Электронны кірмаш вакансій прайшоў у Гродне 25 лютага. Гродзенцам прапанавалі 832 працоўных месцаў у 22 арганізацыях з сфер прамысловасці, будаўніцтва, гандлю і аховы здароўя. Звесткі аб вакансіях былі даступныя на працягу ўсяго дня, на онлайн-стасаванне з наймальнікамі вылучылі дзве гадзіны. Hrodna.life вывучыў прапановы, каб зразумець, каму зараз даступны медыянны заробак.

Вакансіі на заводах

Больш за ўсё людзей патрабавалася на «Гродна Азот». Прадпрыемства апублікавала 346 вакансій — каля 5% ад агульнай колькасці супрацоўнікаў завода. Прапанаваныя заробкі - ад 456 рублёў для лекара-дэрматавенеролага на 0,5 стаўкі і 500 рублёў для газарэзчыка на поўную стаўку да 1700 для інжынера-тэхнолага, эканаміста або аператара агрэгата фармавання. 1500 рублёў абяцаюць намесніку кіраўніка арганізацыі па інфармацыйных тэхналогіях, майстру па кантрольна-вымяральных прыборах і майстру па электраабсталяванні. Інжынерам — у асноўным ад 1000 да 1300 рублёў, апаратчыкам — ад 970 да 1200. Выпрабавальніку балонаў, кіроўцам пагрузчыка і вагаўшчыку прапануюць па 550 рублёў.

Яшчэ 30 чалавек патрэбны былі ўнітарнаму прадпрыемству "Азотсэрвіс". Самыя маленькія зарплаты там чакаюць прыбіральніка -156 рублёў за 0,3 стаўкі, стаматолага і рабочага па азеляненні - 457 рублёў за поўныя стаўкі. Максімум прадпрыемства прапануе электраманцёру па электраабсталяванні (707 рублёў) і медсястры (700 рублёў).

Чытайце таксама: На больничный в «Гродно Азот» ушли 10% сотрудников

На завод "Белкард" запрашалі 74 чалавекі. Там іх чакаюць зарплаты ад 550 рублёў для карэкціроўшчыка ваннаў да 1700 для галоўнага канструктара. 

На Гродзенскім мясакамбінаце было адкрыта 24 вакансіі. Аператарам лініі ў вытворчасці харчовай прадукцыі (патрэбна было шэсць чалавек) і жылоўшчыкам мяса і субпрадуктаў (пяць месцаў) там абяцалі па 1200 рублёў. Слесара-рамонтніка чакае 800 рублёў.

На ўнітарнае прадпрыемства «Цветліт» Беларускага таварыства глухіх патрабавалася 18 чалавек. Наладчыка станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем там чакае 1500 рублёў на месяц. Максімальны заробак для інваліда па слыху прадпрыемства прапаноўвала для фрэзероўшчыка — 900 рублёў. Кантралёру станочных і слясарных працаў або грузчыкам там гатовыя плаціць па 600 рублёў.

На Гродзенскі завод па ўтылізацыі і механічнай сартаванні адходаў набіралі адразу 24 сартавальнікі другаснай сыравіны на 975 рублёў на месяц і аднаго слесара па кантрольна-вымяральных прыборах на 1140 рублёў.

Чытайце таксама: Как мусоросортировочный завод в Гродно спасает ресурсы и экологию

На «Гронитексе» абяцалі ад 570 рублёў для электраманцёра да 1380 для начальніка цэха, было адкрыта 38 вакансій.

Менш за ўсё — на абутковай фабрыцы

На Гродзенскі шклозавод патрабавалася дзевяць чалавек. Слесару па кантрольных прыборах і аўтаматыцы прапаноўвалі менш за ўсіх — 560 рублёў, слесару-рамонтніку максімум — 920 рублёў. Прыблізна на такія ж заробкі маглі прэтэндаваць суіскальнікі на «Радыёхвалі» (шэсць вакансій). На «БелТАПАЗе» максімум быў і таго меншы — 800 рублёў.

Чытайце таксама: 10 фактаў пра Гродзенскі шклозавод, якіх вы не ведалі

Спецыялісту па маркетынгу, інжынеру-канструктару і эканамісту на Гродзенскай абутковай фабрыцы «Нёман» гатовыя плаціць па 700 рублёў, зборшчыкам абутку і раскройшчыку матэрыялаў - па 450 рублёў, грузчыку або фармоўшчыку вырабаў - 400. На фабрыцы было адкрыта 21 вакансія.

