Гурт “Балцкі субстрат” выступіў у краме “Лёля” 30 кастрычніка. Уладальніца крамы Дар’я Фядотава-Вановіч плануе рэгулярна праводзіць там розныя мерапрыемствы: ад выступаў музыкаў да майстар-класаў.
– Мы адпачатку ладзілі краму як прастору, дзе збіраецца і візуалізуецца ўсё цікавае, што ў нас ёсць. Працы нашых майстроў самі па сабе ствараюць культурную прастору, перадаюць пэўную атмасферу. Вядома, гэта цягне за сабой і іншыя цікавосткі культурніцкага жыцця горада, – кажа Дар’я.

Дар’я кажа, што хоча праводзіць розныя мерапрыемствы. Пэўнага аднога кірунку няма: гэта і музыка, і майстар-класы, і сустрэчы з цікавымі людзьмі. Пакуль мерапрыемствы будуць праходзіць раз на два тыдні. Але Дар’я прызнаецца, што ў яе шмат планаў.


Трэба сказаць, што памяшканне крамы і растаноўка вырабаў часам перашкаджае на мерапрыемствах.
– Памяшканне невялікае, трэба кожны раз неяк прыстасоўвацца, але гэта не шкодзіць. Дзе ёсць жаданне, з’яўляюцца і магчымасці, – усміхаецца Дар’я. – Абзавядземся лавамі ды будзем засвойваць балкон.
Гурт плануе прыехаць поўным складам
“Балцкі субстрат” – адны з першых гасцей, якія выступілі ў краме “Лёля”. Гурт даў акустычны выступ у складзе двух чалавек: Максіма Іўкіна і Ігара Адасіка. Удзельнікі “Балцкага субстрата” называюць сябе “эксперыментальным фолкавым беларуска-балтыйскім праектам”.

Гурт спяваў песні па-беларуску і па-латышску, творы на вершы беларускіх пісьменнікаў і народныя песні з уласнай аранжыроўкай. Скончылі выступ аўтарскімі блюзавымі кампазіцыямі. У будучыні гурт плануе прыехаць у Гродна поўным складам.







