Незвычайная пяльменная з нацыянальным каларытам, столлю з качалак і падушкамі ў выглядзе пельменяў магла з’явіцца ў Гродне на вуліцы Урыцкага. Гэтага не адбылося, бо ўладальнікі вырашылі, што цяпер не лепшы час для адкрыцця такой установы.

Карэспандэнтка Hrodna.life пагутарыла з заснавальнікамі студыі інтэр'еру «Место» Сяргеем Дзедзіным і Юліяй Курбат і даведалася, як нараджаўся праект дызайну, які так і не ўдалося рэалізаваць.

Гліняныя сцены і качалкі на столі. Дызайнеры з Гродна прапанавалі круты праект, але яго не рэалізавалі
Юлія Курбат і Сяргей Дзедзін — заснавальнікі студыі інтэр'еру «Место». Фота: Hrodna.life.

Студыя дызайну «Место» існуе восем гадоў. Яна займаецца праектаваннем прыватных і грамадскіх інтэр'ераў. Найбольш вядомыя праекты, якія студыя распрацавала ў Гродне: кавярні «Справа», «Проходная» і «Крепкий черный», вінны бар «Красным по белому», караоке-бар «Bardo», барбершоп «13th», фітнес-зала «Титан», салоны прыгажосці «Velvet», «Флакон» і «Otter». З новага — крама «Zefir» у гандлёва-забаўляльным цэнтры «Triniti».

Два праекты пяльменнай: савецкі стыль і нацыянальны каларыт

Сяргей і Юлія зрабілі два праекты дызайну для пяльменнай. Першы варыянт яны распрацавалі пад савецкую тэматыку і хацелі, каб установа выглядала падобнай да хіпстарскай версіі савецкай сталовай. Гэты праект атрымаўся больш нефармальным і моладзевым: сценка з шклаблоку, падлога ў стылі савецкага «тэрацца» (савецкія паліраваныя бетонныя падлогі з каменьчыкамі або кавалкамі мармуру ў холах і калідорах грамадскіх будынкаў - Hrodna.life), вялікі малюнак з пельменямі на сцяне, савецкая керамічная плітка ў зоне выдачы ежы, надпіс над барнай стойкай «Замес» і надпіс у зоне прыём ежы «Еш, маліся, ляпі…».

Другі варыянт дызайнерам падабаецца больш. Тут яны хацелі падкрэсліць нацыянальны каларыт. Разлік быў больш на турыстаў, якім гэта цікава. «Вельмі не хацелася біць нацыянальнасцю «ў лоб» і атрымаць «карчму-стайл», мы хацелі зрабіць акцэнт «на нотках», — кажа Юлія Курбат.

Памяшканне, якое выбралі для пяльменнай, невялікае — прыкладна 30 квадратных метраў. Таму важнымі былі зручнасць і лаканічнасць. Каб не займаць шмат месца мэбляй, Юлія і Сяргей прыдумалі скругленую лаўку ўздоўж сцяны. Яна плаўна перацякае і аб’ядноўвае ўсю прастору. «Пуфікі-грыбочкі, сталы і крэслы можна мяняць месцамі, як зручна», — кажа Сяргей Дзедзін.

Сцены дызайнеры планавалі аформіць глінянай тынкоўкай або сапраўднай глінай, падлогу — узорам мазаікі, сцяну за барам — з металлапрофілю (добры фон і практычнасць для ўборкі).

Дадатковыя элементы дэкору: «арт» на сцяне з формаў для пельменяў, столь з качалак, неонавы надпіс «Zames» і падушкі ў выглядзе пяльменяў.

«Мне здаецца, гэты праект больш прапрацаваны з канцэптуальнага пункту гледжання», — лічыць Сяргей.

«Важна захоўваць спадчыну, але адаптаваць яе да сучасных рэалій»

«У мяне заўсёды ўзнікае пытанне: чаму ў часы класіцызму не будавалі як раней, а будавалі як „цяпер“. Чаму людзі будуюць цяпер як раней? У праекце пяльменнай мы гэта спрабавалі паказаць — не абавязкова рабіць як калісьці. Можна тыя ж старыя тэхналогіі, напрыклад гліняную тынкоўку, прынесці ў сучасны інтэр'ер. Важна захоўваць спадчыну, але трэба адаптаваць яе да сучасных рэалій. Вось нашая думка», — кажа Юлія.

«Гэта як новы погляд на простыя рэчы. Мы ўзялі за аснову элементы нацыянальнай эстэтыкі», — дапаўняе Сяргей.

На кожны праект сыходзіць розны час. Пры працы над пяльменнай дызайнеры паспелі зрабіць толькі візуалізацыю, на якую спатрэбілася каля тыдня. «Але гэта ж няскончаная праца. Калі б мы рэалізавалі праект цалкам, гэта заняло б прыкладна тры месяцы», — сцвярджае Юлія.

Чаму пяльменная — гэта добрая ідэя

У Горадні раней была папулярная закусачная «Пяльменная». З 1961 па 2000 год яна працавала ў будынку на Савецкай, 23. У 2010 годзе там адкрылі бістро «Семафор». У траўні 2021 года права арэнды памяшкання прадалі за 52 000 рублёў. Яго набыў уладальнік сеткі кафэ «Ш&Б» Віктар Ларыёнаў.