Паштарам — па 488 рублёў, ва УЖРЭПе — менш за 500

Гродзенскі філіял РУП «Белпошта» меў патрэбу ў 27 работніках. Сталяру за поўную стаўку там абяцаюць 461 рубель, аператарам сувязі - 488 рублёў. Такая ж зарплата і ў паштальёнаў. На гэтую пасаду патрабавалася 12 чалавек. Крыху больш — 551 рубель за месяц — можа зарабіць сартавальнік пошты. Кіроўцу гатовыя плаціць 762,9 рубля (адна вакасія), а інжынеру-праграмісту — 763,65 рубля.

Паштальёнам - 488, абутнікам - 450. Якія заробкі прапануюць на дзяржпрадпрыемствах у Гродне
На пошце ў Гродне. Фота ілюстрацыйнае, Hrodna.life

Ва УЖРЭП Кастрычніцкага раёна не хапала 60 чалавек. Майстру там гатовыя плаціць 1000 рублёў, слесарам — па 800 (чатыры вакансіі), трактарыстам (двум) і электрагазазваршчыкам (шасцярым) — 600−630 рублёў у месяц. Для астатніх 47 вакансій абяцанні яшчэ больш сціплыя, у асноўным па 500 — рублёў, вядома. Менш за ўсё атрымаюць рабочыя па комплекснай прыборцы і ўтрыманні домаўладанняў - 460 за поўную стаўку.

У Камбінат школьнага харчавання Ленінскага раёна трэба было 34 чалавекі на заробак ад 550 да 1000 рублёў. На Гродзенскай гароднінафабрыцы абяцаюць ад 600 да 850 рублёў, на «Гроднахлебпраме» — ад 457 да 985 рублёў. На «Гроднагандальсэрвіс» запрашалі электрагазазваршчыка на 550 рублёў і прыбіральніка тэрыторыі на 460.

Усяго адна вакансія была ў Аўтобусным парку Гродна. Туды запрашалі токара на 800 рублёў.

Читайте также: Работа и актуальные вакансии в Гродно

Калі хочацца з’ехаць

У спіс арганізацый-працадаўцаў для Гродна трапіла і сярэдняя школа № 2 Нароўлі (Гомельская вобласць). Туды патрабаваўся кухонны рабочы і кухар дзіцячага харчавання — абодва на 457 рублёў.

Гродзенцаў хацелі б бачыць і бліжэй, на Шчучынскім заводзе «Аўтаправод». Там абяцалі заробкі ад 1000 рублёў для майстра да 460 для ўпакоўшчыка. Таксама туды патрабаваўся егер на 480 рублёў у месяц за паўстаўкі.

Цэнтр механізацыі пуцявых работ Беларускай чыгункі падчас электроннага кірмашу запрашаў гродзенцаў у Пінск. Там была адкрыта 71 вакансія на заробкі ад 450 рублёў за поўную стаўку прыбіральніка або 0,75 стаўкі размеркавальніка работ да 1700 для начальнікаў аддзелаў і 1900 для галоўнага інжынера. Запрашалі адразу 30 памочнікаў машыніста чыгуначна-будаўнічых машын на зарплату 1100 рублёў на месяц.

Медыяна даступная меншасці

У Гродне медыянны заробак у лістападзе 2021 года дасягала 1135 рублёў. Медыянны заробак (сярэднюю зарплату ў шэрагу ўсіх значэнняў паміж найбольшай і найменшай) у Беларусі разлічваюць двойчы на год.

На электронным кірмашы вакансій 25 лютага было даступна 832 месцаў. З іх больш за 1500 рублёў абяцалі ўсяго на 15 вакансіях. У асноўным гэта былі месцы на «Гродна Азоце», чатыры — на «Белкардзе», адно — на «Цветліце». Тры такіх вакансіі прапаноўвалі не ў Гродне. Магчымасць зарабляць ад 1000 да 1500 рублёў на месяц была ў 179 чалавек, на зарплату ад 500 да 1000 было адкрыта 538 вакансій. На 100 вакансіях гродзенцам прапаноўвалі заробак меншы за 500 рублёў на месяц.