Будаўніцтва АЭС практычна скончана. Гэтая будоўля змяніла многае ў суседнім горадзе — Астраўцы, зноўку ўдыхнуўшы жыццё ў раённы цэнтр. А што рабіць з маленькімі вёскамі па суседстве? Журналіст Realt.by вырашыла ад іх жыхароў даведацца, што змянілася ў жыцці вёсак са з’яўленнем гэтак магутнага «суседа». Усе падрабязнасці - у каларытных інтэрв'ю.
Прама каля дарогі ў кірунку да АЭС віднеецца невялікая вёска. Нізкія домікі быццам зліваюцца з мясцовым пейзажам і амаль не бачныя на фоне восеньскіх дрэў. Тут побач размешчаны адразу два населеныя пункты. Вёска Авены плаўна перацякае ў вёску Шульнікі. Ствараецца ўражанне, быццам самі жыхары ўжо дакладна і не памятаюць, якія менавіта хаты да якой вёскі адносяцца, таму часта ў размове называюць усю тэрыторыю адным словам — Шульнікі.
Абодва населеныя пункты размешчаны сапраўды ля падножжа атамнай электрастанцыі. З вокнаў дамоў добра праглядаецца АЭС і дарога да яе. Дамы, як і ва ўсіх маленькіх беларускіх вёсках, дзесьці выглядаюць дагледжанымі, дзесьці - зусім закінутымі. Закінутых тут больш. Адзінае, што адразу кідаецца ў вочы, — новы «апавяшчальнік» на ўездзе ў вёску. Мабыць, гэта нават трохі палохае.
— Як Вам тут жывецца? — пытаюся ў аднаго з мясцовых жыхароў.
— Наогул добра жывем, — аптымістычна абнадзейвае Вячаслаў. — Тут побач у Шульніках адны пенсіянеры засталіся, вось і мы з жонкай па суседству з імі жывем.
Вёска ў нас добрая. Вось толькі год вады не было ніякай. У вёсцы ўсяго адзін калодзеж, і калі прыехаў сельсавет і пачысцілі калодзеж, то сказалі, што зрабілі ваду. Але вады ўсё роўна не было. Потым жонка напісала ліст у газету, і ваду зрабілі насамрэч. А то вазілі ваду на тачцы з суседняй вёскі.
— З будаўніцтвам АЭС нешта змянілася ў лепшы бок?
— Вядома, змянілася. Вось траву абкасілі па крузе. І тут траву абкасілі і зямлю прааралі, — абводзіць рукой вёску Вячаслаў. — Мы з жонкай працуем на ферме: я жывёлаводам, а яна даяркай. Працуем з 6-й раніцы да 6 вечара. Жонка праз дзень, а я «два праз два». Гаспадарка на ферме вялікая, 700−800 «галоў». А ў мяне дома з гаспадаркі кот, сабака і мышы. Свіней нам трымаць нельга, таму што мы размешчаны ў радыусе 5 кіламетраў ад свінафермы. Прыязджаюць, адрыны глядзяць — правяраюць. Атрымліваецца, жывем як у горадзе.
— Ці не баіцеся суседства з АЭС?
— А чаго баяцца? Я на атамным крэйсеры служыў у свой час, і нічога — жывы, 50 гадоў ужо. І дачка ёсць, — тлумачыць Вячаслаў. — Людзі ж на гэтай станцыі працуюць. У Францыі колькі атамных? Пяць? І жывуць жа людзі.
— Колькі дамоў у вёсцы?
— Усяго, напэўна, 15 дамоў. А жылых — на пальцах можна палічыць. Улетку тут жывуць, напэўна, 7 дамоў, а на зіму некаторых забіраюць, — растлумачыў Вячаслаў. — Гэта маміна хата, я тут і нарадзіўся. Мы тут жывем з жонкай адны з 2013 года, а да гэтага 9 гадоў мама хварэла — мы яе глядзелі. Да таго, як прыехалі сюды, жылі ў Міхалішках (вёска непадалёк — заўв.аўт.). Там кватэра ў нас была, мы яе дачцэ аддалі. А самі тут засталіся, жывем выдатна.
— Праўда, выдатна?
— Праўда, — усміхаецца Вячаслаў. — Працуем. Аўталаўка прыязджае праз дзень: у панядзелак і пятніцу дзяржаўная, а ў сераду прыватная. Прывозяць усе прадукты, што і ў краме.
— А як жылося ў вёсцы раней?
— Раней большая была, людзей было больш. Ну вось, напрыклад, сёстры мае стрыечныя — хто куды з’ехаў. Нехта ў Гродна паехаў, хто-то ў Літву. Раней людзі часта ў Літву на працу з’язджалі, там і плацілі лепш. Яны там кватэры паатрымлівалі. А сюды прыязджаюць раз у год — на могілкі.
— Часта Вы выязджаеце ў Астравец або ў Міхалішкі?
— Толькі калі купіць нешта. Ну, і жонка ў Міхалішкі часта ездзіць да дачкі.
