Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай і Ажэшкі «Гродзенскіх прысмакаў» — фірмовай крамы мясакамбіната, якая прыйшла на змену былой «Нарачы». Частка гараджан лічыць, што крамаў з добрым асартыментам недастаткова, іншыя сцвярджаюць, што ўсё ў парадку. Рэдакцыя Hrodna.life даведалася меркаванне гродзенцаў, вывучыла, якія крамы ёсць у крокавай даступнасці ў жыхароў цэнтра, і папрасіла урбаніста растлумачыць, чаму яны неабходныя для гарадской інфраструктуры.
«Хадзілі па цэнтры — як там людзі жывуць, хлеба купіць няма дзе»
На пачатку лістапада пасля рамонту аднавіла працу крама «Гродзенскія прысмакі» на Ажэшкі, 1. Гродзенцы паставіліся да навіны з радасцю. На думку некаторых гараджан, у цэнтры Гродна дэфіцыт харчовых крамаў.
@presentbar.by Наш inst: presentbar.by #шары #открытие #шарывоздушные #гроднобеларусь #гродно #рекомендации #реки #шар #гроднобеларусь🇧🇾🇧🇾🇧🇾 ♬ Warriors Celestial Crown — PsychoLua
«Раней у цэнтры было шмат харчовых крамаў - „Пятая“, універмаг, хлебная на Дамініканскай. Цяпер толькі Баторыя з оверпрайсам і сумнеўнай прадукцыяй і Ваўкавыскі. Цяпер усё захламлена кафэшкамі, барамі і іншай непатрэбнай бздурай», — выказаўся ў каментарах Resident_TikTok98.
«У цэнтры горада ніводнай харчовай крамы на Савецкай! Куды хадзіць людзям у цэнтры», — пацікавіўся яшчэ адзін каментатар.
«Недагляд гарадскіх уладаў, у раёне дамоў і арганізацый і цэнтра горада няма зусім прадуктовых крам. Цэнтр горада, госці таксама напэўна шукаюць прадуктовыя крамы ў цэнтры», — лічыць адзін з удзельнікаў абмеркавання.
«Хадзілі па цэнтры амаль гадзіну. Як там людзі жывуць? Хлеба купіць няма дзе. Адны гамбургеры і хотдогі», — напісаў Сяргей.
Наталля дадае, што ёй «не хапае крам з агароднінай».
«Недахопу крамаў не адчувала»
Ёсць сярод гродзенцаў і тыя, хто не адчувае дэфіцыту невялікіх магазінаў у цэнтры горада. Пры гэтым гродзенцы выказваюцца не толькі ў TikTok: падобныя абмеркаванні з’явіліся ў Threads і ў Facebook.
«Мы з дачкой увесь час сталуемся ў бабулі на Сацыялістычнай. Звычайна ў „Родны Кут“ на Карбышава ганяю па неабходнасці, там і прыватны [магазін] праз дарогу і „Баторыя“ побач, насупраць ЗАГСу адкрылі зноў магаз. „Раскоша“, так увогуле бомба. Няма праблемы, як такой», — распавёў Андрэй.
«Гэтых крамаў фармату „каля дома“ дастаткова для пакупкі штодня неабходных прадуктаў: хлеб, малочка, крупы… Для вялікай закупкі не так далёка гіперы. Не бачу праблем», — напісала Кацярына.
«На Скідзельскім свежае мяса і гародніна. „Еўраопт“ на Ціміразева вельмі сумны. А на Кастрычніцкай Ваўкавыская крама, нядрэнная», — адзначыла Юлія.
«Молам месца на ўскраіне. Крам „каля дома“ дастаткова і ў цэнтры, і ў спальніках», — лічыць адна з удзельніц абмеркавання.
«Калісьці здымала кватэру на Савецкай — было проста супер. І недахопу крамаў не адчувала», — напісала Алена.
Дзе ў цэнтры крамаў удосталь і за якімі прадуктамі даводзіцца ездзіць далей
Хоць не ўсе гродзенцы адчуваюць недахоп крамаў у цэнтры, некаторыя з іх прызнаюцца — «элітныя» прадукты (часам гэта можа быць проста багет) каля дома не купіш. Таму даводзіцца ехаць у буйныя крамы кшталту «Кароны».
Гродзенец Аляксандр Зімін лічыць, што ў горадзе найперш улічваюцца патрэбнасці жыхароў спальных раёнаў.
«Турыстаў жа не настолькі цікавяць батон, кефір і пяльмені, каб дзеля іх адчыняць у цэнтры лішнюю краму. Гэта вельмі дарагое задавальненне, а ўладальнікі сетак на страту сабе працаваць не стануць», — напісаў у Facebook гродзенец.
