Уаел родам з Туніса і апошнія 4 гады жыве ў Беларусі. Тут у яго жонка і дзіця, а таксама праца, якую ён засвоіў і палюбіў. Сёння ён кухар і робіць адны з лепшых кебабаў у Гродне.
Наслухаўся пра Савецкі саюз і палюбіў яго
Уаелу 31 год, у Беларусь ён прыехаў у 2011 годзе. Пасля школы ён вучыўся на механіка ў Францыі, а пасля працаваў сцюардам у туніскіх авіялініях. Усё змянілася, калі ён сустрэў дзяўчыну з Гродна.
«Упершыню я апынуўся ў Гродне ў 2011 годзе, сюды я прыехаў да сваёй дзяўчыны, якая ў будучыні стала маёй жонкай. Адзін час мы жылі ў Дубаі, але я не хацеў працаваць у арабскай ці якой-небудзь заходнееўрапейскай краіне, мне хацелася пажыць у тым месцы, дзе калісьці быў Савецкі Саюз.
У маёй мамы была лепшая сяброўка і яна была заўзятай камуністкай, часта распавядала пра Саюз і неяк след ад гэтага застаўся ў мяне. Па расказах я палюбіў гэтую вялікую і моцную краіну.
У 2014 годзе мы з жонкай вярнуліся ў Беларусь і да гэтага часу тут жывем і выхоўваем сына. Мне тут падабаецца, я адчуваю сябе камфортна і бяспечна".
Паехаў у Мінск вучыцца
Хлопец распавядае, што мог бы зрабіць сабе нядрэнную кар’еру ў родным Тунісе, але пра тое, што ён апынуўся ў Беларусі, ніяк не шкадуе. Час ад часу ён лётае на радзіму, але гэта дарагое задавальненне.
«Я з самага пачатку разумеў, што ў Беларусі зусім іншае жыццё і іншыя грошы, але мне падабалася тут. Так, можа я не адразу знайшоў працу без ведання мовы і толькі праз час мой сірыйскі сябар запрасіў мяне да сябе ў кафэ ў якасці кухара. Там жа ён мяне вучыў рабіць шаўрму. Вядома, гэта было не тое, што я цяпер раблю, але пачатак быў.
Я вучыў рускую мову і пасля мы перабраліся ў Мінск, там я працаваў у многіх установах і вучыўся рабіць правільную шаўрму, кебабы і іншыя стравы. Улетку 2018 гады мне прапанавалі вярнуцца ў Гродна".
Гатовы выслухаць заўвагі
У жніўні ў Гродне рыхтавалася да адкрыцця закусачная «Ніндзя-Кебаб» і ўладальнікі шукалі сабе дасведчанага кухара. Ім параілі Уаела.
«Вярнуўся ў Гродна я ўжо іншым і сёння ўсё раблю хораша, смачна і з душой. У мяне ёсць галоўны сакрэт гатавання — гэта соус, які я сам распрацаваў і ён усім падабаецца. Можа таму да мяне ідуць людзі. А яшчэ я заўсёды імкнуся мець кантакт з кліентамі, гэта ў маёй працы самае галоўнае. Я гатовы выслухваць іх заўвагі, але толькі абгрунтаваныя, а не так як адна дзяўчына-інстаблогер напісала, што ў мяне капуста халодная ў кебабе. А якая яна павінна быць? Я запрасіў гэту дзяўчыну, каб яна прыйшла і ёй бы зрабіў яшчэ кебаб і ўсё вытлумачыў, але яна так і не адказала».
Рабіць усё з душой
Сёння кебабы і шаўрму можа рабіць кожны кухар, але вось самыя смачныя часцяком атрымваюцца ў прадстаўнікоў арабскага свету. Уаел кажа, гэта ў іх ужо ў крыві.
«Так склалася гістарычна, што арабы добра гатуюць гэтыя стравы. Я не ведаю чаму гэта так, але ёсць імавернасць, што гэта ў нас у крыві. Прыкладам, я магу зрабіць дранікі, але яны не будуць у мяне такія смачныя, як у беларусаў. Гэтаксама і з шаўрмой.
Сёння ў Гродне шмат хто ўмее рабіць шаўрму, але я не лічу іх сваімі канкурэнтамі, у іх свой спосаб гатавання і гэта таксама камусьці падабаецца. Але ўсім нам ёсць яшчэ да чаго імкнуцца. А галоўнае ў нашай працы — рабіць усё з душой".