17 студзеня 2018 года краязнаўцу Віктару Саяпіну магло споўніцца 68 гадоў. Нечакана для многіх хвароба забрала яго ў лютым 2017 года і не дала скончыць пачатыя справы. Віктар Юр’евіч не паспеў выпусціць адну з найважнейшых кніг па гісторыі гродзенскіх вуліц, інфармацыю для якой ён збіраў шмат гадоў.
Займацца гісторыяй гродзенскіх вуліц Віктар Саяпін пачаў у канцы 1990-х, пасля таго як убачыў у газеце «Биржа информации» публікацыю Ігара Трусава, з якой пачалася серыя матэрыялаў, прысвечаных тапаніміцы горада.
«Там і была першая спроба расшыфроўкі назваў вуліц у горадзе. Я вельмі захапіўся, збіраў іх, гартаў газетныя лісты, уваходзіў у тэму, — распавядаў Віктар Саяпін яшчэ ў 2015 годзе карэспандэнту «Твайго стылю». — Толькі ў сярэдзіне 2000-х я даспеў да таго, каб самому нешта напісаць пра вуліцы горада. А першая мая публікацыя выйшла толькі ў 2008 годзе ў газеце «Милицейский вестник». Пасля ўжо быў «Вечерний Гродно», суаўтарства ў «Ад Каложы да Фартоў».
Разам са зборам матэрыялаў пра вулiцы Гродна Віктар Саяпін працаваў над кнігай «50 гродзенскіх вуліц» каля 20 год i выпусцiў яе ў 2015 годзе.
[irp posts="9104″ name=""Энцыклапедыя пасляваеннага жыцця Гродна": выйшла новая кніга Віктара Саяпіна"]
У 2017 годзе Віктар Саяпін планаваў выпуск новай кнігі, куды б увайшла гісторыя ўжо больш за 100 вуліц. Перад смерцю ўсе рукапісы для новай кнігі краязнаўца перадаў у рэдакцыю газеты «Гродзенская праўда». Менавіта з гэтым выданнем ён рыхтаваў выпуск кнігі, якой так і не дачакаўся.
Жонка Віктара Саяпіна Алена добра памятае, што муж быў засмучаны тым, што выхад кнігі зацягваецца.
«Ён усё аддаў у „Гродзенскую праўду“, я ведаю дакладна. А яны кудысьцi ўсё падзелі і так нічога і не выпусцілі, хоць муж чакаў шмат часу, але так і не дачакаўся, — распавядае Алена Міхайлаўна. — Віктар мне казаў, што яны марудзяць і гатовы быў забраць рукапісы ды апублікаваць у свайго пастаяннага выдаўца Рыжага ў „ЮрСаПрынт“. Але не паспеў гэтага зрабіць. Колькі часу ў яго сышло на кнігу, я не ведаю, але магу сказаць, што ён працаваў на працягу многіх гадоў: кожны дзень і без выходных».
[irp posts="41 757″ name=""Пасля зброі, наркотыкаў і прастытуцыі - самы прыбытковы бізнес". Гродзенскі кнігавыдавец пра друкарскую справу з мясцовым каларытам"]
Кіраўнік "ЮрСаПрынт" Аляксандр Рыжы таксама памятае размовы з Віктарам Саяпіным наконт кнігі пра вуліцы і адзначае: калі «Гродзенская праўда» не зможа выдаць яе, то ён гатовы ўзяць рукапісы і апублікаваць іх у сваім выдавецтве — дзеля памяці краязнаўцы.
«Яшчэ да смерці Віктар Юр’евіч мне распавядаў, што ўвесь багаты матэрыял для новай кнігі па вуліцах ён аддаў у газету. Калі не памыляюся, кніга павінна была называцца „150 гродзенскіх вуліц“, якая стала б пашыраным даведнікам па вуліцах Гродна. Але мінула ўжо шмат часу, а кнігі ўсё няма», — адзначыў Аляксандр Рыжы.
[irp posts="41 779″ name="Знаёмства з кнігай: Гродно и гродненцы" Віктара Саяпіна"]
За год у абласной газеце «Гродзенская праўда» адбыліся змены — памяняўся галоўны рэдактар. Павел Сухарукаў, які раней займаў гэтую пасаду, пераехаў у Мінск у выдавецкі дом «Звязда». І менавіта ён асабіста з Віктарам Саяпіным займаўся праектам па кнізе.
«Рукапісы Віктара Юр’евіча ў надзейных руках, яны не знікнуць. Пачаткова я займаўся гэтай кнігай і мы з краязнаўцам нават паспелі разгледзець некаторыя макеты, але ўсё ўзгадніць не паспелі. Хацелася б кнігу скончыць і выдаць, гэтае пытанне будзем вырашаць у бліжэйшы час. Калі ўжо не атрымаецца, то рукапісы вернем сям'і», — адзначыў Павел Сухарукаў.
Пакуль вырашаецца пытанне з рукапісамі для новай кнігі, гродзенскія гісторыкі, краязнаўцы і сябры Віктара Саяпіна плануюць у пачатку лютага зладзіць вечарыну яго памяці, а таксама прэзентаваць новае выданне з рэдкімі фотаздымкамі Гродна.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…