Яшчэ пельмені можна было замовіць у «Чабурэчнай» на вуліцы Ажэшкі, 1. Але яна зачынілася ў 2017 годзе. Цяпер пельмені ўласнага прыгатавання падаюць у «Чабурэчнай» на Віленскай і ў «Драніках» на Ажэшкі.

Гліняныя сцены і качалкі на столі. Дызайнеры з Гродна прапанавалі круты праект, але яго не рэалізавалі
Пяльменная на Савецкай, 23 у савецкія гады. Фота: newgrodno.by

Некалькі гадоў таму да Сяргея і Юліі са студыі «Место» звярталіся за праектам пяльменнай па адрасе Тэльмана, 4. Там планавалі рабіць розныя віды пяльменяў. Тады паспелі зрабіць толькі накіды дызайнерскага праекта, але ў выніку пяльменная так і не адкрылася. ЗАраз там працуе бар «Сон».

«Пяльменная — гэта класная гісторыя для Гродна, бо гэта монапрадукт. У нас не так шмат устаноў, якія канцэнтруюцца на чымсьці адным», — лічыць Сяргей Дзедзін.

«Калі распыляцца на ўсё, часцей атрымліваецца нешта сярэдняе. А чым вузейшая спецыялізацыя, тым лепш ты яе разумееш і якасней робіш», — дапаўняе Сяргея Юлія.

Гліняныя сцены і качалкі на столі. Дызайнеры з Гродна прапанавалі круты праект, але яго не рэалізавалі
Пяльменная на Савецкай, 23. 2003 год. Фота з архіву Hrodna.life

У пяльменнай на Урыцкага хацелі рабіць не толькі класічныя пяльмені. «Гэта такі прадукт, які можа быць шырэйшым за нашае мысленне. Гэта можа быць камбінацыя відаў мяса або без мяса, гэта можа быць і першая, і другая, і трэцяя страва. Можна не толькі зварыць або пасмажыць, але і выкарыстоўваць фрыцюры», — кажа замоўца дызайн-праекта Мікіта (прозвішча ён прасіў не называць).

Чаму пельменяў ўсё ж не адкрылася

Мікіта з партнёрамі пакуль не ўпэўненыя, што чалавек будзе гатовы плаціць за якасныя пяльмені. «Мы хочам зрабіць не халасцяцкі набор з крамы — купіў пачак пяльменяў і наеўся, а зрабіць упор на вытанчанасць. Якасныя інгрэдыенты і якасны прадукт лепш, а гэта значыць даражэй. Мы асцерагаемся пачынаць гэты бізнес, бо няма досведу».

«Прычына таго, што не адкрыліся — празаічная. Мы з партнёрамі баімся ў гэты час заходзіць з гэтым праектам. Але не выключана, што пазней мы яго рэалізуем. Зараз дакладна не можам сказаць», — кажа Мікіта.

Інтэр'ер як адзенне

Пры працы над праектамі ў Сяргея і Юліі бываюць зусім розныя ідэі. Напрыклад, для IT-кампаніі яны хацелі ў цэнтры офіса паставіць жывое дрэва. Ідэю не ўвасобілі, бо гэта было немагчыма тэхнічна.

Зараз тэндэнцыя ідзе да таго, што людзі самі цікавяцца і хочуць цікавых рэчаў. «Бывае, замоўцы прыходзяць з малюнкамі еўрапейскіх устаноў або фатаздымкамі работ вядомых дызайнераў. І яны хочуць зрабіць нешта такое. Гэта прыемна, гэта радуе. Але не ўсе людзі гатовыя да нестандартных рашэнняў», — кажа Юлія.

Больш праблем бывае не з самімі замоўцамі, а з будаўнікамі, якія хочуць зрабіць усё добра. «А нам трэба „кепска“. Нам трэба пакінуць, напрыклад, адкрытыя драты або бетонныя сцены, нам трэба мінімум імітацыі. А ў будаўніка ў галаве: гэта ж непрыгожа», — кажа Юлія.

дизайн студия Место Гродно
Сяргей і Юлія ў студыі дызайну «Место». Фота: Hrodna.life.

«Часта за візуальна простымі рашэннямі стаіць вельмі дэталёвая прапрацоўка: складанасць тэхнічнага выканання, добра прадуманыя вузлы. Наведнік установы будзе глядзець і думаць, што гэта акуратна і выглядае проста, але насамрэч нам гэта далося вялікай болем», — кажа Сяргей.

«Таму нам вельмі падабаецца лавачка ў гэтым праекце. Гэта непарушны канструктыўны элемент, які заўсёды будзе там. Калі рабіць акцэнт на мэблі, і заказчык купіць не тое крэсла, то ўсё абрынецца, увесь канцэпт праваліцца. Мы спрабуем не прывязвацца да таго, што можна сапсаваць», — сцвярджае Юлія.

«Не толькі інтэр'ер робіць установу, гэта не асноватворная частка, — сцвярджаюць уладальнікі студыі „Место“. — Гэта, безумоўна, важна, як адзенне. Калі ты недарэчна нейкаму месцу апрануты, да цябе хутчэй за ўсё будуць дзіўна ставіцца, але магчыма ты ўсім дакажаш, што ты класны. Магчыма ты будзеш добра апрануты, але потым усе зразумеюць, што ты дурань. Пазнаюць нашу дачку і ў андарачку, як кажуць».