Алена Горбач “клікала” мышкай хутчэй за кулямёт, Эдгар Бедыс з гіпсам на руцэ абагнаў усіх па хуткасці набору тэксту, а Юрый Астапчык стаў лепшым кідальнікам клавіятур. 25 ліпеня ў Гродне на Пестрака, 36 адкрылася кругласуткавая кіберарэна “Skynet”. Карэспандэнтка Hrodna.life даведалася, як гэта было.
Новы фармат – для алімпійскага віду спорту
Міхаіл Лук’янчык – старшыня Гродзенскай федэрацыі кіберспорту. Ён лічыць, што сучасныя кампутарныя клубы немагчымыя без кіберспорту, а кіберспорту немагчыма развівацца без клубаў. “Мы імкнемся зрабіць кіберспорт афіцыйным відам спорту ў Беларусі. Таму клуб вырашылі зрабіць менавіта ў такім фармаце”, – распавёў Міхаіл для Hrodna.life.
Палявалі на мыш і “пісалі”, як кулямёт
У конкурсе “Паляванне на мыш” удзельнікам трэба было адной рукой клікнуць па мышцы максімальную колькасць разоў за хвіліну. Пераможцам стаў Арцём. Па словах вядоўцы, ён зраўняўся з хуткасцю кулямёта Другой сусветнай і набіў 839 клікаў. Адзначылі таксама Алену. Яна выбіла 703 клікаў.
“Самыя хуткія пальчыкі на раёне”, – сказаў пра Алену Ілля Горбач, які паклікаў яе на адкрыццё кіберарэны “Skynet”.

Рэванш з тэхнікай
Іллю Валчкевічу 25 гадоў, ён займаецца рамонтам камп’ютараў, а гульнямі захапляецца каля 10 гадоў.
На мерапрыемстве Іллю спадабаўся конкурс з кіданнем клавіятур: “Гэта ж трэба было прыдумаць такі конкурс прышпільны з няспраўных клавіятур і навушнікаў. Было цікава, не чакаў”
“Настаў час адпомсціць тэхніцы за ўсе пройгрышы”, – сказаў вядоўца, абвяшчаючы конкурс па кіданні клавіятур і навушнікаў “Рэванш з тэхнікай”. Самай магутнай кідальніцай клавіятур сярод дзяўчат стала Карына Сівінская.
У кіданні навушнікаў перамог Ілля. На мерапрыемстве ён усталяваў рэкорд і сам жа яго пабіў. Клавіятуру далей за ўсіх закінулі Віталь і Юрый.
“Адзін раз схадзілі і ўжо тры месяцы гуляем”
Юрыю Астапчыку 21 год, пачаў хадзіць у камп’ютарны клуб, калі ў яго зламаўся камп’ютар. “З сябрамі пайшлі проста паглядзець. Адзін раз схадзілі і ўжо тры месяцы разам гуляем у “Counter-Strike””, – распавёў Юрый. Ён выказаў здагадку, што ў клубе можа быць свая каманда, якую мог бы трэнаваць Міхаіл Лук’янчык.
Юрый распавёў Hrodna.life, што ён далёкі ад гульняў і прыходзіць раз на тыдзень адпачыць. Здзівіўся на конкурсе па хуткасным наборы тэксту: “Калі быў конкурс надрукаваць тэкст, я сядзеў, як бабуля, друкаваў адным пальцам, а адзін чал як з заплюшчанымі вачыма друкаваў, нават не глядзеў на клавіятуру, яшчэ і з гіпсам на адной руцэ. Ён з Матрыцы”, – сказаў Юрый пра пераможцу па хуткасным наборы тэксту Эдгара Бедыса, які ў гіпсе за хвіліну набраў 392 сімвалы.
Як расшыфраваць DOTA?
Адміністратар Іван Петушок правёў віктарыну на тэму кампутарных гульняў. Удзельнікі расшыфроўвалі абрэвіятуру DOTA. Ведалі, што патэльня не проста кухоннае начынне, а самая недарэчная зброя блізкага бою ў камп’ютарнай гульні PUBG. А таксама, што распрацоўшчыкі “World of Tanks” з Беларусі. За правільны адказ госці атрымлівалі памятныя прызы. Тыя, каму ўдалося адказаць правільна на большую частку пытанняў, атрымалі дадатковы прыз – камп’ютарную мышку.
Падарункі за гады і кіламетры
На адкрыцці арэны атрымлівалі падарункі і за нечаканыя дасягненні. Адзначылі самага маладога ўдзельніка, якому было 11 гадоў, і самага старэйшага ва ўзросце “за 30”. Таксама адзначылі ўдзельніка, які прыехаў з самага аддаленага ад Гродна горада. Ім аказаўся жыхар Жлобіна.
“Я засумавала, бо быў конкурс – хто далей за ўсіх жыве, – а я з Літвы, але не паспела сказаць,” – кажа Аляксандра Сівінская.
Аляксандру на гульні “падсадзіла” сястра Карына з Гродна. Сёстрам Сівінскім па 16 гадоў, і ў камп’ютарную гульню “DOTA” яны гуляюць ўжо трэці год. “Counter-Strike” Карына вывучала самастойна па роліках з YouTube і гуляе ўжо год.
Дзяўчаты звычайна гулялі ўдваіх, але ў Аляксандры зламаўся камп’ютар. “Як раз адкрыўся пад домам клуб, зараз можна хадзіць сюды”, – гавораць сёстры.
Дзяўчаты адзначылі, што ў клубе ёсць пакоі для правядзення стрымаў, добрае абсталяванне і дэвайсы. “Гэта ўплывае на графіку гульні, каб не тармазіла нічога”,- распавяла карэспандэнтцы Hrodna.life Карына, якая таксама перамагла ў кіданні клавіятур.

































