«Што ж такога ўнікальнага нам пакінула Расія? У чым яе цывілізацыйная місія? Што расійскі каланізатар мог даць палякам ці латышам?» — такімі пытаннямі задаецца гродзенскі пісьменнік і журналіст Алесь Кіркевіч з нагоды «скандальнага» выказвання Святланы Алексіевіч. У сваім артыкул «Дэкаланізаваць Алексіевіч» ён называе рускую літаратуру «другаснай», якая «не стварыла ніводнага новага жанру». Журналіст Hrodna.life Антон Шаранкевіч не згодны з такім падыходам.
Нагадаем, нобелеўская лаўрэатка ў інтэрв'ю іспанскаму выданню El País сказала, што адмова ад рускай мовы ва Украіне — гэта «часовая з’ява, выкліканая адчаем, а не пастаянная тэндэнцыя». Гэта выклікала шырокую дыскусію сярод беларусаў у сацсетках, асабліва сярод беларусаў у эміграцыі.
Меркаванне аўтара не абавязкова адлюстроўвае меркаванне рэдакцыі і публікуецца ў межах грамадскай дыскусіі на важную для беларусаў тэму.
Ведаючы Алеся Кіркевіча асабіста, не маю сумневаў у яго эрудыцыі і начытанасці. Але яго калонка на «Будзьме» падобна на павярхоўных зрэз і трансляванне заходніх штампаў і стэрэатыпаў пра Расію — маўляў, «Vodka, Balalajka, Matrioshka». А ў кантэксце моўнага пытання і падчас вайны Расіі супраць Украіны гэта закранае балючыя тэмы і пераўтвараецца ў прапаганду.
Разглядаць і ацэньваць тэму культуры ўсёй краіны толькі з боку «Талстаеўскага», як кажа Кіркевіч, не зусім правільна. Дык сапраўды, што ўнікальнага нам пакінула Расія?
«Без Дастаеўскага французская літаратура ХХ стагоддзя не была б тым, чым яна ёсць»
Шчыра прызнаюся, я сам не вельмі люблю чытаць Дастаеўскага і Талстога. Але толькі з-за гэтага лічыць творчасць сусветнавядомых пісьменнікаў «другаснай» літаратурай не маю права. Вось іншы лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Альбер Камю лічыў, што «без Дастаеўскага французская літаратура ХХ стагоддзя не была б такой, якой яна ёсць». А ў сваім «Міфе пра Сізіфа» аналізаваў абсурд і свабоду праз персанажаў Дастаеўскага.
«Пасля Дастаеўскага пэўныя тэмы ісціны і існавання сталі адзначаны яго пячаткай. Ён унёс у еўрапейскі раман дух прароцтва і варожага свету».
Не толькі Камю разглядаў і разбіраў творы Дастаеўскага ў сваіх працах. Аўстрыйскі псіхааналітык Зігмунд Фрэйд выкарыстоўваў раман «Браты Карамазавы» для пацвярджэння тэорыі Эдыпава комплекса.
«Твор „Браты Карамазавы“ — гэта самы велічны раман з усіх, якія калі-небудзь былі напісаны».
Талстой «вышэй за іншых на дзве галавы»
Ірландскі пісьменнік Джэймс Джойс прызнаваў майстэрства Талстога ў інавацыйным псіхалагічным рэалізме. У лістах свайму брату ён пісаў: «Талстой — цудоўны, велічны пісьменнік. Ён вышэй за іншых на дзве галавы».
Рускі і амерыканскі пісьменнік Уладзімір Набокаў (які, дарэчы, чытаць па-англійску навучыўся хутчэй, чым па-руску), не вельмі пазітыўна выказваўся пра творчасць Дастаеўскага, але лічыў Талстога найвялікшым рускім празаікам.
«Талстой — найвялікшы рускі празаік у мастацкай прозе. Не лічачы яго папярэднікаў, Пушкіна і Лермантава, мы маглі б пералічыць найвялікшых майстроў рускай прозы наступным чынам: па-першае, Талстой; па-другое, Гогаль; па-трэцяе, Чэхаў; па-чацвёртае, Тургенеў. Гэта падобна да праверкі студэнцкіх прац, і, несумненна, Дастаеўскі і Салтыкоў чакаюць мяне ля дзвярэй майго кабінета, каб абмеркаваць свае нізкія адзнакі».
Набокаў быў універсітэцкім выкладчыкам, адсюль, відаць, і такія метафары.
Што расійскі каланізатар мог даць палякам ці латышам свету?
