Людзі і справы

«Legalize Belarus» прапануе дазволіць наркотыкі, каб зменшыць іх выкарыстанне. Ці можа гэта спрацаваць?

Паводле беларускага заканадаўства за касяк марыхуаны можна атрымаць нават цяжэйшы прысуд, чым за забойства. Зараз каля 15 000 чалавек знаходзіцца за кратамі па артыкуле 328 — незаконны абарот наркатычных сродкаў. Актывісты ініцыятывы «Legalize Belarus» лічаць, што вайна з наркотыкамі не працуе, а рэчывы варта легалізаваць. Hrodna.life прыслухаўся да аргументаў.

Касяк марыхуаны прыраўніваецца да забойства

У Беларусі пад наркотыкамі разумеюць забароненыя рэчывы, якія вызываюць прывыканне і без якіх чалавек адчувае эмацыйную няўстойлівасць. Згодна з артыкулам 328 можна атрымаць ад 5 да 25 гадоў зняволення. Як вынік, у нашай краіне каля 15 000 зняволеных, а сотні тысяч іх родных і знаёмых — у роспачы. Затое распаўсюджаныя сінтэтычныя сродкі - таннейшыя і больш шкодныя. За краты часта трапляюць не вялікія гандляры, а спажыўцы, або тыя, хто развозіць наркотыкі на «закладкі».

Валянціна Мурына, загадчыца аддзялення рэабілітацыі залежнасцей у ГАКЦ «Псіхіатрыя-Наркалогія», лічыць, што зараз беларускія законы выраўніваюць хворага і таго, хто на яго хваробе нажываецца. Яна лічыць, што ўжывальнікаў не трэба наказваць так жорстка, а вось за распаўсюджванне тэрміны апраўданыя.

Дарэчы, у нашай краіне не легалізаваны і медыцынскі канабіс, таму хворыя, напрыклад, на сіндром Паркінсана, не могуць атрымаць лекі на яго аснове. Не выкарыстоўваюцца каноплі і ў беларускай прамысловасці. Масла і муку з канопляў купіць, канешне, можна, але яны імпартуюцца з-за мяжы.

Ці працуе вайна з наркотыкамі?

Пры барацьбе з наркотыкамі ўсе намаганні накіраваны на знішчэнне паставак наркотыкаў і арышт наркагандляроў. Але такі падыход ігнаруе рынкавыя асновы: попыт і прапанову. Калі зменшыць прапанову для змяншэння попыту, цана вырасце. Але наркотыкі будуць спажывацца незалежна ад іх кошту. Гэта заахвочвае вырабляць больш наркотыкаў і наймаць больш гандляроў. Каб было прасцей іх транспартаваць, наркотыкі становяцца мацнейшымі і больш шкоднымі. Такі падыход не спрацаваў у ЗША і зараз не працуе ў Беларусі.

Стас Шашок з ініцыятывы «Legalize Belarus» расказвае ў Гродне, чаму не працуе вайна з наркотыкамі. 16.12.2017
Ёсць краіны, якія пайшлі па іншым шляху. У Швейцарыі ў 1980-х выкарысталі іншую стратэгію — зніжэнне шкоды ад наркотыкаў. Там адкрывалі бясплатныя цэнтры лячэння ад гераіну, дзе нарказалежныя маглі атрымаць бясплатны чысты гераін, чыстыя іголкі, беспечны пакой для ін'екцый і медычны нагляд. Сацыяльныя работнікі дапамагалі наркаманам знайсці жытло і вырашыць іх праблемы. Вынікам было рэзкае падзенне ўзроўню нарказлачынстваў, ВІЧ і смяротнасці ад перадазіроўкі. Нарказалежныя змаглі знайсці працу і вырашыць свае праблемы, бо не вытрачалі час і сілы на фінансаванне сваёй залежнасці.

Падобны метад прымянілі ў Партугаліі ў пачатку 2000-х, вытраціўшы сродкі не на барацьбу з наркотыкамі, а на інтэграцыю наркаманаў у грамадства. Вынік быў такім жа — рэзкае падзенне ўжывання наркотыкаў. Зараз Камісія ААН рэкамендуе ўводзіць забароненыя рэчывы ва ўрэгуляваны эксперыментальны абарот.

У Беларусі існуе замяшчальная тэрапія метадонам — праграма зніжэння шкоды апіоднай залежнасці. Чалавек атрымлівае метадон у выглядзе сіропа без унутрывенных ін'екцый, каб зменшыць рызыку захворвання ВІЧ або гепатытам. А таксама панізіць крымінагеннасць з боку пацыентаў - каб чалавек не краў грошы на наркотыкі, а атрымліваў іх легальна.

