“Рабяты вельмі хвалююцца, мяркуючы па дрыготкім рукам”, – ацаніў вядучы стан барыста на другім гарадскім латэ-арт-батле. Заўзятары жартам прапаноўвалі выпіць, каб расслабіцца. 13 жніўня ў дворыку на Маставой, 31 барыста з Гродна, Мінска і Магілёва спаборнічалі ў майстэрстве малюнкаў на каве. Пераможца забрала статуэтку з пітчарам (посуд для ўспеньвання малака – Hrodna.life) і прызавы фонд у 250 рублёў.
Першы латэ-арт-батл прайшоў у Гродне год таму. Тады каву ад пераможцы прадавалі з аўкцыёну – яе купілі за 103 рублі. Праз год арганізатары спыталі, ці варта ладзіць другі батл – падпісчыкі падтрымалі. Ужо праз некалькі дзён пасля адкрыцця рэгістрацыі 12 месцаў занялі барыста з Мінска, Магілёва і Гродна, распавёў Hrodna.life арганізатар батла Аляксей Макфарлан (сапраўднае прозвішча – Небышынец). З Гродна паўдзельнічалі кавярні “Тепло”, “Наша Кава”, “Джезва”, “Желтый” і “Какао”. Барыста ўдзельнічаюць у батле, таму што хочуць развіваць свае ўменні, заўважаць свае памылкі і вучыцца ў іншых, лічаць арганізатары.

Латэ-арт (ад італ. “малако” і “мастацтва” — гэта спосаб ўлівання ўспененага малака ў эспрэса, пры якім на паверхні кавы ствараюцца розныя ўзоры. Латэ-арт патрабуе выразнага захавання прапорцый малака і кавы. Узор таксама можна маляваць зубачысткай або вострым прадметам.
Ацэньвалі візуал, а не смак
Работы ўдзельнікаў ацэньвалі па наступных крытэрах: ідэнтычнасць зададзенаму малюнку, кантраст паміж інгрэдыентамі, візуальная якасць пены і сіметрыя малюнка. Смак кавы ў крытэрыі ацэнкі не ўваходзіць.

“Мы больш ацэньваем візуал, так як латэ-арт пра гэта”, – патлумачыў арганізатар. Таму каву проста вылівалі пасля ацэнкі. У планах было пачаставаць наведвальнікаў батла, але не атрымалася праз недахоп посуду.

Спонсары на каву знайшліся, а на малако – не
Працавалі барыста з малаком “Молочный мир 3.2%” і бразільскай кавай ад”Single Step”. “Бразілія – самая стабільная для арт-латэ”, – патлумачыў вядучы мерапрыемства Аляксей Трэгубаў з кавярні “Крепкий Черный”. З афармленнем дапамагла арт-прастора “Фабрика”. За музыку адказваў Funkyjaws.
Калі каву для батла прафінансаваў “Single Step”, то “Молочный мир” ад супрацоўніцтва адмовіўся – малако Аляксей Макфарлан купіў за свой кошт. Унёсак за ўдзел для барыста склаў 30 рублёў.

Як падставіць суперніка
Да пачатку мерапрыемства ўдзельнікі маглі азнаёміцца з абсталяваннем. Далей ішлі паядынкі па сістэме плэй-оф: пасля першага тура з 12 удзельнікаў заставалася шэсць, пасля другога – тры. На гэтым этапе з дапамогай “кола фартуны” вяртаўся адзін з выбыўшых удзельнікаў.
Разбіўшыся на пары, у першым туры ўдзельнікі выбіралі па два малюнкі самастойна. Можна было ўзяць больш лёгкі для сябе або цяжкі – каб “падставіць” суперніка. У наступных турах малюнкі цягнулі ўсляпую. У фінале іх выбіралі самі суддзі. У барыста былі па дзве спробы на малюнак у адборачных турах. У фінале – толькі адна.