Можа быць, руская літаратура і не стварыла ніводнага новага жанру. Але ж існуюць іншыя напрамкі мастацтва. Не заўважаць іх альбо недаацэньваць, напрыклад, уклад савецкага кінематографа ў сусветную культуру — зусім не нармальна. Бо ля вытокаў сучаснага кінамастацтва стаяць менавіта савецкія рэжысёры. Іх працы сталі фундаментам і асновай для вывучэння кінематографа. А мантажныя тэхнікі, створаныя і тэарэтычна абгрунтаваныя імі, вывучаюцца і выкарыстоўваюцца дагэтуль, а таксама лічацца фундаментальным унёскам у сусветную кінатэорыю.
Сяргей Эйзенштэйн стварыў так званую тэорыю інтэлектуальнага мантажу. Ён супастаўляў не звязаныя паміж сабой кадры, ствараючы новы, абстрактны сэнс. Яго фільм «Браняносец Пацёмкін» неаднаразова ўваходзіў у спісы найвялікшых фільмаў усіх часоў. Менавіта дзякуючы Эйзенштэйну рэжысёры навучыліся мантаваць дзеля эмацыйнага ўздзеяння на гледача. А кадры з фільмаў савецкага рэжысёра неаднаразова цытавалі пазней на Захадзе: напрыклад, Браян Дэ Пальма ў «Недатыкальных» альбо Стывен Спілберг у «Спіску Шындлера».
Ураджэнец Гродзенскай губерні, які нарадзіўся ў польскім Беластоку — Дзіга Вертаў - заснавальнік дакументальнага кіно. Яго фільм «Чалавек з кінапаратам» — абавязковы для прагляду для ўсіх, хто плануе займацца дакументалістыкай.
Леў Куляшоў у сваю чаргу даказаў, што эмацыйны сэнс кадра фармуецца толькі яго суседствам у мантажнай паслядоўнасці. Яго высновы сталі асновай для стварэння класічнай мантажнай сістэмы і асновай для паслядоўнага і зразумелага апавядання ў кіно. Дзякуючы яму рэжысёры навучыліся кіраваць увагай і эмоцыямі гледача.
Не толькі кіно
Узгадаем Казіміра Малевіча, які паўплываў на развіццё ўсяго абстрактнага мастацтва ХХ стагоддзя ў Еўропе і ЗША. Бо быў першым, хто зрабіў радыкальны адыход ад адлюстравання рэчаіснасці. Васіль Кандзінскі быў першым, хто стварыў цалкам абстрактную карціну і распрацаваў сувязі колеру і музыкі. І гэта толькі кожнаму вядомыя мастакі, пра якіх адразу можна ўзгадаць.
Але ж ёсць і Аляксандр Радчанка, які стаў бацькам сучаснага графічнага дызайну. Ён адзін з першых, хто адмовіўся ад традыцыйнага мастацтва на карысць дызайну і прамысловай прадукцыі. Альбо Эль Лісіцкі, працы якога сталі мостам паміж рускім супрэматызмам і еўрапейскім канструктывізмам.
Варта ўспомніць і расійскіх архітэктараў. Уладзімір Татлін стварыў першы архітэктурны праект, у якім адмовіўся ад традыцыйнай масы на карысць дынамічнай адкрытай канструкцыі. Паўплываў на развіццё канструктывізму ў дызайне і архітэктуры, а таксама на інсталяцыйнае і кінетычнае мастацтва.
Прынцыпы інжынернай архітэктуры Уладзіміра Шухава былі адаптаваныя па ўсім свеце для будаўніцтва антэн, вежаў і сучасных купалаў. Канстанцін Мельнікаў быў першым, хто эксперыментаваў з выкарыстаннем шасцігранных цыліндраў у жылым будаўніцтве.
Мова — гэта проста інструмент, а не тэма для дыскусій
Апісаныя вышэй унёскі з’яўляюцца сапраўднымі цывілізацыйнымі прадуктамі, якія вывучаюцца і прызнаюцца ў акадэмічных колах незалежна ад геапалітычных і моўных дыскусій.
Бо ці ў ХХІ стагоддзі ўвогуле ёсць сэнс у моўных дыскусіях? Якая розніца, ці карыстанне той ці іншай мовай гэта «свядомы выбар» альбо «звычка»? У эпоху глабалізацыі мова стала звычайным інструментам для камунікацыі з людзьмі. Стала нармальным, што за дзень ты паспееш паразмаўляць на роднай мове, на мове ворага, на мове суседа — проста для таго, каб цябе зразумелі.
Мова — гэта проста інструмент, а не тэма для дыскусій.
З такім жа поспехам можна абмяркоўваць, якім рубанкам апрацоўваць дрэва альбо на якой гітары граць сусветнавядомыя хіты. Калі чалавек умее апрацоўваць дрэва ці пісаць добрую музыку, ён гэта зробіць і на самых прымітыўных інструментах.