На думку Зіміна, пашанцавала тым, хто жыве крыху наводдаль ад цэнтра, напрыклад у раёне парку Жылібера.
«У нас ужо пад бокам „Капеечка“ на Дзяржынскага, „Светлафор“ і „Фікс Прайс“ на 1 Мая, гіпермаркет „Еўраопт“ на Ціміразева».
Узгадваюць гродзенцы і даўно зачыненыя крамы ў гістарычным цэнтры. «Нармальны быў гастраном на вуглу Крупскай і Парыжскай камуны. Цяпер там прадаюць шпалеры. Капіталізм, аднак», — піша Юрый пра былы «Цэнтральны», які зачыніўся амаль шэсць гадоў таму. Іншыя ўспамінаюць краму ў падвале ўнівермага, а старэйшыя — прадуктовы на Свярдлова, які працаваў з савецкіх часоў і прыкладна да сярэдзіны 2010-х.
У крамах у цэнтры Гродна добры асартымент, але ёсць чэргі
У радыусе кіламетра ад Савецкай плошчы ёсць дзесяць прадуктовых крамаў і адзін прадуктовы рынак. Пры гэтым не ўсе крамы ўніверсальныя: некаторыя спецыялізуюцца на мясе, іншыя — на салодкім.
Бліжэй усяго — у 100 метрах, знаходзіцца гандлёвы дом «Баторыя» (вул. Стэфана Баторыя) з харчовай крамай і кафэтэрыем.
Як адзначаюць у Яндэкс Картах некаторыя гродзенцы, асартыменту ў «Баторыі» дастаткова, каб набыць там неабходныя прадукты накшталт хлеба ці малака. А вось з выбарам садавіны часам бывае праблема — пад яе выдзелена занадта маленькая палічка.
Амаль на такой жа адлегласці, каля 200 метраў ад Савецкай плошчы, знаходзіцца крама ад Ваўкавыскага мясакамбіната (вул. Кастрычніцкая). Гродзенцы задаволены асартыментам крамы, а сярод мінусаў адзначаюць графік працы. На думку гараджан, крама закрываецца рана — у 19.00.
У 400 метрах ад Савецкай плошчы знаходзіцца адразу дзве крамы — «ГроДар» (вул. Дамініканская) і «Абухава» (вул. Вялікая Траецкая). Першая належыць ААТ «Бакалея Гродна» і спецыялізуецца перш за ўсё на шакаладзе і алкаголі. Другая — крама СВК імя Сянько і вядомая вялікім выбарам мяса і каўбас.
Да «ГроДару» ў гродзенцаў прэтэнзій няма — адзначаюць заўсёды свежую прадукцыю і вялікі выбар «прысмакаў для тых, каму за 30».
У «Абухава» гродзенцаў прыемна ўразіў фарш — кажуць, вельмі добрай якасці. Затое дабіваюць чэргі, якія там «прыкладна заўсёды». «Займаюць чаргу да пачатку адкрыцця крамы са сваімі крэсламі», — піша Аляксандр.
У 450 метрах ад Савецкай плошчы на вуглу Свярдлова і Камсамольскай знаходзіцца «Еўраопт». Абноўленыя «Гродзенскія прымаскі» адкрыліся 550 метраў ад плошчы.
Адлегласць ад цэнтра горада да «Магаза» на Карбышава 650 метраў. Пакуль адны гродзенцы ў захапленні адзначаюць, што ў краме «чароўная тушонка», іншыя папярэджваюць наконт пратэрмінаванай малочкі і недахопу ў асартыменце гародніны.
Амаль за 800 метраў ад плошчы знаходзіцца «Родны кут» (вул. Леніна). «У краме жыве дух 90-х», — папярэджваюць гродзенцы.
Ва ўстаноўленым радыусе адшукаўся яшчэ адзін «Еўраопт» на Лермантава — крыху больш за 800 метраў ад плошчы.
Адлегласць ад Савецкай плошчы да крамы «Хлеб» каля аўтавакзала — 850 метраў. Гродзенцы задаволены хуткім абслугоўваннем, «атмасферай як у дзяцінстве» і заўсёды свежым хлебам у магазіне.
Скідзельскі рынак знаходзіцца амаль за 900 метраў ад Савецкай плошчы. Праўда, ён працуе да 16:00, а многія крамы на ім наогул да 15.00 — таму зайсці за пакупкамі пасля працы наўрад ці атрымаецца. Гродзенцы адзначаюць зручнае размяшчэнне рынку. Некаторыя гараджане скардзяцца на адсутнасць зручнай паркоўкі.
Урбаністка: для турыстычнага Гродна крамы ў цэнтры — неабходнасць
Для Гродна — папулярнага сярод турыстаў горада — наяўнасць крамаў у цэнтры неабходна, лічыць архітэктарка і кансультантка ў сферы урбаністыкі, якая ў размове з Hrodna.life пажадала захаваць ананімнасць.
