Магчымасць карыстацца пераважна левай рукой пайшла яму ў жыцці толькі на карысць. Нестандартнае мысленне і часам непрадказальныя рэакцыі дазваляюць паспяхова спраўляцца нават з надзвычайнымі абставінамі. У міжнародны дзень леварукіх, 13 жніўня, мы пагутарылі з начальнікам караула першай пажарнай часткі, старшым лейтэнантам Аляксеем Канановічам.
Мама дапамагла
Малым Аляксей не ўсведамляў сваю адметнасць — проста рабіў усё так, як было больш зручна. Пачаў заўважаць, што людзі вакол робяць пэўныя рэчы па-іншаму гадоў у пяць. Перавучваць яго ні ў сям'і, ні ў школе не сталі. Мама Аляксея таксама ляўша і добра памятала пра дзіцячы досвед такога перавучвання. З яе спрабавалі зрабіць праўшу — надзявалі на левую руку рукавіцу, каб вымусіць карысталася правай, ды сварыліся, калі не хацела падпарадкоўваццца. Таму сыну проста дазволілі быць такім як ёсць. «Я ўсё раблю левай рукой — ем, пішу, па мячу б’ю левай нагой — мне так зручна», — кажа Аляксей.
А тата падставіўся
У сям'і на леварукасці дзіцяці не акцэнтавалі ўвагі. «Паплаціцца» за бяспеку прыйшлося тату. Любімым кінагероем дзяцінства ў Аляксея, як і ў мноства равеснікаў, быў Робакоп. «Пасля фільмаў заўсёды стараўся паўтараць за ім «прыёмчыкі». Аднаго разу тата вырашыў пагуляць з сынам і прапанаваў сябе ў спарынг-партнёры. Стаў у пазіцыю, як звычайна, прыгатаваўся абараняцца… і ў выніку «злавіў» неспадзяваны ўдар у сківіцу з левай. «Добра, што я тады быў малы і не надта дужы, — смяецца Аляксей, — але тату спадабалася.»
Па жыцці гэта дапамагае
Такія «нечаканыя» рэакцыі робяць леварукіх вельмі каштоўнымі гульцамі, напрыклад, у камандных відах спорту. «Нават калі людзі ведаюць, што ты — ляўша, рэагуюць па-большасці стандартна, у разліку на такіх, як самі». Дзеянні ляўшы выклікаюць замяшальніцтва суперніка і дазваляюць павярнуць сітуацыю сабе на карысць. Прыкладна, як з татам: «Ён жа ведаў, а што я ляўша, але на практыцы аказаўся да таго не гатовым».
Паводле Аляксея, па жыцці «леварукасць» часцей дапамагае, чым стварае нязручнасці. «Калі дзейнічаеш неардынарна, гэта вылучае з натоўпу. А яшчэ — вучыць пераадольваць цяжкасці і лягчэй знаходзіць выхады ў надзвычайных абставінах».
Пад час навучання ў інстытуце і пасля, ужо на службе, яго «альтэрнатыўная» ацэнка сітуаціі часта ішла на карысць агульнай справе. «Ляўшы мысляць нестандартна, бачаць рэчы з іншага пункту гледжання, у іх па-іншаму загружаны мозг. Таму бывае, што прапановы леварукіх дазваляюць выканаць пэўную задачу хутчэй ці з меншымі затратамі», — распавядае ён.
Не было б шчасця, калі б не няшчасце
Зараз Аляксей аднолькава паспяхова карыстаецца абедзьвума рукамі. Стаць праўшой на час прымусіла спартыўная траўма — аднаго разу на спаборніцтвах зламаў левую руку. «Напачатку было вельмі непрывычна карыстацца правай і рабіць самыя простыя рэчы — трымаць лыжку ці адкрываць дзверы — раптам стала нязручна». Але праз месяц ужо мог рабіць усё не задумваючыся. «Толькі пісаць правай так і не навучыўся. Не мог сабе адмовіць у магчымасці пафілоніць на школьных уроках», — прызнаецца Аляксей.
У надзвычайных абставінах
Абсталяванне, з каторым працуюць пажарныя, зроблена такім чынам, што ім могуць карыстацца як праварукія, так і леварукія. Таму гэта не стварае ніякіх нязручнасцяў.
Трохі больш складана было са зброяй — тут уніфікацыі няма. Але і страляе Аляксей таксама з левай: «Не так ужо і цяжка прызвычаіцца да „правага“ прыцэла». Ёсць, праўда, некаторыя практыкаванні, каторыя трэба выконваць ў складзе звяна — бегчы па сходах, ці ўсталёўваць лесвіцу ў вакно. Трэба, каб усе размяшчаліся з правага боку ад абсталявання і таму працаваць таксама прыходзіцца правай. Але ў такіх выпадках, на думку Аляксея, важна адразу вучыцца выконваць так, як трэба. «Калі не ўмеў нешта рабіць, то няма розніцы, якой рукой вучыцца. Як пачнеш ад пачатку, так і будзеш рабіць — калектыву ляўша не памеха».
Насамрэч — не
Што да цяжкасцяў, якія стварае ляўшам праварукае асяроддзе, Аляксей на іх не зважае: «Можа, праўшы і думаюць, што ўвесь свет створаны для іх. Але насамрэч — не.» З гадамі ў яго напрацаваліся пэўныя правілы, што дазваляюць камфортна суіснаваць з праварукімі. Напрыклад, у «шчыльным» застоллі выбіраць места з левага краю, каб не штурхаць суседа пад локаць, а на камп’ютары замест «выключна правай» мышкі карыстацца ўніверсальным тачпадам. Што да гадзінніка на правай руцэ, то зараз так носяць і многія праўшы, гэта стала амаль модай, а пісаць, на размазваючы тэкст, прывучыўся яшчэ ад малога «Атрымліваецца разборліва і нават прыгожа — на нечытальнасць ніхто не скардзіцца».+