«Рабяты вельмі хвалююцца, мяркуючы па дрыготкім рукам», — ацаніў вядучы стан барыста на другім гарадскім латэ-арт-батле. Заўзятары жартам прапаноўвалі выпіць, каб расслабіцца. 13 жніўня ў дворыку на Маставой, 31 барыста з Гродна, Мінска і Магілёва спаборнічалі ў майстэрстве малюнкаў на каве. Пераможца забрала статуэтку з пітчарам (посуд для ўспеньвання малака — Hrodna.life) і прызавы фонд у 250 рублёў.

Першы латэ-арт-батл прайшоў у Гродне год таму. Тады каву ад пераможцы прадавалі з аўкцыёну — яе купілі за 103 рублі. Праз год арганізатары спыталі, ці варта ладзіць другі батл — падпісчыкі падтрымалі. Ужо праз некалькі дзён пасля адкрыцця рэгістрацыі 12 месцаў занялі барыста з Мінска, Магілёва і Гродна, распавёў Hrodna.life арганізатар батла Аляксей Макфарлан (сапраўднае прозвішча — Небышынец). З Гродна паўдзельнічалі кавярні «Тепло», «Наша Кава», «Джезва», «Желтый» і «Какао». Барыста ўдзельнічаюць у батле, таму што хочуць развіваць свае ўменні, заўважаць свае памылкі і вучыцца ў іншых, лічаць арганізатары.

кофе латте арт батл гродно 2022 Мостовая 31
Статуэтка з пітчарам — прыз для пераможцы латэ-арт-батла

Латэ-арт (ад італ. «малако» і «мастацтва» — гэта спосаб ўлівання ўспененага малака ў эспрэса, пры якім на паверхні кавы ствараюцца розныя ўзоры. Латэ-арт патрабуе выразнага захавання прапорцый малака і кавы. Узор таксама можна маляваць зубачысткай або вострым прадметам.

Ацэньвалі візуал, а не смак

Работы ўдзельнікаў ацэньвалі па наступных крытэрах: ідэнтычнасць зададзенаму малюнку, кантраст паміж інгрэдыентамі, візуальная якасць пены і сіметрыя малюнка. Смак кавы ў крытэрыі ацэнкі не ўваходзіць.

Алексей Макфарлан латте арт батл гродно 2022 Мостовая 31
Суддзямі батла былі дызайнер і заснавальнік студыі «Место» Сяргей Дзедзін (на фота справа), прадстаўнік фірмы абсмажвання кавы «Single step» і пераможца чэмпіянату Беларусі па латэ-арту 2018 года Аляксандр Шычко (на фота злева), а таксама сам Аляксей Макфарлан — не толькі арганізатар двух гродзенскіх батлаў, але і пераможца Каляднага латэ-арт-батла ў Мінску ў 2017 годзе (на фота ў цэнтры).

«Мы больш ацэньваем візуал, так як латэ-арт пра гэта», — патлумачыў арганізатар. Таму каву проста вылівалі пасля ацэнкі. У планах было пачаставаць наведвальнікаў батла, але не атрымалася праз недахоп посуду.

"Ты ў старасці таксама будзеш каву людзям разносіць?" У Гродне прайшоў другі латэ-арт-батл

Спонсары на каву знайшліся, а на малако — не

Працавалі барыста з малаком «Молочный мир 3.2%» і бразільскай кавай ад"Single Step". «Бразілія — самая стабільная для арт-латэ», — патлумачыў вядучы мерапрыемства Аляксей Трэгубаў з кавярні «Крепкий Черный». З афармленнем дапамагла арт-прастора «Фабрика». За музыку адказваў Funkyjaws.

Калі каву для батла прафінансаваў «Single Step», то «Молочный мир» ад супрацоўніцтва адмовіўся — малако Аляксей Макфарлан купіў за свой кошт. Унёсак за ўдзел для барыста склаў 30 рублёў.

"Ты ў старасці таксама будзеш каву людзям разносіць?" У Гродне прайшоў другі латэ-арт-батл

Як падставіць суперніка

Да пачатку мерапрыемства ўдзельнікі маглі азнаёміцца з абсталяваннем. Далей ішлі паядынкі па сістэме плэй-оф: пасля першага тура з 12 удзельнікаў заставалася шэсць, пасля другога — тры. На гэтым этапе з дапамогай «кола фартуны» вяртаўся адзін з выбыўшых удзельнікаў.

Разбіўшыся на пары, у першым туры ўдзельнікі выбіралі па два малюнкі самастойна. Можна было ўзяць больш лёгкі для сябе або цяжкі - каб «падставіць» суперніка. У наступных турах малюнкі цягнулі ўсляпую. У фінале іх выбіралі самі суддзі. У барыста былі па дзве спробы на малюнак у адборачных турах. У фінале — толькі адна.