— Калі мы падарожнічаем, мы вельмі шмат часу знаходзімся ў гарадской прасторы. І доступ да перакусу і вады, які забяспечваецца ў магазінах, крытычна важны для турыста.
Функцыянальнасць гарадской інфраструктуры і яе зручнасць стымулююць рост турыстычнай плыні, дадае спецыялістка.
— Калі зусім наўпрост казаць, то адсутнасць крамы ў горадзе можа скараціць колькасць турыстаў і перашкодзіць гораду ў заробку грошаў.
Як крамы ўплываюць на ўзровень крыміналу
Крамы ў цэнтры ўплываюць не толькі на турыстаў, але і на мясцовых. Дзякуючы ім гарадская прастора робіцца больш бяспечнай і разнастайнай.
Напрыклад, з дапамогай празрыстых фасадаў або актыўных першых паверхаў у горадзе рэалізуецца паняцце «сацыяльнага кантролю». Узровень крыміналу зніжаецца, а людзі на вуліцы адчуваюць сябе ў бяспецы, тлумачыць суразмоўніца.
— Бяспечна там, дзе ёсць людзі і дзе ты адчуваеш сябе пад назіраннем іншага чалавека. Часцей за ўсё крамы — гэта прасторы з вялікімі вокнамі, дзе заўсёды ёсць людзі. Мы іх нават можам не бачыць, але адчуванне бяспекі ўсё роўна ёсць.
Акрамя таго, невялікія крамы «дробяць» фасады будынкаў на разнастайныя часткі, што робіць перамяшчэнне па горадзе з пункту гледжання псіхалогіі больш камфортным.
— Псіхалагічна складана ісці міма доўгай агароджы, але такую ж адлегласць лёгка прайсці, калі будзе шмат розных устаноў, — адзначае урбаністка.
Чаму ў Гродне да гэтага часу няма сеткі маленькіх крамаў каля дома
У Польшчы канцэпцыю «крамы ў пяці хвілінах пешшу» удалося рэалізаваць з дапамогай франшызы Żabka («Жабка»). Сваю папулярнасць сетка атрымала дзякуючы даступнасці ў гарадской прасторы — у буйных польскіх гарадах Żabka можа сустракацца кожныя 200−300 метраў. Як правіла, магазіны працуюць да позняга вечара, у тым ліку і ў выхадныя дні.
— Адзін з плюсаў такой канцэпцыі - даступнасць. Але ёсць і мінусы. Напрыклад, візуальнае забруджванне — калі польскія гарады становяцца напалову зялёнымі [зялёны — фірмовы колер шыльдаў Żabka, — Hrodna.life]. Акрамя таго, з-за з’яўлення буйных гульцоў на рынку, складаней утрымацца прыватным прадпрымальнікам — і сямейныя крамкі, якія людзі вялі гадамі, зачыняюцца проста таму, што яны не могуць канкурыраваць.
У Беларусі з’яўленне сетак кшталту Żabka чакаць у бліжэйшы час не варта, лічыць урбаністка.
— У нас іншая эканамічная сітуацыя, якая не падтрымлівае малы бізнэс. Калі б у нас вялася праца, накіраваная на падтрымку малога прадпрымальніцтва, то праводзіліся б даследаванні, чаго не хапае, чаму бізнэсу складана адкрывацца — тады былі б прыняты пэўныя рашэнні.
Суразмоўніца дадае, што ў Беларусі крамы мясцовых прадпрымальнікаў выцясняюцца буйнымі гульцамі накшталт «Еўраопта» і «Санты».
— Нават у некаторых вёсках, куды прыязджала прыватная аўтакрама, цяпер ездзіць аўтакрама ад «Еўраопту», — адзначае урбаністка.
Ці могуць крамы ў гістарычным цэнтры сапсаваць вайб горада
З’яўленне прыватных крамаў у гістарычнай частцы горада дабратворна адбіваецца на гарадской прасторы. Аднак тут важна ўлічваць два нюансы, адзначае урбаністка.
Першы — гаворка ідзе пра невялікія крамы, а не пра буйныя гандлёвыя цэнтры. Другі - такія бізнэсы трэба ўпісваць у гарадское асяроддзе, не парушаючы агульнага дызайн-кода.
— Напрыклад, на гістарычных вуліцах у Польшчы тая ж шыльда Biedronka [сетка супермаркетаў - Hrodna.life] з жоўта-чырвонай робіцца чорна-белай. Лагатып не такі яркі, але затое ён упісваецца ў асяроддзе. Таму калі ёсць механізм рэгулявання знешняга выгляду крамак, то нічога дрэннага ў гістарычнай частцы горада яны не зробяць.