Гродзенцы скардзяцца на кляшчоў – ад іх з сакавіка пакутуюць і жывёлы, і людзі. У медыцынскіх установах людзям адмаўляюцца дапамагчы і даследаваць кляшчоў, распавядаюць яны ў Threads. Мы спыталі ў прафесаркі Ганны Манюшкі-Маліноўскай, кіраўніка клінікі інфекцыйных захворванняў і нейраінфекцыі ўніверсітэцкай клінічнай бальніцы ў Беластоку, ці трэба на самай справе даследаваць кляшчоў і як павінна выглядаць дапамога пры ўкусе.

“Літаральна тыдзень таму ў Гродне мяне ўкусіў клешч у гарадской зоне. У інфекцыёнцы сказалі, што яшчэ не сезон і могуць дапамагчы яго толькі дастаць”, — апісала сітуацыю гродзенка ў пасце ў адной з сацсетак у канцы сакавіка. На яе думку, кляшча трэба было накіраваць на аналіз. Калі ён “хворы”, то пачаць лячэнне.

Каментатары дзеляцца гісторыямі: “У мяне суседку ўкусіў клешч, і чалавека паралізавала. < … > Прывезлі са Слоніма ў Гродна, то лекар сказаў: яшчэ пару дзянькоў, і мы б жанчыну страцілі… Дзякуй Богу ўсё абышлося… Праўда, гаворка крышачку засталася невыразная ў суседкі, але дзякуй богу жывая”.

У іншай ветцы паказваюць колькасць кляшчоў – 50 штук на адной травінцы. Усяго з пачатку 2026 года ў Гродзенскай вобласці ад кляшчоў пацярпелі больш за 60 людзей. Кляшчы актыўныя не толькі ў лясах, але і ў гарадскіх парках, скверах і на прыдамавых тэрыторыях. Пры гэтым у Гродне пакуль адклалі апрацоўку паркаў з-за дажджоў, ветру і нізкай тэмпературы.

Даследуюць ня кляшча, а пацыента

Кляшчоў, якія прысмакталіся да людзей, прынамсі ў Польшчы, не даследуюць, распавяла Hrodna.life прафесарка Ганна Манюшка-Маліноўска, кіраўнік клінікі інфекцыйных захворванняў і нейраінфекцыі Беластоцкага медыцынскага ўніверсітэта. Іх могуць вывучаць у навуковых мэтах – каб праверыць, ці ёсць на пэўнай лакацыі патагены і якія. Акрамя таго, можна вызначыць, у якім працэнце кляшчоў яны прысутнічаюць. А ў клінічных мэтах не даследуюць кляшча, “даследуюць” пацыента.

Не кожны клешч з’яўляецца пераносчыкам патагенаў і не пры кожным прысмоктванні чалавек можа заразіцца. Гэта залежыць ад шматлікіх фактараў, уключаючы імунную сістэму чалавека. Таму лекары рэкамендуюць назіранне. Большасць хвароб, якія перадаюцца кляшчамі, выяўляюцца на працягу месяца пасля ўкусу. “Калі ў гэты час узнікаюць нейкія трывожныя сімптомы, мы пачынаем дыягнаставаць пацыента і лячыць”, — распавяла доктарка.

Якія хваробы пераносяць кляшчы?

Існуе мноства розных захворванняў, якія перадаюцца кляшчамі. Найбольш распаўсюджаным з іх з’яўляецца хвароба Лайма (барэліёз). Першы яе сімптом – мігруючая эрытэма, гэта значыць, пачырваненне скуры. У часткі пацыентаў яе няма. У часткі развіваюцца больш сур’ёзныя формы хваробы. Напрыклад, нейрабарэліёз, то бок паражэнне нервовай сістэмы, або сустаўная форма, паражэнне суставаў. Таксама хвароба можа паўплываць на зрок і сэрца, але гэта рэдкія выпадкі.

