У тэставым рэжыме пачаліся экскурсіі па тэрыторыі былога брыгіцкага манастыра, дзе знаходзіцца драўляны лямус. Па папярэднім запісе турысты змогуць убачыць самую старую драўляную пабудову ў Беларусі, якую працягваюць рэстаўраваць.

Лямус убачым, але ў манастыр пакуль не трапім

Адміністратар інфармацыйна-турыстычнага цэнтра Гродзенскай каталіцкай дыяцэзіі Гражына Шалкевіч распавяла Hrodna.life, што на тэрыторыю аб’екта будуць вадзіць групы па папярэднім запісе.

«У турыстаў вырасла цікавасць да лямуса і таму мы прынялі рашэнне пакуль у тэставым рэжыме прымаць арганізаваныя групы. Важна паглядзець, як усё гэта будзе працаваць. Раней на тэрыторыю манастыра ўваход быў забаронены з-за таго, што там знаходзілася будпляцоўка. Сёння да лямуса можна будзе толькі падысці, але ўсярэдзіну пускаць нікога не будуць — яшчэ не скончыліся рэстаўрацыйныя работы», — распавяла Гражына Шалкевіч.

У сам былы манастыр турыстаў пускаць не будуць, там таксама ідуць будаўнічыя работы. На дадзены момант ідзе падрыхтоўка залы, у якой у будучыні адкрыецца музей Гродзенскай каталіцкай дыяцэзіі.

Не толькі лямус, але і падвалы касцёла

Экскурсія на тэрыторыі былога кляштара бясплатная, але ўсе жадаючыя могуць пакідаць ахвяраванні на аднаўленне аб’екта. Экскурсійныя групы могуць запісвацца па тэлефоне: +375 295 825 964.

Для турыстычных груп таксама адкрыты падвалы былога кляштара, дзе знаходзіцца музей. Па іх водзіць экскурсіі рэктар касцёла Антоні Грэмза. Трапіць у падвалы можна па папярэднім запісе.

Для экскурсій адкрылі лямус у Гродне - самы стары драўляны будынак Беларусі

Даведка

Гродзенскі лямус — двухпавярховы дом з лоджыяй на другім паверсе і арачнымі галерэямі на галоўным фасадзе. Выкладзены з масіўных брусаў, без выкарыстання клямараў і металічных крапяжоў. Верагодна, пабудаваны ў другой палове 18 ст., хоць і сёння дзе-нідзе ў літаратуры датуецца 1630 годам.

Рэстаўрацыя лямуса пачалася ў кастрычніку 2016 года. Курыруе ўсе працы Міністэрства культуры і спадчыны Польшчы. За няпоўныя тры гады было праведзена поўнае абследаванне аб’екта, быў заменены падмурак, ніжні драўляны вянок. Будынак падымалі на дамкратах, выраўноўвалі. На другім этапе былі заменены ўжо непрыдатныя драўляныя элементы — лямус быў пабудаваны з іглічных парод драўніны, такі ж матэрыял выкарыстоўваўся для рэстаўрацыі. На трэцім этапе быў заменены дах. У якасці пакрыцця выкарыстаны колатыя дошчачкі з асіны (гонты). Вясной 2019 пачнуцца сталярныя і ўнутраныя работы.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life