Лена Лукашык — чалавек-афіша гродзенскага інстаграма. Яна заўсёды ведае, дзе праходзяць топавыя падзеі ў горадзе, дзе смачна кормяць, а куды ісці не варта. Але падчас пандэміі мерапрыемствы адмяняюцца, а рэстараны зачыняюцца. Як выжывае модная блогерка?
Раней публікавала афішы, зараз — жарты і дабрачыннасць
У 2016 годзе Лукашык вяла ў інстаграме старонку групы гродзенскіх рэстаранаў. Там яна даведалася, што такое кантэнт-план, які лепшы час для публікацыі і якія фатаграфіі працуюць лепш. Гэта спатрэбілася ў развіцці яе асабістага блога.
«Я зразумела, што можна развіваць праект „Леночка Лукашик“ з мяжы ў 3000 фаловераў. Падпісчыкі прасілі папярэджваць пра падзеі, на якія хаджу ў Гродне, каб яны таксама маглі схадзіць. Людзі сталі прасіць афішы!»
Лена адзначае, што яна — блогерка апалітычная. Калі нават ёй нешта не падабаецца, то адзначаць у сябе аблвыканкам або гарвыканкам не стане. «Не хачу самасцвярджацца на гэтым», — кажа яна. У блогу ў яе тое, у чым яна разбіраецца. Напрыклад, грамадскае харчаванне.
Калі актыўнасці ў рэальным свеце скараціліся да мінімуму, Лена спачатку репосціла інфармацыю пра вірус, а потым зразумела, што гэтага хапае і без яе. Таму цяпер яна публікуе жарты, інфармацыю аб дабрачынных праектах і ініцыятывах, забаўляльны ці карысны кантэнт з адсылкай да самаізаляцыі, якой яна, па магчымасці, прытрымліваецца сама.
Замест адкрыцця кафэ — агляды дастаўкі, замест тэатра — падборкі анлайн-паказаў
Папулярна цяпер тое, што можна даставіць на дом ці чым палепшыць вольны час. «Нядаўна рабіла вялікую падборку чэленджаў: і сама прыняла ўдзел, і сваіх падпісчыкаў парадавала ідэямі. Кожны дзень стараюся шукаць на парталах і публікаваць у сябе некалькі добрых пазітыўных навін — бо іх цяпер так не хапае!» — кажа Лена.
Масавага адтоку чытачоў у Лены не здарылася. Яна знайшла чым замяніць свае тыповыя тэмы. Замест адкрыцця кафэ — агляды дастаўкі, навіны і акцыі, замест тэатра — падборкі і спасылкі на анлайн паказы, замест здымак з галерэй — любімыя віды падчас шпацыраў у лесе.
Пастоў пра водаканал амаль няма
Асноўная праца Лены — спецыяліст па сувязях з грамадскасцю ў «Гроднавадаканале». Хоць па адукацыі яна — інжынер-тэхнолаг сістэмы водазабеспячэння. Два гады яна працавала каардынатарам міжнародных праектаў тэхнічнай дапамогі. «Гэта не толькі кабінетная праца. Памятаю, як выязджалі ў палі, абследавалі калодзежы. Вядома, не апускалася на глыбіню, але бруднай працы хапала».
Пастоў пра «Водаканал» у блогу ў Лены амаль няма. «Калі кранаю тэму вады ў сябе на старонцы, то атрымліваю ў адказ паток негатыву. Спрабавала рабіць асобную рубрыку „Водная грамата“, але яна не зайшла людзям. Яшчэ практыкавала прамыя эфіры — хапіла трох гадзін, каб распавесці ўсё, што ведаю».
Начальства сярод падпісчыкаў Лены няма, а вось калегаў хапае. Як толькі нешта адбываецца ў яе ў блогу, на наступную раніцу пра гэта ведае ўвесь офіс.
«20 000 падпісчыкаў - столь для блога ў Гродне»
Два гады таму Лена казала, што блог не прыносіць грошай. Сёння ён таксама не можа быць асноўнай крыніцай даходу. Замест грошай яна атрымлівае квіткі, зніжкі, часам да 80%. «За гэтыя плюшкі не пракорміш ні сябе, ні ката, не заплаціш за кватэру і за машыну. Ды і каб зарабляць на гэтым грошы, мне трэба адкрыць ІП», — кажа Лена.
Яна развівае блог стандартнымі спосабамі: робіць калабарацыі з іншымі блогерамі, ладзіць конкурсы. Бывае, на конкурс прыйдзе 300 чалавек, а сыдуць усяго 50, — гэта добры вынік.
«Але пастаянная гонка для блога прывяла мяне да маральнага знясілення — зараз я ўжо год працую з псіхатэрапеўтам. Збавіла тэмп па ўсіх пытаннях і жыву ў гармоніі. Пішу тады, калі ёсць натхненне і жаданне нешта сказаць», — кажа Лена. На свой інстаграм яна цяпер выдаткоўвае дзьве гадзіны ў дзень.
У блога Лены — вузкая спецыялізацыя. Яна лічыць, што столь для маленькага рэгіянальнага блога ў Гродне — 20 000 падпісчыкаў. Дарэчы, Лена думала аб працы на гродзенскім тэлебачанні: хацела быць вядучай перадачы з анонсамі кіно. Пакуль гэта адклалася.
Лена прызнаецца: бывалі сур’ёзныя эмацыйныя ўзрушэнні, калі падпісчыкі з ёй не згаджаліся. «У сэнсе вы думаеце інакш? Класная ж тэма, я класна яе распавяла, давайце, любіце гэта! Але, аказваецца, і я магу памыляцца». Яна кажа, што цяпер перастала быць лінчавальнікам і заўсёды гатова выслухаць другі пункт гледжання.
«Сэлфі заўсёды будуць збіраць больш за ўсё праглядаў і ацэнак»
Кажуць, сэлфі - учорашні дзень. Але Лена не лічыць, быццам мода ў інстаграме памянялася.
«Сэлфі будуць лідзіраваць заўсёды. Чалавеку прыемна бачыць чалавека. Яны збіраюць больш за ўсё праглядаў і ацэнак. Любы нанесены на фота тэкст пагаршае яго для алгарытмаў інстаграма. Усе любяць напаўаголеныя фота, фота ў купальніках. У мяне такога няма,
бо я закладнік сітуацыі - член прафсаюзнага камітэта і інжынер дзяржаўнай арганізацыі. Нават фота ў купальніках у мяне прыстойныя.