Гродзенец Андрэй Мялешка, які ў 2021 годзе з’ехаў з Беларусі, адкрыў у грузінскім Батумі краму беларускай сімволікі. Ці складана было пачаць бізнес у Грузіі і што можна набыць у краме, гродзенец расказаў Hrodna.life.

Крама беларускай сімволікі Batumiby.ge працуе з 6 лютага. Паліцы запоўнілі за два апошнія тыдні. “Зараз мы працуем у тэставым рэжыме. У пачатку сакавіка адчынімся афіцыйна з музыкай і песнямі”, – сказаў Hrodna.life уладальнік крамы Андрэй Мялешка.

Ад палічкі са значакамі і кубкамі да крамы
Да адкрыцця крамы Андрэй выстаўляў рэчы на продаж у батумскай шматфункцыйнай прасторы “Асяродак”. Там у яго была толькі адна палічка з вырабамі, значакамі, кубкамі і іншымі рэчамі.
“Але мы вырашылі браць на рэалізацыю вырабы ў беларускіх і ўкраінскіх майстроў. Таксама гэта было запатрабавана ў беларусаў і ўкраінцаў, якія тут жывуць”.

Наладзілі пастаўкі з Беларусі
Калі ў жніўні 2021 года ў Гродне ліквідавалі краму беларускай сімволікі “Адметнасць” частку тавараў атрымалася перавезці ў Батумі.
“Крама “Адметнасць” была знішчана, таму я ўзяў частку тавараў на рэалізацыю. Калі мы перавозілі рэчы ў 2021 годзе, то троху быў мандраж, што мы не зможам перавезці”, – распавёў Андрэй. Але ўсё атрымалася: “Мы наладзілі пастаўкі і перавозім з Гродна дасюль”.
Паводле словаў Андрэя, у яго і зараз ёсць супраца і кааперацыя з “Адметнасцю”, якая працуе анлайн. “Яны перадаюць значакі, дзеляцца прынтамі для цішотак”.

Чытайце таксама: Крама «Адметнасць» у Гродне спыніла працу
Што можна набыць у краме Андрэя Мялешкі
У краме прадаюць кубкі, бранзалеты, значакі, нашыўкі, а таксама налепкі з беларускай і ўкраінскай сімволікай. Ёсць цішоткі з “Пагоняй”, а таксама беларускія і ўкраінскія сцягі.
Таксама ў краме можна набыць маркі з прыватнай калекцыі Андрэя, які займаецца філатэліяй. Сярод іх: маркі Асобнага атрада Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама маркі часоў Украінскай Народнай Рэспублікі. “Іх час ад часу купляюць як рарытэт, што было 100 гадоў таму”.

Таксама ў краме можна набыць нашыўкі і какарды з “Пагоняй”, якія насілі вайскоўцы ў 1990-х гадах. Беларускія і ўкраінскія майстры шыюць і прыносяць на рэалізацыю маскі для сна, лялькі, шкарпэткі і шалікі. “Штодзённа з’яўляецца нейкі новы тавар”, – сказаў Андрэй. Зараз з крамай супрацоўнічаюць ужо каля 10 майстроў, якія прыносяць і даюць свае вырабы на рэалізацыю.
Сярод майстроў ёсць і беларусы, якія займаюцца рамяством за мяжой. Напрыклад, гродзенец Вадзім Саранчукоў, які робіць падвескі і завушніцы з гербам Гродна. . “Ён прылятае, прывозіць свае вырабы. Зараз чакаем, што новага прывязе ў бліжэйшы час”.
Чытайце таксама: «Мы не будавалі паветраныя замкі». Вадзім Саранчукоў распавёў, як у жніўні 2020 Гродна стаў «вольным горадам» і чаму гэта так хутка скончылася
Навошта ў краме беларускай сімволікі прадаюць яшчэ і ўкраінскую? Андрэй тлумачыць: “Украінская сімволіка – наша дапамога Украіне. Наша салідарнасць з тым, што там адбываецца [вайна Расіі супраць Украіны цягнецца ўжо больш за год – Hrodna.life]. У хуткім часе мы плануем паставіць скрыначку пад данаты для добраахвотнікаў з Беларусі”.
Якія цэны ў краме беларускай сімволікі Batumiby.ge і хто там купляе
Кубак з “Пагоняй” можна набыць за 25 лары (24 рублі), цішоткі прадаюць ад 40 да 50 лары (38 – 48 беларускіх рублёў), шопер – 40 лары (38 рублёў), значакі і бранзалеты – 10 лары (9,5 рублёў).
Па пакупкі ў краму часцей прыходзяць беларусы і ўкраінцы, кажа Андрэй. “Сёння беларускі дзень – ужо з 11 гадзін прыходзілі беларусы. У пятніцу 24 лютага, у гадавіну пачатку вайны ва Украіне, заходзілі ў асноўным украінцы. Яны куплялі сцягі, значакі і бранзалеты. Таксама заходзілі рускія, якія куплялі ўкраінскую сімволіку. Грузіны пачалі заходзіць і купляць грузінска-украінскія значакі”, – расказаў Андрэй Мялешка.

Адкрыць бізнес у Грузіі: складана ці не?
“Тут вельмі добрыя ўмовы для бізнеса. Мы працуем як мікрабізнес і не плацім падаткаў. Гэта магчыма, калі прыбытак не больш за 30 тыс. лары ($ 11 тыс.) у год. Калі ты перавышаеш суму, то трэба рэгістравацца як малы бізнес, – сказаў Андрэй. – Зараз у нас абароты не такія вялікія, таму пакуль мы пад 0% падаткаабкладання. Гэта Грузія зрабіла спецыяльна такія ўмовы, каб прыходзілі новыя бізнесы”.
Памяшканне, у якім размяшчаецца крама, знаходзіцца ў цэнтры Батумі, паміж дзвюма асноўнымі вуліцамі. Плошча – 15 кв.м, там ёсць палічкі для тавару, месца дзе павесіць вырабы. За арэнду Андрэй плаціць $ 150 у месяц.
“Памяшканне без ацяплення, таму ставім пушку, каб нагрэць. Але апошнія дні добрае надвор’е – +19, таму працуем з адкрытымі дзвярыма”.
Як знайсці краму беларускай сімволікі ў Батумі
Крама Batumiby.ge знаходзіцца на вуліцы 26 Траўня, 41.
Час працы:
- у буднія – 11:00 – 19:00,
- у выхадныя – 12:00 – 19:00.
Асартымент крамы можна паглядзець у Instagram.




