Рэдакцыя Hrodna.life працягвае аналізаваць гродзенскі рынак нерухомасці на сайце Kufar.by. Мы ўжо пісалі пра самыя дарагія і самыя танныя кватэры, якія можна купіць у Гродне. Зараз мы выбралі кватэры, якія можна зняць да 100 долараў на месяц. Некаторыя з іх — не ў самім Гродне, а побач з горадам.
За $ 50 — трохпакаёвая ў Рацічах
Трохпакаёвая кватэра ў аграгарадку Рацічы, 12 км ад Гродна. У аб’яве пазначана, што побач ёсць школа і крама, ходзіць грамадскі транспарт, ехаць да горада — 20 хвілін. Ёсць ЗВЧ пліта і халадзільнік.
Па вуліцы 17 верасня — за $ 75
Кватэра ў доме 1950 года пабудовы. Ёсць пральная машына, халадзільнік, сталовыя прыборы. А вось ваннага пакоя няма. Фатаграфій у аб’яве таксама няма. «Чыстая, светлая» — пішуць арэндадаўцы. Мяркуючы па адрасе, гэта кватэра ў прыватным доме ў самым цэнтры раёна Новы свет.
На Фолюшы — за $ 90. Але без жывёл
Аднапакаёвая кватэра з прыстойным рамонтам. У кватэры няма мэблі.
За $ 92,27 (230 руб.) амаль у цэнтры
Аднапакаёвая кватэра па вуліцы Гогаля. Аўтары аб’явы пішуць, што гэта ў цэнтры. Але ж мы ведаем, што раён Савецкіх пагранічнікаў цэнтрам можна лічыць ўмоўна: як мінімум трэба перайсці праз Стары мост.
Уладальнікі пакінуць халадзільнік і кухонны стол. З жывёламі можна.
За $ 100 — не для эстэтаў на Паўднёвай
Аднапакаёвая кватэра на вуліцы Паўднёвай — на 10 паверсе дома 2005 года пабудовы. У аб’яве няма фота, але пазначана, што ў кватэры будаўнічы рамонт. «Усё сціпла без вынаходстваў. Эстэтаў просьба не турбаваць», — пішуць уладальнікі. Просяць аплату за месяц наперад.
На Дзяржынскага за $ 100. Не для студэнтаў
У аб’яве пазначана, што ў кватэры ніхто не зарэгістраваны. Гэта значыць, камунальныя паслугі будуць каштаваць даражэй, чым звычайна.
Дом цагляны, 1995 года, знаходзіцца на Дзевятоўцы. Арэндадаўцы пішуць, што побач два дзіцячыя садкі, школа, у крокавай даступнасці крамы і рынак. Просяць перадаплату. Але ў кватэры няма мэблі «ад слова зусім» — пішуць у аб’яве. Фота няма.
Двухпакаёвая па вуліцы Брыкеля за $ 100
У гэтай кватэры ёсць халадзільнік і часткова мэбля.
У раёне аўтавакзала і з пральнай машынай за $ 100
Здаюць па дамове пары без жывёл і шкодных звычак. Ёсць мэбля, халадзільнік і пральная машына. Просяць заклад на адзін месяц. Кватэра знаходзіцца на Захарава, 24, у доме з бізнес-цэнтрам «Ліра».
З частковымі выгодамі па вуліцы Прагулачнай за $ 100
У кватэры ёсць мэбля, халадзільнік. У аб’яве пазначана, што выгоды — частковыя. Мы не змаглі высветліць, што маецца на ўвазе пад частковымі, бо на тэлефанаванне арэндадаўцы не адказалі. Кватэра знаходзіцца ў раёне Панямунь. Не выключана, што нават ў самой былой каралеўскай рэзідэнцыі.
Двухпакаёвая па вуліцы Дамброўскага за $ 100
Арэндадаўцы пішуць, што кватэра ў зяленым раене (і гэта праўда). Рамонт касметычны. У крокавай даступнасці: прыпынак грамадскага транспарту, крамы, аптэка, пошта, дзіцячыя сады, школа. У кватэры есць пральная машына, халадзільнік. Але спальнага месца няма. Пераважна сямейнай пары з дзецьмі. Студэнтаў, завочнікаў, замежнікаў вельмі просяць не турбаваць. Кватэру здаюць па дамове.