскурсаводы ўжо стаміліся ад гэтай акцыі: маральна і фізічна.

Бясплатная экскурсія ад адной з гродзенскіх турфірм. На такія экскурсіі гродзенцы прыходзяць масава
Фэст прадугледжвае, што экскурсаводы павядуць новымі незвычайнымі маршрутамі. Каб такі падрыхтаваць, патрэбны месяц або некалькі.

— Хочацца падрыхтаваць новыя тэмы, маршруты, бо старыя надакучылі. У Гродне каля 70 экскурсаводаў, але яны прызвычаіліся вадзіць па стандартных маршрутах. Магчыма, яны не гатовыя рабіць нешта новае, бо гэта вымагае высілкаў, часу, творчасці.

3. Не пасуюць для фэста

Гісторык і экскурсавод Ян Лялевіч мяркуе, што людзі могуць быць занятыя сваёй звычайнай працай у дні фэсту і вадзіць свае экскурсіі за грошы.

Сам сябе ён не бачыць у межах фэсту з-за высокай планкі.

— Не ведаю, што я такога ўнікальнага магу сказаць на фэсце ў параўнанні з такімі творцамі, як Андрэй Чарнякевіч, Андрэй Вашкевіч, Таня Касатая. Фэст мусіць быць святам, «ваў!», паказаць лепшае, што на сёння могуць прапанаваць экскурсаводы.

Па словах Яна Лялевіча, аплата працы на фэсце не вырашыць пытання, бо фэст па вызначэнні мусіць ладзіцца не за грошы.

4. Няўжо не было каардынатара?

Малады гродзенскі гісторык Алесь Перагудаў, вядомы сваімі шматлікімі праектамі, патэнцыйна мог бы стаць рухавіком фэста. Але ён шчыра здзівіўся, пачуўшы, што сталыя арганізатары крыху адыйшлі ад справаў, і фэсту ў Гродне не хапала каардынатара.

— Я быў упэўнены, што такі чалавек ёсць. Бачыў абвесткі. Думаў, што каардынатар па рэгіёне працуе. Я не бачу сябе на гэтым месцы, бо цяпер працую над праектам з гравюрай, пра іншыя не думаў. Я думаю, мэта галоўнага каардынатара набраць сабе каманду. Сказаць іншым, калі чагосці не хапае. Калі б мне прапанавалі ўдзел, то я разгледзеў бы такі варыянт.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гайд па bubble tea ў Гродне: вывучылі цэны, смакі і водгукі

Зараз у Гродне працуюць тры ўстановы, якія спецыялізуюцца на bubble tea. Пакаштаваць азіяцкі чай можна…

14 мая 2025

Парады Караеву: топ-5 месцаў Гродна і вобласці, якія можна ўзяць штурмам

У Слоніме і Лідзе плануюць паўтарыць гродзенскі "штурм Рэйхстага". На думку старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрыя…

13 мая 2025

«Раней падумалі б: пацыенту мроіцца, што яго праследуе псіхіятр». Як беларускія ўрачы працуюць у Польшчы і нават сустракаюць былых падапечных

Штораніцы поўныя цягнікі вязуць жыхароў Прушкава, што пад Варшавай, на працу ў сталіцу. Але ёсць…

10 мая 2025

«Скажуць раздаваць сцяжкі — раздам». Задалі адны і тыя ж пытанні выпускніцам ВНУ з Беларусі і Польшчы

Навучальны год набліжаецца да канца, і хутка выпускнікі будуць абараняць дыпломы і здаваць апошнія экзамены.…

6 мая 2025

Дапамога адрозніваецца ў 33 разы. Параўналі, як Польшча і Беларусь змагаюцца з беспрацоўем

У Польшчы беспрацоўныя атрымліваюць штомесячную дапамогу каля 1500 злотых (або прыкладна 400 долараў) на рукі.…

5 мая 2025

ВНУ Гродна змагаюцца з «моладзевым экстрэмізмам» па прыкладзе Расіі: шукаюць скінхэдаў, металістаў і спартсменаў

Як стаць маладым экстрэмістам? Быць "залатой моладдзю", слухаць хардкор і насіць клятчастую понамку. Так лічаць…

30 красавіка 2025