"Ты ў старасці таксама будзеш каву людзям разносіць?" У Гродне прайшоў другі латэ-арт-батл
Турнірная табліца латэ-арт-батла

На практыцы можна рабіць малюнкі больш крэатыўна і цікавей, распавёў арганізатар Hrodna.life. На батл жа адбіралі малюнкі, якія паказваюць навыкі барыста. Частка малюнкаў былі з мінулага батла, частка — новыя.

Алексей Макфарлан кофе латте арт батл гродно 2022 Мостовая 31

Галасаванне праходзіла проста: суддзі паказвалі рукой на кубак з упадабаным малюнкам. Не заўсёды меркаванне ўсіх траіх супадала. Калі кожны з пары барыста атрымліваў па бале, яны малявалі трэці малюнак. З яго падборам дапамагала незацікаўленая ў зыходзе батла «напарніца» вядучага — немаўля Джыа. Нягледзячы на канкурэнцыю, удзельнікі дапамагалі адзін аднаму з мыццём посуду і падтрыманнем чысціні абсталявання.

Пераможца: «Падрыхтавалася, але рукі ўсё роўна дрыжалі»

Узровень удзельнікаў у гэтым годзе стаў мацнейшым, барацьбы было больш. «Гэта крута — спадзяюся, рабяты працягнуць гэтым займацца», — сказаў арганізатар.

«Пазмагацца таксама заўсёды прыемна, хоць і нервы. Я сябе памятаю — уяўляю, як гэта, — распавёў Аляксей Макфарлан. — Робім, таму што трэба гэта развіваць, паказваць людзям, што гэта таксама цікава і складана. І што праца барыста — не такая простая, як можа здацца на першы погляд».

Пераможцай арт-латэ-батла ўжо другі раз стала барыста «Нашай Кавы» Наталля Мялешка. Яна займаецца кавай тры-чатыры гады. «Пару разоў проста ўвечары заставалася ў „Каве“, узяла малюнкі з мінулага года, іх трошку прагнала, знайшла малюнкі ў інтэрнэце — іх таксама трошку памалявала. Ну і так, больш маральна сябе супакоіла. У прынцыпе, атрымалася», — распавяла Hrodna.life Наталля аб падрыхтоўцы да конкурсу. Але прызналася, што рукі ўсё ж дрыжалі.

«Бацькі пытаюцца: ты ў старасці таксама будзеш каву людзям разносіць?»

У 2022 годзе адмянілі нацыянальны фестываль па арт-латэ. Рэспубліканскія і міжнародныя конкурсы плануюцца ў наступным годзе, распавёў Аляксей Макфарлан. «Батл — гэта ў першую чаргу яркія эмоцыі. Вельмі цяжка развівацца, калі не праводзіцца нейкіх чэмпіянатаў. Матывацыя знікае, калі ты разумееш, што выйсці і паказаць тое, што ты ўмееш, не можаш», — сказала Наталля.

"Ты ў старасці таксама будзеш каву людзям разносіць?" У Гродне прайшоў другі латэ-арт-батл

Пераможца лічыць, што ёй ёсць куды расці ў гэтай сферы. Калі ты паказаў сябе на сур’ёзных чэмпіянатах, можна пайсці працаваць у «абжарку», займацца навучаннем барыста і кансультаваннем у новых кавярнях. Можна адкрыць сваю кавярню — але гэта хутчэй для тых, хто гатовы займацца арганізацыйнымі пытаннямі. Але для старэйшага пакалення такая праца да гэтага з’яўляецца ніжэй за сярэднюю: маўляў, барыста — гэта «абслуга», лічыць Наталля. «Да гэтага часу бацькі кажуць: і што, ты ў старасці таксама будзеш каву людзям разносіць? Хоць, здаецца, пачынаюць у мяне верыць».

«Магчымасць ёсць, але не ўсе хочуць несці адказнасць. У працы барыста таксама свой кайф. Кар’ерная лесвіца досыць простая: ты становішся адміністратарам, кіраўніком. Хтосьці гэтага не хоча — а сыходзіць у творчасць», — лічыць Аляксей.

"Ты ў старасці таксама будзеш каву людзям разносіць?" У Гродне прайшоў другі латэ-арт-батл

Грошы пераможца выдаткуе на прыгожы посуд і «банкі-склянкі» для пераезду. Вераніка, якая апынулася на другім месцы, атрымала 50% зніжку на навучанне ў «Single Step».

Чытайце таксама: