Калі да Дня роднай мовы вы вырашылі папоўніць хатнюю бібліятэку, то раім пашукаць кнігі на “Куфары”. Там творы беларускіх класікаў можна набыць па цане кубка кавы. А поўны збор твораў Уладзіміра Караткевіча прадаецца па цане адной новай кнігі. Hrodna.life паглядзеў, дзе і за колькі прадаюцца кнігі беларускіх класікаў, якімі ў савецкі час былы застаўленыя шафы ў кожным доме.
Міжнародны дзень роднай мовы адзначаюць 21 лютага. Дзень быў абвешчаны ЮНЕСКА і адзначаецца з 2000 года.
За Коласа можна выпіць два кубкі кавы, а за Купалу штодзённа есці круасан
Кнігу Якуба Коласа з творамі “Новая зямля” і “Сымон-музыка” на “Куфары” прадаюць за 3 рублі. У іншых прадаўцоў гэта выданне каштуе 4-5 рублёў. За зборнік вершаў “Мой родны кут” амаль на 500 старонак выдадзены ў цвёрдай вокладцы ў 2000 годзе трэба будзе заплаціць 10 рублёў. Для параўнання – за гэтыя грошы ў гродзенскай кавярні Soul Coffee можна набыць два кубкі амерыкана.

За кнігі Янкі Купалы просяць больш. Напрыклад, за кнігу “Вершы” на 270 старонак 1988 года хочуць 10 рублёў. “Паэмы” Купалы ацэньваюць яшчэ даражэй – 15 рублёў. Таксама можна адшукаць зборнік твораў Купалы з дзевяці тамоў за 120 рублёў. За гэтыя грошы можна на працягу тыдня штодзённа снедаць круасанам з крэмам з авакада і грыбамі ў гродзенскай кавярні “Крепкий белый”.

Кнігу вершаў “Адам і Ева” Рыгора Барадуліна 1968 года прадаюць за пяць рублёў. За 60 рублёў можна набыць чатырохтомнік твораў гэтага аўтара.
Паэму Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш” у перакладзе Браніслава Тарашкевіча прадаюць за 30 рублёў – цана параўнальная з новымі кнігамі ў кнігарнях.
“Бацькаўшчыну” прадаюць за тры рублі
Тры выданні Івана Шамякіна з творамі “Вазьму твой боль”, “Атлатны і карыятыды”, “Экзамен на восень” можна набыць за 11 рублёў. “Бакцькаўшчыну” Кузьмы Чорнага прадаюць за тры рублі. “Песня пра зубра” Гусоўскага 1973 года выдання – 30 рублёў, а вершы і апавяданні Цёткі – 10 рублёў.
Дзіцячыя кнігі “Палескія рабінзоны” Янкі Маўра, а таксама Міхася Лынькова “Міколка Паравоз” і “Пра смелага ваяку Мішку” аддаюць за 10 рублёў.

Палескія хронікі з трылогіі Івана Мележа “Людзі на балоце” са стыльнымі вокладкамі ад сучаснага выдавецтва “Папуры” прадаюць за 55 рублёў. Першы ж том кнігі савецкага перыяду аддаюць за 15 і 25 рублёў. За 120 рублёў можна набыць збор твораў Івана Мележа ў 10 тамах.


Караткевіч у перакладзе каштуе танней за беларускамоўнага
Некаторыя кнігі Уладзіміра Караткевіча, напрыклад “Чорны замак Альшанскі” ў перакладзе на рускую мову аддаюць за бясплатна. За версію на беларускай мове трэба будзе заплаціць 10 рублёў. Кнігу “Нельга забыць” можна набыць за пяць рублёў.
Пераклад на рускую мову “Дзікае паляванне караля Стаха” прадаюць за 17 рублёў. Кніга “Колосья под серпом твоим” каштуе 30 рублёў, у параўнанні з беларускамоўнай версіяй, якую прадаюць за 40 рублёў.

Можна адшукаць некалькі збораў твораў Караткевіча: за 70 рублёў (але толькі сем тамоў з васьмі), за 100 рублёў (але два васьмых тома), за 140 рублёў і за 200 рублёў.



Колькі каштуюць сучасныя выданні?
Магчыма, не варта эканоміць, а лепш падтрымаць сучаснае беларускае кнігавыданне? Параўнаем цэны “Куфара” і найбуйнешай прыватнай кніжнай крамы OZ.by. З сучасных выданняў Янкі Купалы на OZ.by прадстаўлена толькі тры кнігі. За выбраныя творы аўтара трэба будзе заплаціць 25 рублёў, а “Тутэйшыя” каштуюць 15 рублёў. Па запыце Якуб Колас на сайце прадстаўлена восем кніг. Цэны ад 5 рублёў за дзіцячую кнігу “Савось распуснік” да 37 рублёў за трылогію “На ростанях”.


Творы Караткевіча прадаюць ад 9 да 60 рублёў. Усяго на OZ.by 28 кніг гэтага аўтара. На беларускай мове – 21 выданне. Адваротная сітуацыя з Васілём Быкавым – з 32 кніг з толькі дзевяць на беларускай мове. Астатнія – пераклады на рускую мову. Цэны на творы Быкава – ад 10,5 да 50,5 рублёў.
У снежні 2025 года OZ.by падзяліўся статыстыкай. Паводле яе, за год продаж кніг беларускіх аўтараў павялічыўся на 200%. Але калі браць толькі беларускамоўныя выданні, то вынік сціплейшы – продажы выраслі на 30%.