Наркаманы — не адкіды грамадства, а ахвяры

У дакументальных фільмах даследуецца, з-за чаго з’яўляюцца розных відаў залежнасці. У людзей ёсць неабходнасць ствараць сувязі адзін з адным. І калі мы гэтага не можам зрабіць, то звязваем сябе з тым, што прыносіць нам пэўную палёгку: азартныя гульні, смартфоны, марыхуана ці какаін. Нават у матывацыйных тэкстах пра пераадоленне шкодных звычак кажуць, што нельга пазбыцца адной звычкі, не стварыўшы іншай, карыснай.

Гродзенцы на лекцыі «End the drug war». 16.12.2017
Праблемы нарказалежнасці ўзнікаюць ад ізаляцыі. Вайна з наркотыкамі выпрацавала да наркаманаў стаўленне, як да адкідаў супольнасці. У той час, калі людзям патрэбна дапамога, мы ад іх адварочваемся. Як прыклад — мы можам піць дазволены алкаголь хоць кожны дзень, але не робім гэтага, бо ў нас ёсць сувязі: адносіны, любімая праца, любімыя людзі.

Тыя, хто перамог залежнасць, цэняць жыццё

Валянціна Мурына кажа, што грамадства пакуль баіцца нарказалежных, нават тых, хто перастаў ужываць. Тут дапаможа інфармаванне і асвета грамадства пра наркаманію. У залежнага ад наркотыкаў можа наступіць рэцэдыў, але ён валодае пэўнымі інструментамі, каб падтрымліваць цвярозасць. І такі чалавек можа прадуктыўна жыць у соцыуме: працаваць, будаваць сям’ю, прыносіць карысць сабе і грамадству. Як ні дзіўна, людзі, якія вылечваюцца ад наркатычнай залежнасці, больш за здаровых цэняць жыццё і жывуць свядома.

Валянціне незразумелыя мэты легалізацыі наркотыкаў. Яна лічыць, што дарослы чалавек не патрабуе псіхаактыўных рэчываў, каб расслабіцца.

— Я сама не ўжываю ніякіх псіхаактыўных рэчываў. Каб расслабіцца, у мяне ёсць сябры, музыка, кнігі, прырода, дзеці і іншыя спосабы. Залежнасць развіваецца, бо падтрымлівае пазітыўнае падмацоўванне. Навошта працаваць над сабой, хадзіць да псіхолага, навучыцца наладжваць кантакты, прэзентаваць сябе? Можна ж выпіць 150 грам — і я герой.

Што ў Гродне?

У Гродне дзейнічае ініцыятыва «Маці 328», якая аб’яднала маці, сясцёр і жонак асуджаных па гэтым артыкуле. Яны дзейнічаюць праз скаргі, звароты і працу з медыямі. Сітуацыя з асуджанымі выкрывае недаскадальнасць беларускай судовай сістэмы. Пасля кожнай справы застаецца шмат пытанняў: колькасць грамаў марыхуаны, якая фігуруе ў справах, змяняецца ў ходзе расследавання, пасля зваротаў колькасць гадоў зняволення часта змяняецца ў меншы бок

— Я б хацела, каб увоуле не было наркотыкаў, — кажа стваральніца ініцыятывы «Маці 328» Ларыса Жыгар. — І падтрымліваю легалізацыю толькі ў медычных мэтах.

Стваральніца ініцыятывы «Маці 328» Ларыса Жыгар расказвае гісторыю свайго сына. Ён быў асуджаны на 8 гадоў
Яна расказвае гісторыю свайго сына. Ён быў творчай асобай і аднойчы папаліў марыхуаны «дзеля натхнення». Зараз ён асуджаны на 8 гадоў. Гродзенцы прапанавалі арганізаваць у Мінску выставу працаў зняволеных, якія зараз адбываюць пакаранне, каб даказаць, што часта гэта таленавітыя людзі, якім проста не пашанцавала.

Легалізацыя — толькі ў медычных мэтах

Кіраўніцтва Гродзенскага абласнога клінічнага цэнтра «Псіхіатрыя-Наркалогія» не супраць легалізацыі марыхуаны ў медычных мэтах, але не падтрымлівае легалізацыю для бескантрольнага ўжывання.

— Нядаўна Сусветная арганізацыя аховы здароўя выступіла з рэкамендацыямі наконт прымянення медычнай марыхуаны, — расказвае Валянціна Мурына, загадчыца аддзялення рэабілітацыі залежнасцей. — Але ў выпадках, калі ёсць выразныя паказчыкі для прызначэння і кантроль з боку медычнага персаналу. Напрыклад, выкарыстанне апіоідаў у якасці знябольваючых для анкалагічных хворых ці псіхастымулятараў для карэкцыі паводзінаў дзяцей з сіндромам гіперактыўнасці. Ёсць даследаванні, якія пацвярджаюць эфектыўнасць выкарыстання наркатычных рэчываў у гэтых выпадках.