Іншае захворванне – клешчавы энцэфаліт. “Гэта самая сур’ёзная хвароба, якая перадаецца кляшчамі”, – распавяла доктарка. Гэта віруснае захворванне з двухфазным цягам. Пры першай фазе ў чалавека выяўляюцца сімптомы грыпу з галаўнымі і цягліцавымі болямі, ліхаманкай. Затым надыходзіць перыяд паляпшэння і другая — неўралагічная фаза. Пацыенты з такой фазай маюць патрэбу ў шпіталізацыі.

Профессорка Анна-Монюшко Малиновска.
Прафесарка Ганна-Манюшка Маліноўска. Фота: umb.edu.pl

“На шчасце, тут, у Польшчы, у Беларусі, ёсць больш лёгкія формы, форма менінгіту, але таксама можа быць форма энцэфаліту, энцэфаламіэліту, і тады ёсць ускладненні. І гэтыя ўскладненні могуць застацца на ўсё жыццё. І гэта ў асноўным неўралагічныя ўскладненні і ўскладненні псіхічнай сферы. Таму выйсці з хваробы – гэта паўсправы. Вельмі важна, каб не было гэтых ускладненняў”, – кажа Ганна.

Яшчэ адно захворванне, якое ўсё часцей дыягнастуюць – анаплазмоз. Гэта бактэрыяльнае захворванне, якое ў Польшчы выяўляюць дзякуючы развіццю малекулярных метадаў. Сімптомы – ліхаманка, болі цягліц, болі ў суставах. Яно можа прывесці да паражэння печані, павелічэння селязёнкі, нырачнай недастатковасці. У 1% пацыентаў назіраюцца паражэнне нервовай сістэмы. “На шчасце, усе тыя выпадкі, якія ў нас былі, паспяхова завяршыліся. Мы лячылі групу з больш чым ста пацыентаў, у якіх прымяненне даксіцыкліну (антыбіётыка) дало поўнае выздараўленне”.

Таксама кляшчы выклікаюць тулярэмію – яе вузлавую і скурна-вузлавую формы. У выпадку тулярэміі ёсць праблемы з дыягностыкай. Пацыентам з павялічанымі вузламі ставяць дыягназы лімфома, лейкамія. Калі ўсё ж лабараторныя даследаванні пацвярджаюць тулярэмію і пачынаецца лячэння антыбіётыкам, то для пацыента ўсё заканчваецца добра.

Што рабіць пры ўкусе кляшча? Парады лекара

  • Калі да вас прысмактаўся клешч, трэба як мага хутчэй яго выдаліць — таму гэта можна зрабіць і самастойна.
  • Месца ўкусу трэба прадэзінфікаваць.
  • Калі вас нешта турбуе і вы асцерагаецеся, што дасталі яго не цалкам — лепш пайсці ў бальніцу.
  • Далей – месяц назіраць за сваім станам. Калі вас турбуе ліхаманка, галаўныя або цягліцавыя болі, болі ў суставах або змены скуры, млоснасць ці ваніты, трэба як мага хутчэй звярнуцца да ўрача.
  • Калі прайшоў месяц, а сімптомаў няма – можна расслабіцца.

Таксама можна правакцыянавацца ад клешчавога энцэфаліту. Ад іншых хвароб пакуль няма вакцыны. Магчыма, неўзабаве з’явіцца прышчэпка ад хваробы Лайма – працягваюцца яе даследаванні.

Таксама важна памятаць пра правільную вопратку ў лесе і выкарыстанне рэпелентаў. Піць антыбіётык для прафілактыкі Ганна не рэкамендуе. “У такіх месцах, дзе гэтых кляшчоў шмат, нам трэба было б піць гэты даксіцыклін як ранішнюю каву”, – жартуе экспертка.

Чытайце таксама: У Беларусі фіксуюць бум кляшчоў. Якая сітуацыя ў Гродне?

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы