Свой гайд па Гродне склала блогерка Леначка Лукашык. Як ёй бачацца ідэальныя выхадныя ў горадзе і дзе варта з’есці, яна распавяла ў інтэрв’ю Назару Шэгду на YouTube-канале “Разбор Лайв”.

Леначка Лукашык – гродзенская блогерка. Робіць агляды кафэ і рэстаранаў. Мае 15 тыс. падпісчыкаў у Instagram. Працуе ў IT-кампаніі, куды прыйшла пасля доўгай працы ў Гродзенскім вадаканале – інжынерам-тэхнолагам і спецыялістам па сувязях з грамадскасцю.
Дзе спыніцца на ноч і паснедаць
Лукашык раіць турыстам пасяліцца ў цэнтры Гродна – каб усе славутасці былі ў крокавай дасяжнасці. Паснедаць яна прапануе ў “Паляна City”, SPRAVA, “Прахадная”, а таксама ў кавярні “Джэзва”.
Куды схадзіць пасля сняданка
Пасля сняданка блогерка прапануе наведаць Стары замак. Там варта падняцца на аглядную пляцоўку з “прыгожымі балясамі, балконам і відам на горад”. Таксама можна наведаць Новы замак – летам там прыгожы яблыневы сад з відам на піўзавод. Паводле словаў Лукашык, у будучыні, калі скончыцца рэканструкцыя завода, там будзе прыгожы від. А 12:00 трэба падыйсці да пажарнай каланчы, бо ў гэты час там грае трубач.

Таксама можна завітаць у харальную сінагогу, прайсціся па вуліцы Замкавай, выйсці на Савецую плошчу, дзе размяшчаецца Фарны касцёла, помнік Фары Вітаўта. Потым можна наведаць Каложскі парк і выйсці ў другую частку горада. “Каложскі парк – месца моцы. Я там люблю сканчаць працоўны дзень, бо там вельмі прыгожыя заходы сонца”, – сказала Лукашык.
Дзе паабедаць
Паабедаць блогерка прапануе піцай альбо бургерам. Напрыклад, у “Паляна City” альбо ў “Trattoria Napoli” – яе Лукашык лічыць пярлінай нашага горада і кажа, што там самая лепшая піца з печы на дровах у горадзе.
Глядзіце таксама: Чарачная, кавярня, хатняя кухня: якія новыя ўстановы адкрыліся або плануюць адкрыцца ў Гродне?
Дзе паесці дранікаў
Паводле Лукашык, дранікі ў Гродне ёсць амаль у кожным рэстаране горада. “Я б з’ела ў Васільках ці ў кафэ “Дранікі”. […] Я б схадзіла ў рэстаран “Беласток” і з’ела б там гэтыя дранікі, з лісічкамі, у прыгожым посудзе, – сказала Алена. – Альбо, калі пад лакшары крыху, то рэстаран “ВУГЛІ” дзе ёсць і з крэм-чызам, і з ласосем, і з крутымі шкваркамі, і там вялізарныя порцыі”.

Дзе паесці ўвечары
Павячэраць Леначка Лукашык прапанавала ў рэстаране “Кронан”. Калі турыст хоча азіяцкай кухні – то ў Punk Roll. Як варыянт можа быць невялікі і ўтульны рэстаран Pablo на вуліцы Савецкай албо “ВУГЛІ”.
У якіх барах можна адпачыць
“Файнае месца, з танцамі і пад жывы гук, у выглядзе кавер-гурта, у маёй рэкамендацыі гэта будзе Greenwich, – сказала Лукашык. – Калі гэта гісторыя пра кабарэ, у нас яно не вельмі даўно з’явілася, то гэта Leon”.
Калі абіраць бар без дадатковага флёру, то блогерка рэкамендуе бар “Куба”. Таксама турысты могуць завітаць у “Урбаніст”. Для вегетарыянцяў можа быць бар “Сон”. Калі турысты любяць хіты “рускай папсы” – то “Кей Бі” (былы бар “Красным по белому”).

“Файным барам для мяне з’яўляецца “Фарадэй”. Вельмі фрэндлі, велмі класныя кактэйлі, файная назва, лёгка заарыентавацца па назве, лёгка застацца надоўга, ёсць магчымасць пасядзець у цішыні альбо патусавацца каля бара, патанцаваць”.
Чытайце таксама: Па Гродне з аўдыягідам. Валанцёры распрацоўваюць аплікацыю, каб расказаць пра свой горад