Вячаслаў на развітанне выходзіць з дому і махае рукой у бок дарогі - там ёсць яшчэ некалькі жылых дамоў. І праўда: нам ўдаецца заспець дома яшчэ аднаго мясцовага жыхара — Івана. Замест званка на дзвярах — гаўклівы сабака, які адразу ж вызначае чужынцаў. Гаспадар дома Іван выходзіць насустрач — усё-ткі новыя людзі з’яўляюцца тут нячаста. Да няпрошаных гасцей вяскоўцы ставяцца насцярожана, і далёка не ўсе пускаюць у хату. З Іванам мы размаўляем у невялікім калідорчыку.
— Як Вам жывецца па суседству з АЭС?
— А што мне АЭС? Яны што хочуць, тое і робяць. А што я?
— Вы адзін жывяце?
— Не, з жонкай. Яна на атамнай станцыі прыбіральшчыцай працуе, — распавёў Іван. — Нарадзіўся тут і жыву, во ўжо 55 гадоў будзе. Раней была вёска вялікая, але моладзь цяпер тут не застаецца. Заробкаў няма — дык хто пойдзе? Вось у мяне два сыны, так яны на фурах працуюць. Аднаго ў калгас запрашалі, так ён кажа: «Што я за тыя капейкі пайду?».
— А дзе яны жывуць?
— У Альхоўцы, гэта вёска за Міхалішкамі. У аднаго свой дом, а другі здымае кватэру.
— Кім вы працуеце?
— Даглядаю быкоў тут недалёка на ферме. У мяне ў самога ёсць куры, конь. Нам жа свіней забаранілі трымаць. Я, шчыра кажучы, трымаў падпольна. Але мяне здалі. Прыехалі з Астраўца восем чалавек: участковы, з санстанцыі нехта. Сказалі, каб я на працягу трох дзён прыбраў. Так як раз сыны ў хаце былі, і мы закалолі.
Далей ідзем па вёсцы. Натыкаемся на дагледжаны дом, дзе зноў брэша сабака. Тут гэта дакладная прыкмета таго, што можна будзе знайсці суразмоўцу.
Насустрач з цяжкасцю выходзіць мясцовы старажыл — бабуля Марыя. Нягледзячы на тое, што Марыя ідзе маленькімі крокамі, цяжка абапіраючыся на кій, яе зацікаўлены жывы погляд выдае неардынарны характар.
Марыя пускае няпрошаных гасцей у дом, ветліва расхінаючы дзверы. У маленькім калідорчыку арганізавана кухня: стаіць стол і газавая пліта на дзве фаеркі. Тут жа стаяць і невялікія запасы прадуктаў. Марыя праводзіць нас далей — у асноўны пакой. У доме халаднавата, відаць, што печку тапілі толькі напярэдадні.
— Як Вам тут жывецца?
— Добра жыву. Але я за апошні год мала тут жыла, — распавяла Марыя. - Раней у рэанімацыі ляжала, а тады дачка забрала ў Мінск. І вось толькі потым я сюды зноў прыехала.
— Як Вы адна зараз спраўляецеся?
— Па-маленьку, мне 77 гадоу ужо. Вось тут у мяне газ ёсць, дровы ёсць — печку палю. На зіму зноў да дзяцей паеду, — патлумачыла Марыя. — А так печку палю, па-маленьку дровы нашу. Вось вады раней не было — вось бяда была. Так ваду з Астраўца мне прывозілі.
Я жыву толькі ў першым пакоi, другі закрыты стаіць. Мне адной ён не патрэбен — муж 25 гадоу як памёр.
— Вы даўно тут жывяце?
- Ой, можа 55 гадоу ужо. Раней вёска вялікая была, не такая, — успомніла Марыя. — Калі бульбу капалі, так калгас 40 чалавек дасылаў. Лён рукамі рвалі і жыта жалі сярпамі. Людзей колькі было. А цяпер усё памерлі. Толькі на лета прыязджае хтосьці, ды і ўсё.
Я раней працавала ў калгасе. А калі была дзеўкай, то працавала свінаркай — 7 гадоу. А потым выйшла замуж, і нарадзілася першая дзяўчынка. А потым двайняты — яшчэ дзве дзяўчынкі. Так у мяне тры дачкі, багатая. А тады пайшла працаваць паштальёнам па ўсіх вёсках. Улетку дабра было — на ровары, а зімой сумку на плечы і пайшла. Потым зноў пайшла свінаркай працаваць. Ну, і ўсё. Потым я пенсію атрымала, і тут сяджу.
- Да мяне дачка прыязджае з Астраўца, так яна кажа, што такая дарога добрая — вось ужо цуд, — распавяла Марыя.
У доме сапраўды холадна і зябка. На развітанне прапаную Марыі дапамагчы з дровамі, прынесці хоць бы трохі, каб прапаліць дом.
— Ай, што Вы, — дзівіцца Марыя. — У мяне ёсць, вунь ля печы ляжаць. А потым я сама прынясу яшчэ. Я па-маленечку нашу, так і жыву.
З’яжджаем з вёскі з незразумелым адчуваннем. Накшталт жылыя дамы і двары выглядаюць дагледжанымі, дзе-нідзе брэшуць сабакі і на полі непадалёк нават пасвіцца конь. Але не даюць спакою дамы з забітымі вокнамі і стрэхамі, што пакрывіліся. Яны трохі палохаюць на фоне сучаснага будаўніцтва атамнай электрастанцыі.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…