Бацькі могуць адчуваць разгубленасць, страх альбо віну, калі дзеці кажуць пра сваю гендарную ці сэксуальную ідэнтычнасць, адрозную ад іншых. Але галоўная рэакцыя з іх боку – падтрымка і павага, якія могуць паўплываць на жыццё дзяцей у будучыні. Рэдакцыя Hrodna.life прачытала адмысловую брашуру і публікуе парады бацькам квір*-дзяцей. Яны падрыхтуюць да сітуацыі, калі дзіця будзе гатова размаўляць, а таксама дапаможа зразумець, што ваша дзіця баіцца ініцыяваць дыялог. 

*Квір – гэта тэрмін, які аб’ядноўвае людзей, чыя сэксуальная арыентацыя, гендарная ідэнтычнасць або самавыяўленне не ўпісваюцца ў традыцыйныя нормы. Па выніках апошніх справаздач міжнароднага даследчага цэнтра The Trevor Project, прыблізна 8-10% падлеткаў у ЗША ідэнтыфікуюць сябе як квір-персон. Даследаванні ў Беларусі не праводзіліся.  

Як абараніць дзіця ад дыскрымінацыі?

Калі ваша дзіця сутыкаецца ў грамадстве ці школе з кепскім стаўленнем да сябе, бацькі павінны быць гатовы стаць на яго бок і заахвочваць сваё дзіця да самапавагі. Заўсёды прымайце бок свайго дзіцяці. Не пакідайце яго сам-насам з праблемамі.

Парада: растлумачце, калі вашаму дзіцяці неабходна звярнуцца па дапамогу да настаўніка ці да вас. 

Пераадольванне ўласнага страху

Бацькам трэба быць гатовым да сваіх уласных эмоцый, а таксама да таго, што іх прыйдзецца змяняць, каб не нашкодзіць свайму дзіцяці. Шмат людзей маюць памылковыя веды і стэрэатыпы пра квір-асоб. Дайце сабе час, каб атрымаць веды з надзейных крыніц і пераасэнсаваць гэта. 

Кожнае дзіця заслугоўвае любові і падтрымкі бацькоў. Незалежна ад іх гендарнай ідэнтычнасці ці сэксуальнай арыентацыі. Бацькі павінны разумець, што быць квір-персонай – гэта нармальна і гэты факт не павінен мяняць стаўлення да дзіцяці. Пачніце з прыняцця факта, што ваша дзіця можа быць розным, мець розныя пачуцці, погляды і ідэнтычнасці. Прыняцце гэтай рэальнасці – першы крок да стварэння здаровага, любячага асяроддзя, неабходнага кожнаму. 

Як паводзіць сябе?

Калі вы бачыце, што ваша дзіця гатова размаўляць з вамі (на самыя розныя тэмы) – выслухайце яго ці самі прапануйце размову. Пакажыце, што вы адкрыты да дыялогу, без асуджэння і з павагай да яго/яе. Напрыклад, калі ваша дзіця кажа, што хоча выкарыстоўваць іншыя займеннікі, ці называцца іншым імем, гэта важна падтрымаць. 

Парады бацькам: 

  • Важна мець адкрыты дыялог з дзіцём. 
  • Калі вы не ведаеце адказ на пытанне вашага дзіцяці, варта адкрыта пра гэта сказаць, напрыклад: “Давай разам пашукаем адказ на тваё пытанне?” Гэта пакажа вашу падтрымку і жаданне дапамагчы. 
  • Вам можа быць цяжка зразумець і прыняць сваё дзіця праз прызму поглядаў на гэты конт грамадства і вашых сяброў. Але важна стаць на бок вашага дзіцяці і паказаць прыклад  павагі да ўсіх, незалежна ад іх ідэнтычнасцяў. 
  • Калі ваша дзіця стала ахвярай булінгу* (цкавання) ў школе, вам патрэбна разумець, што трэба ўключыць настаўнікаў і адміністрацыю школы, а таксама як дакументаваць такія інцыдэнты, ужываючы законы аб правах чалавека. 

*Булінг – агрэсіўны пераслед аднаго з членаў калектыву (асабліва калектыву школьнікаў і студэнтаў, але таксама і калег) з боку іншага, але таксама часта групы асоб, не абавязкова з аднаго калектыву. Цкаванне арганізуе лідар, часам з саўдзельнікамі, а большасць застаюцца сведкамі. 

  • Бацькам важна дапамагаць свайму дзіцяці развіваць эмацыйны інтэлект. Гэта неабходна, каб дзіця магло лепш разумець свае пачуцці. Гэта асабліва важна для квір-персон, якія могуць сутыкацца з негатыўнымі рэакцыямі ў грамадстве. Таксама выкарыстоўвайце тэхнікі актыўнага падтрымання ў вашай сям’і.  
  • Псіхалагічная падтрымка можа быць важнай як для дзіцяці, так і для бацькоў. Не ігнаруйце такую неабходнасць, калі бачыце, што самім цяжка справіцца з сітуацыяй. 
  • Не цурайцеся прасіць пра дапамогу. Асабліва важна мець прыязнае асяроддзе, дзе можна размаўляць на любыя тэмы. А таксама важна ствараць такое асяроддзе самім. А месцам талерантнасці заўсёды павінен быць ваш дом. 

Чытайце таксама: «Важатыя казалі, каб дачка пазваніла мамам». Квір-эмігранты — пра пераезд у Польшчу, касцёл і гамафобію