нерухомасць у Гродне

Аляксандр Лукашэнка 24 чэрвеня наведаў Свіслацкі раён. Ён выказаўся там пра заробкі, санкцыі і кантрабанду. Hrodna. life сабраў галоўныя цытаты.

Вайсковае становішча, мярзотнікі па той бок мяжы і дыктатура. Што Лукашэнка сказаў у Свіслачы
Аляксандр Лукашэнка ў Свіслачы. Фота: БЕЛТА

Пра санкцыі

Ва ўмовах увядзення заходнімі краінамі санкцый, Лукашэнка дапускае ўвядзенне вайсковага становішча ў Беларусі.

«Няхай Караеў надзявае генеральскую форму, вам (Караніку — заўв. Hrodna. life) таксама званне прысвоена генерал-маёра — і наперад. Вайсковае становішча, калі трэба. Але ніякага не павінна быць прасядання».

Пра самі санкцыі Лукашэнка выказаўся асобна: «Мы гэтым мярзотнікам па той бок мяжы павінны паказаць, што іх санкцыі - гэта іх бяссілле. І мы гэта зробім».

Кантрабанда

Апошнім часам памежнікі Літвы і Польшчы ўсё часцей прыпыняюць кантрабанду цыгарэтаў.

«Гэта ж акцызныя тавары, прамы даход у бюджэт. Таму і палякі, і літоўцы, і украінцы, і расіяне спрабуюць абараніць свой рынак. Таму зараз паднялі вой, што мы іх кантрабандай завалілі. Дык змагайцеся супраць кантрабанды, як мы змагаемся».

Заробкі

Асобна Лукашэнка закрануў тэму заробкаў.

«Калі мы за пяцігодку па $ 700−800 сярэдняга заробка па краіне будзем мець — гэта будзе неблага, а $ 1000 — цудоўна».

Сярэдняя налічаная зарплата за красавік 2021 года паводле Белстата — 1398,2 рублі або $ 552,7. Але на рукі супрацоўнікі атрымліваюць суму з адлічэннем 13% падатку і 1% унёску ў фонд сацыяльнай абароны. Таму рэальная зарплата на рукі тады склала $ 475,3.

Раней было «па пяццот

Сярэднюю зарплату ў $ 750 Лукашэнка ўжо абяцаў у 2004 годзе. «В 2005 году мы должны получить 250. К 2010 году 750 долларов. Мы будем идти к этому. И вы напрасно смеетесь», — казаў ён на сустрэчы са студэнтамі 23 верасня 2004. Аднак потым ён падкарэктараваў абяцанне і шмат разоў яго мэтай была сярэдняя зарплата ў $ 500. За перыяд 2004−2018 гг Лукашэнка не менш за 30 разоў абяцаў давесці сярэднюю зарплату да гэтага ўзроўню.

Пра «закрыццё» СЭЗ

Больш не плануецца пашырэнне свабодных эканамічных зон.

«Трэба прыняць рашэнне аб „закрыцці“ гэтых свабодных зон, я маю на ўвазе, каб мы іх больш не пашыралі».

Што такое свабодная эканамічная зона

Свабодная эканамічная зона (СЭЗ) — тэрыторыі краіны, дзе вытворцы тавараў вызваляюцца ад аплаты шэрагу падаткаў, а таксама ад мытных пошлінаў і ПДВ.

У Гродзенскай вобласці з 2002 года дзейнічае адна СЭЗ — «Гроднаінвест». Яна складаецца з 12 участкаў у розных раёнах вобласці, у тым ліку ў Свіслачы. У ёй зараз 75 кампаній-рэзідэнтаў. Самыя вядомыя з іх: «Биоком», «MAKEY», «Conte», «Тайфун», «Kronospan» і іншыя буйныя прадпрыемствы.

Пра дыктатуру і рапс

Акрамя гэтага Лукашэнка выказаўся на тэму дыктатуры. «Дыктатура не так і блага. Бо для вытворчасці патрэбна дыктатура».

Наведваючы малочна-гандлёвую ферму «Бортнікі» Лукашэнка паручыў забараніць вываз сямян рапса з краіны: «Трэба адрэгуляваць у цэлым пытанні па коштах і забараніць вываз сямян рапса».