Гродзенцы Давід і Аляксандр у канцы 2018 года запусцілі ў Гродне клуб “Titan” – адзіны, дзе асноўным напрамкам з’яўляецца кросфіт. За некалькі месяцаў зала ў цэнтры горада сабрала каля сотні наведвальнікаў, якія аддаюць перавагу сур’ёзным фізічным нагрузкам.
Кросфіт – гэта высокаінтэнсіўная інтэрвальная трэніроўка, падчас якой комплекс практыкаванняў выконваецца максімальна хутка. Пры гэтым нагрузкі накіраваны не толькі на прапрацоўку сілавых якасцей, але таксама трываласці і спрыту. Менавіта таму трэніроўку па кросфіту дзеляць на некалькі частак: кардыё, атлетыку і гімнастыку. Яшчэ адна важная асаблівасць кросфіту – усе практыкаванні максімальна функцыянальныя і задзейнічаюць розныя групы цягліц.
Ніша не была не занятая
Аляксандр сустрэў Давіда ў адной са спартовых залаў горада. Хлопцы пасябравалі і неўзабаве вырашылі адкрыць сваю залу.
«Я працаваў трэнерам у зале, а Давід там трэніраваўся, – распавядае Аляксандр. – З часам прыйшлі да меркавання, што ніша кросфіту ў Гродне на той момант была вольная, а людзі мелі патрэбу ў добрай пляцоўцы для правільных трэніровак. Вырашылі не цягнуць і за некалькі месяцаў рэалізавалі задуманае».

У праект уклаў частку сябе
Свой клуб хлопцы адкрылі ў самым цэнтры Гродна, у будынку былой пальчаткавай фабрыкі. На рэалізацыю праекта сышло некалькі месяцаў і прыстойная сума сродкаў, раўнацэнная адкрыццю кавярні. Сваю залу Аляксандр і Давід стваралі самі, увесь працэс яны фіксавалі ў сацыяльных сетках.
«Не толькі мы з Давідам мелі патрэбу ў такім клубе ў горадзе, але і многія гродзенцы, – дадае Аляксандр. – Таму, калі мы яго стваралі, уклалі часцінкі сябе. Усю чарнавую працу рабілі самі. Сёння да нас на розныя трэніроўкі ходзіць каля сотні чалавек. Плануем прывіваць здаровы лад жыцця гараджанам, праводзіць флэшмобы і спаборніцтвы па кросфіту».

Кросфіт для ўсіх
Хлопцы пастараліся сабраць вакол сябе актыўных трэнераў і рабят, якія да гэтага працавалі з кросфітам у горадзе. За актыўнымі гродзенцамі пайшлі і іншыя, хто хацеў сябе паспрабаваць у гэтым відзе фітнесу.
«Хтосьці будзе казаць, што спортам, можна займацца ў любой зале. Многія трэнеры называюць любую кругавую трэніроўку кросфітам, але трэба разумець, што гэта асобная адзінка фітнесу са сваімі абавязковымі рухамі.
Людзі баяцца кросфіту з-за неразумення. У галаве складзены стэрэатып, што кросфіт – толькі для падрыхтаваных атлетаў. Але насамрэч ён для ўсіх. Так, гэта не лёгка – станавіцца лепшай версіяй самога сябе. Але гэта таго варта. Сёння наша задача –
паказаць кросфіт гродзенцам і данесці ім, што гэты від фітнесу даступны кожнаму».
Бясплатны курс для пачаткоўцаў
Каб пазнаёміць гродзенцаў з кросфітам, у клубе гатовыя ў бліжэйшы час даць пачаткоўцам бясплатную магчымасць.
“Як паказвае практыка, хто да нас прыходзіць, той ужо і застаецца. З 1 красавіка мы аб’яўляем набор бясплатных груп – гэта будзе курс для пачаткоўцаў па асновах кросфіту. Ён будзе складацца з 8 падрыхтоўчых этапаў. Так мы хочам пазнаёміць гродзенцаў з сапраўднымі трэніроўкамі па кросфіту”, – дадаў Аляксандр.