Паводле Валянціны Мурынай, бескантрольнае спажыванне марыхуаны — дастаткова складанае пытанне, па якім дагэтуль вядуцца спрэчкі. Пазіцыя клінічнага цэнтра — адназначна супраць. Нягледзячы на тое, што ў некаторых краінах легалізацыя наркотыкаў прывяла да падзення іх ужывання, падзення ўзроўню ВІЧ-захворванняў і колькасці злачынстваў у сферы наркагандлю, прымяняльна да Беларусі пра такі вопыт гаварыць немагчыма, кажа Валянціна.

Будзе рэчыва — будуць і залежныя

У Гродне зараз найбольш актыўна ужываюць макавыя апіоіды. За дзевяць месяцаў 2017 года 156 чалавек прайшло рэабілітацыю алкагольнай і наркатычнай залежнасці медыкаментозным лячэннем і псіхатэрапіяй. У тэрапіі вельмі дапамагае арганізацыя «Ананімныя наркаманы». Валянціна лічыць, што пацыенты, якія кінулі ўжываць, былі б супраць легалізацыі наркотыкаў.

Яна кажа, што калі ёсць пэўнае рэчыва, то пэўны працэнт чалавецтва адназначна стане ад яго залежным. Дапаможа праца з мысленнем чалавека. Залежнасць выклікае сукупнасць фактараў: генетычная схільнасць, сацыяльны фактар, асаблівасці асобы і яе здольнасці спраўляцца са складаным сітуацыямі і супрацьстаяць грамадскай думцы. Валянціна лічыць, што варта стварыць пэўную сістэму прафілактыкі, якая пакуль існуе на ўзроўні плакатаў і кропкавых лекцый. Увогуле, дапаможа здаровая сітуацыя ў сям'і, установе адукацыі і адсутнасць страху перад просьбай аб дапамозе.

Істотныя змены ў сферы нарказлачыннасці не прагназуюцца

— Праблемы наркаманіі і незаконнага абароту наркотыкаў сталі актуальнымі для Рэспублікі Беларусь далёка не ўчора. На працягу дзесяцігоддзяў працэсы, якія адбываліся ў гэтай сферы, знаходзіліся ў зоне пільнай увагі ўсіх зацікаўленых ведамстваў, — кажа Сяргей Ланкевіч, начальнік Упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Гродзенскай міліцыі. — Аднак не далей, як у 2013−2014 гадах беларускаму грамадству давялося сутыкнуцца з сур’ёзным абвастрэннем сітуацыі, якая характарызавалася рэзкім усплёскам ўзроўню нарказлачыннасці, перабудовай наркатычнага рынку, тэндэнцыяй да амаладжэння грамадзян, уцягнутых у незаконны абарот наркотыкаў.

У 2017 годзе зарэгістравана 12 фактаў перадазіроўкі, што ў амаль у 3 разы менш, чым ў 2016 годзе. Знізілася колькасць асобаў, якія дапускаюць немедыцынскае спажыванне наркатычных сродкаў - 1082 чалавек. Пры захаванні тэндэнцый 2015−2017 гадоў, істотныя змены ў сферы нарказлачыннасці у 2018 годзе ў рэгіёне не прагназуецца. Актуальнай застанецца праблема кантрабанднага ўвозу наркотыкаў з-за мяжы. На наркатычным рынку будуць дамінаваць наркотыкі расліннага паходжання, актуальным будзе пытанне распаўсюджвання псіхаактыўных рэчываў праз інтэрнэт.

Даведка

Ініцыятыва «Legalize Belarus» не прапагандуе наркотыкі, але выступае за іх легалізацыю. У яе ёсць тры мэты: першая — распаўсюд навуковай інфармацыі пра псіхаактыўныя рэчывы і адказнае ўжыванне. Другая — падтрымка змен у заканадаўстве, што тычацца дыфэрэнцыяцыі пакаранняў за злачынствы, звязаныя з забароненымі рэчывамі. Трэцяя — юрыдычная і псіхалагічная падтрымка вязняў і сваякоў асуджаных паводле артыкулу 328. Ініцыятыва ладзіць абмеркаванні, кінапрагляды і акцыі салідарнасці. Можна дапамагчы кампаніі, падпісаўшы петыцыю і сабраўшы подпісы сярод сваіх сяброў, або стаўшы яе валанцёрам.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024