Дзе знайсці “несавецкія” версіі кніг
Творы беларускіх класікаў выдаюцца і перавыдаюцца таксама за мяжой. Напрыклад, у Польшчы. Але цэны кніг вышэйшыя чым у Беларусі. Напрыклад цана на кнігу Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” ад выдавецтва “Камунікат” пачынаецца ад 100 злотых (79 рублёў). А гэта мы яшчэ не лічым кошт дастаўкі з Польшчы ў Беларусь, якія таксама могуць дасягаць 50-60 рублёў.


На OZ.by беларускае выданне “Каласоў” 2023 года каштуе каля 50 рублёў. Такое ж выданне, але на “Куфары” прадаюць за 40 рублёў.
Пры гэтым сучасныя выданні “Каласоў” адрозніваюцца ад савецкіх, якія можна знайсці на “Куфары”. Беларускае выданне 2014 года і польскае 2026-га – больш поўныя. У іх вярнулася прыкладна чвэрць тэксту аўтара, бо савецкае выданне ў рэдакцыі 1968 года было скарочаным.
Зрэшты, калі вы раптам захочаце купіць сапраўды поўны збор твораў Караткевіча, то… у вас гэта пакуль не атрымаецца. Ён складаецца з 25 запланаваных тамоў і пачаў выходзіць яшчэ ў 2012 годзе. Пакуль выйшлі 22 тамы і ў іх ёсць не толькі вядомыя вершы, аповесці і раманы, а яшчэ і сцэнарыі, публіцыстыка, лісты, малюнкі і мноства менш вядомай творчасці класіка.
Некаторыя кнігі з “Куфара” больш нідзе не знайсці
Сярод кніг на “Куфары” альбо ў выданнях, надрукаваных за мяжой, можна адшукаць кнігі якія, хутчэй за ўсё, наўрад ці будуць прадаваць у Беларусі з-за цэнзуры. Напрыклад, кнігу Францішка Аляхновіча “У кіпцюрах ГПУ”, якую на “Куфары” можна адшукаць па дамоўнай цане. У замежных выдавецтвах ёсць кнігі твораў Уладзіміра Някляева, Сашы Філіпенка, Сяргея Дубаўца, якіх на тым жа OZ.by няма.
Там жа можна знайсці творы паэтак, з памяццю пра якіх змагаецца беларуская прапаганда. Напрыклад, факсімільнае выданне “Ад родных ніў” Ларысы Геніюш у “цудоўным стане” (паводле апісання) можна набыць за 30 рублёў. А факсімільнае выданне вершаў “Пад сінім небам” аўтаркі твора “Магутны Божа” Наталлі Арсенневай прадаюць за 25 рублёў. Гэтыя кнігі наўрад ці можна проста так адшукаць у беларускіх кнігарнях.
Чытайце таксама: Ларыса Геніюш і нацызм: ці ёсць нешта агульнае і ці заслугоўвае помнік зносу?
Сусветная класіка, фантастыка і дэтэктывы па-беларуску – але ў рэтра-версіі
Акрамя гэтага, на “Куфары” можна набыць савецкія выданні замежных аўтараў у перакладзе на беларускую мову. Напрыклад, кнігу “Доктар Фаўстус” Томаса Мана за 15 рублёў альбо дэтэктывы Агаты Крысці, творы Майна Рыда і дзіцячую літаратуру.




Колькі будзе каштаваць “гарадзенская бібліятэка”?
Hrodna.life паглядзеў, якія кнігі гродзенскіх ці звязаных з Гродна аўтараў можна набыць на “Куфары” і колькі гэта будзе каштаваць.
Збор твораў Васіля Быкава ў чатырох тамах прадаюць за 40 рублёў. Але можна знайсці і паасобку. Напрыклад, “Знак бяды” каштуе 15 рублёў, зборнік твораў “Пайсці і не вярнуцца” з аднайменнай аповесцю, а таксама творам “Яго батальён” 1979 года выдання – 20 рублёў. А кніга аповедаў у перакладзе на рускую мову з творамі “Дажыць да світання”, “Яго батальён”, “Воўчая зграя”, “Сотнікаў” і “Абеліск” – 4 рублі. За такую ж суму прадаюць кнігу Элізы Ажэшкі “У правінцыі”, але таксама на рускай мове.
Чытайце таксама: Да 100-годдзя Васіля Быкава: успаміны пісьменніка пра Гродна – горад, дзе ён пражыў 25 гадоў
Кнігі Аляксея Карпюка “Вершалінскі рай” і “След на зямлі”, “Партрэт” абыдуцца ў 11 рублёў, а кніга “Партрэт” за 3 рублі. “Вянок” Максіма Багдановіча 1994 года прадаюць за 30 рублёў, але ёсць зборнікі вершаў паэта 1968 года па 10 рублёў за кнігу.
Такім чынам, зборнік твораў у чатырох тамах Быкава, тры кнігі Карпюка і дзве кнігі вершаў Багдановіча можна набыць за 71 рубель.
Кніг Міхася Васілька альбо Дануты Бічэль на “Куфары” мы не знайшлі.



