Горад

У Лідзе плануюць стварыць «горад катоў» па расійскім узоры. Паглядзелі, ці сапраўды там усё так добра

Ліду хочуць ператварыць у «горад катоў». За прыклад плануюць узяць расійскі Зеленаградск, а дапамагаць у гэтым праекце мае Рускі дом у Гродне. Hrodna.life даведаўся, што азначае «горад катоў» у практыцы і якія перавагі і праблемы гэты статус прынёс Зеленаградску.

Двух зайцоў адным ударам: і коцікам дапамагчы, і турыстаў прыцягнуць

Плануецца, што праект «Ліда — горад катоў» дапаможа бяздомным жывёлам — гарадская прастора стане больш бяспечнай для катоў, з’явіцца інфраструктура для іх. Таксама ініцыятыва дапаможа ў развіцці турыстычнага патэнцыялу Ліды, лічыць кіраўнік мясцовай ветэрынарнай клінікі «Цэнтр выратавання жывёл» Павел Жульпа.

— Будзем рады, калі ў нас у горадзе будзе сапраўды такая ж магчымасць рэалізацыі падобнага праекта, які з’яўляецца ў тым ліку і турыстычным і валодае дастаткова вялікім патэнцыялам. Ну і, уласна кажучы, пакажа праблему безнаглядных жывёл. І не толькі пакажа, а вырашыць яе, — распавёў у эфіры «Гродна Плюс» Жульпа.

Чытайце таксама: Што вядома пра Рускі дом, які адкрыўся ў Гродне

Што значыць «горад катоў» — прыклад Зеленаградска

Зеленаградск — невялікі курортны горад на беразе Балтыйскага мора ў Калінінградскай вобласці. У 2010-х мясцовыя ўлады пачалі выкарыстоўваць вобраз катоў як неафіцыйны сімвал горада. Каты пачалі з’яўляцца на лаўках, дошках аб’яваў, у якасці скульптур і вулічных малюнкаў. А пачалося ўсё з прыватнага музея «Мурарыум», таксама прысвечанага катам.

У выніку ў 2018 годзе ў Зеленаградску ўвялі афіцыйную пасаду «каташэфа» — чалавека, які даглядае і корміць вулічных катоў, а таксама чысціць пабудаваныя для іх домікі. Спачатку існавалі тры домікі, а ў 2022 годзе іх замянілі новымі - стылізаванымі пад даўнюю нямецкую забудову. Домікі, адзін з іх нават з падагрэвам, стаяць у цэнтры горада і сталі турыстычнай знакамітасцю.

Чытайце таксама: Домік для катоў на Фолюшы высяляюць: больш за 60 жывёл могуць зноў апынуцца на вуліцы

«Каташэфа» выбіралі сярод 50 прэтэндэнтаў на гэтую пасаду. Ім стала выхавальніца дзіцячага садка Святлана Лагунова. Кожны дзень жанчына прыязджае ў цэнтр горада, каб накарміць катоў. Заробак «каташэфу» і корм для катоў забяспечваюць улады горада. Праўда, заробак для штодзённай адказнай працы хутчэй сімвалічны — менш за 300 беларускіх рублёў.

Якія праблемы так і не вырашылі ў расійскім «горадзе катоў»

Усё пачыналася з 13 катоў. А з праблемамі горад сутыкнуўся ўжо праз два гады. У Зеленаградск пачалі свозіць катоў з усёй Калінінградскай вобласці — гаспадары, якія не маглі пракарміць сваіх жывёл, пакідалі іх там, мяркуючы, што аб іх паклапоцяцца. Колькасць бяздомных катоў пачала расці. Домікаў не хапала, старыя домікі пачалі паступова разбурацца ад дажджу і снегу.

Жывёлаў стала занадта шмат, часта ў кашачыя домікі пачалі падкідваць зусім малых і хворы кацянят. Ветэрынарнай дапамогі не было, а корм для дарослых катоў не пасуе малым. Праз гэта вырасла смяротнасць — мёртвых жывёл з кашачых домікаў выносілі кожны дзень.

«Ім не аказваецца ветэрынарная дапамога. Адзінае, што робіцца — стэрылізацыя котак. Няма ніякай арганізацыі, якая займаецца ўборкай дамоў. Зразумела, што там бруд і антысанітарыя. Людзі ходзяць увесь час, дзеці выцягваюць з домікаў кацянят і паводзяць сябе з імі як з жывымі цацкамі. Пры гэтым на каціных хатках лютуюць чумка і лішай. Кацяняты мруць там проста пачкамі. У нас кожны тыдзень адтуль трупы выносяць. Я б там усё разнесла і хлоркай засыпала, каб катоў на гарматны стрэл не падпускаць» — казала ў размове з RTVI восенню 2023 года жыхарка Зеленаградска Таццяна Калінка.

«Людзі, якія адвозяць кацянят у Зеленаградск, думаючы, што там каціны рай, глыбока памыляюцца. Насамрэч яны становяцца мімавольнымі забойцамі жывёл. Не трэба спіхваць адказнасць на мясцовыя ўлады, каташэфа або валанцёраў. Трэба абмежаваць колькасць катоў, па магчымасці іх стэрылізаваць. Таксама ўсталяваць камеры і штрафаваць тых, хто падкідвае жывёл», — казала ў размове з «ФедералПресс» калінінградская зоаабаронца Ганна Лой.

Домікі для катоў у цэнтры Зеленаградска — не прытулак, а турыстычны атракцыён. На лекі жывёлам збіраюць грошы валанцёры. Гарадскія ўлады адзін раз выдзелілі грошы на стэрылізацыю вулічных котак, таксама на абнаўленне і рамонт домікаў, але сістэмна праблема не вырашаецца. Хаця пра неабходнасць стварыць прытулак казалі самі гарадскія ўлады яшчэ ў 2021-м годзе.

Як вырашаюць праблему бяздомных жывёлаў у іншых краінах?

У буйных гарадах Грузіі, напрыклад Батумі і Тбілісі, бяздомных сабак абавязкова прышчапляюць ад шаленства, стырэлізуюць і чыпіруюць. Мясцовыя збольшага ставяцца да праблемы з разуменнем: не праганяюць сабак з агароджаных тэрыторый і падкармліваюць.

Але вырашыць праблему канчаткова не атрымлівецца: Грузія знаходзіцца ў «чырвонай зоне» па шаленстве, а бяздомныя сабакі «мігрыруюць» з іншых абласцей краіны ў Тбілісі — таму прышчыпіць усіх жывёл не атрымліваецца.

У Коста-Рыцы існуе адзін з самых буйных і вядомых прытулкаў для сабак у свеце. Жывёлы жывуць на сваёй тэрыторыі — іх даглядаюць ветэрынары, а валанцёры сочаць за чысцінёй і ежай. Прыехаць да сабак можна, каб проста з імі пагуляцца, або ўзяць дадому.

У Турцыі, якая славіцца сваёй любоўю да катоў, стварылі «Мяу Парк». Знаходзіцца ён у горадзе Мерсін — каты бавяць час у спецыяльна адведзенай зоне і могуць свабодна пакінуць парк, калі ім захочацца. У мэтах бяспекі парк абгароджаны варотамі, якія блакіруюць доступ сабакам і людзям, таксама там устаноўлена сістэма відэаназірання.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024