На практыцы можна рабіць малюнкі больш крэатыўна і цікавей, распавёў арганізатар Hrodna.life. На батл жа адбіралі малюнкі, якія паказваюць навыкі барыста. Частка малюнкаў былі з мінулага батла, частка – новыя.

Галасаванне праходзіла проста: суддзі паказвалі рукой на кубак з упадабаным малюнкам. Не заўсёды меркаванне ўсіх траіх супадала. Калі кожны з пары барыста атрымліваў па бале, яны малявалі трэці малюнак. З яго падборам дапамагала незацікаўленая ў зыходзе батла “напарніца” вядучага – немаўля Джыа. Нягледзячы на канкурэнцыю, удзельнікі дапамагалі адзін аднаму з мыццём посуду і падтрыманнем чысціні абсталявання.
Пераможца: “Падрыхтавалася, але рукі ўсё роўна дрыжалі”
Узровень удзельнікаў у гэтым годзе стаў мацнейшым, барацьбы было больш. “Гэта крута – спадзяюся, рабяты працягнуць гэтым займацца”, – сказаў арганізатар.
“Пазмагацца таксама заўсёды прыемна, хоць і нервы. Я сябе памятаю – уяўляю, як гэта, – распавёў Аляксей Макфарлан. – Робім, таму што трэба гэта развіваць, паказваць людзям, што гэта таксама цікава і складана. І што праца барыста – не такая простая, як можа здацца на першы погляд”.
Пераможцай арт-латэ-батла ўжо другі раз стала барыста “Нашай Кавы” Наталля Мялешка. Яна займаецца кавай тры-чатыры гады. “Пару разоў проста ўвечары заставалася ў “Каве”, узяла малюнкі з мінулага года, іх трошку прагнала, знайшла малюнкі ў інтэрнэце – іх таксама трошку памалявала. Ну і так, больш маральна сябе супакоіла. У прынцыпе, атрымалася”, – распавяла Hrodna.life Наталля аб падрыхтоўцы да конкурсу. Але прызналася, што рукі ўсё ж дрыжалі.
“Бацькі пытаюцца: ты ў старасці таксама будзеш каву людзям разносіць?”
У 2022 годзе адмянілі нацыянальны фестываль па арт-латэ. Рэспубліканскія і міжнародныя конкурсы плануюцца ў наступным годзе, распавёў Аляксей Макфарлан. “Батл – гэта ў першую чаргу яркія эмоцыі. Вельмі цяжка развівацца, калі не праводзіцца нейкіх чэмпіянатаў. Матывацыя знікае, калі ты разумееш, што выйсці і паказаць тое, што ты ўмееш, не можаш”, – сказала Наталля.

Пераможца лічыць, што ёй ёсць куды расці ў гэтай сферы. Калі ты паказаў сябе на сур’ёзных чэмпіянатах, можна пайсці працаваць у “абжарку”, займацца навучаннем барыста і кансультаваннем у новых кавярнях. Можна адкрыць сваю кавярню – але гэта хутчэй для тых, хто гатовы займацца арганізацыйнымі пытаннямі. Але для старэйшага пакалення такая праца да гэтага з’яўляецца ніжэй за сярэднюю: маўляў, барыста – гэта “абслуга”, лічыць Наталля. “Да гэтага часу бацькі кажуць: і што, ты ў старасці таксама будзеш каву людзям разносіць? Хоць, здаецца, пачынаюць у мяне верыць”.
“Магчымасць ёсць, але не ўсе хочуць несці адказнасць. У працы барыста таксама свой кайф. Кар’ерная лесвіца досыць простая: ты становішся адміністратарам, кіраўніком. Хтосьці гэтага не хоча – а сыходзіць у творчасць”, – лічыць Аляксей.

Грошы пераможца выдаткуе на прыгожы посуд і “банкі-склянкі” для пераезду. Вераніка, якая апынулася на другім месцы, атрымала 50% зніжку на навучанне ў “Single Step”.
Чытайце таксама:













