Леанарда Талькоўскі ў Гродне ўпершыню. Тут нарадзіўся яго бацька, які ў 1936 годзе эміграваў у Аргентыну. Сам Леанарда жыве ў Ізраілі, але ўсё жыццё марыў пабываць на радзіме продкаў. Гэта здарылася 20 мая.
«Майго бацьку звалі Арон Талькоўскі, ён нарадзіўся ў 1920-м у Гродне. Калі яму было 5 гадоў, памерла яго мама, мая бабуля Пея Харыс (Талькоўская). Праз год яе муж, мой дзядуля, з’ехаў у Аргенціну. А двое яго дзяцей трапілі ў мясцовы яўрэйскі прытулак», — распавядае мужчына.Леанарда распавядае, што яго дзядуля, калі з’ехаў у Аргенціну, завёў там раман з мясцовай жанчынай і памяняў прозвішча на Голдберг. Яго дзеці правялі ў гродзенскім прытулку 9 гадоў, пакуль не перабраліся да яго за акіян.
«Я не ведаю, чаму дзядуля вырашыў з’ехаць з Гродна і памяняць прозвішча. Яго дзеці былі ў прытулку шмат гадоў, але ўвесь гэты час яны падтрымлівалі з ім сувязь. У сярэдзіне 1930-х яны напісалі яму і спыталі, калі ж ён іх забярэ. Ён паабяцаў іх перавезці, але на гэта патрэбна была вялікая сума. Як аказалася пазней, за акіянам дзядуля пазнаёміўся з багатай жанчынай і яны разам жылі. Праз некаторы час ён паведаміў дзецям, што знайшоў сродкі, каб іх перавезці, але не сказаў ім, што знайшоў іншую жанчыну. Толькі па прыбыцці ў Аргенціну яны пра гэта даведаліся».
Пра жыццё ў Гродне бацька Леанарда распавядаў неахвотна. Гэты горад быў вельмі далёка і там ужо не было сваякоў, з якімі падтрымлівалася б сувязь. Леанарда адзначае, што ў міжваенны перыяд многія гродзенцы перабраліся за акіян. І нават цяпер там жывуць людзі, якія памятаюць стары Гродна.«Бацька мой не хацеў распавядаць пра Гродна, ён пакінуў яго ў 1936 годзе, калі яму было 16 гадоў. У той час у горадзе былі габрэйскія пагромы, таму і не любіў успамінаць. За акіянам ён працаваў спачатку ў хімічнай прамысловасці, а потым перайшоў у тэкстыльны бізнес. А я ж усё жыццё хацеў пабачыць тое месца, дзе жыў мой бацька і іншыя сваякі. Хацеў даведацца, адкуль мае карані і знайсці магілу бабулі.
Было жаданне яшчэ шмат гадоў таму прыехаць, але не ведаў куды ісці і як мяне тут прымуць. Ад бацькі ў мяне засталіся старыя гродзенскія фатаграфіі, адрас прытулку Скідзельская, 6 [сёння праспект Касманаўтаў] і яго гродзенскі дзённік з пажаданнямі ад сяброў з Гродна на польскай і ідыш".Бацька Леанарда і яго сястра перабраліся за акіян з гродзенскага прытулку, які існаваў аж да Другой сусветнай вайны. Ён быў пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя на сродкі вядомага прамыслоўца Шарашэўскага, уладальніка тытунёвай фабрыкі. Спачатку будынак быў двухпавярховым. Тут пастаянна жыло да 80 сірот.