Начальнік турмы № 1 Гродна Павел Казакоў пасля пратэстаў 2020 года трапляе ў навіны ў сувязі з накладаннем на яго санкцый. Але ў публічным полі пра яго інфармацыі мала. Рэдакцыя Hrodna.life разам з «Кіберпартызанамі» паглядзела на яго кар’еру.

Біяграфія

Павел Іванавіч Казакоў нарадзіўся ў Росі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці. Яму 47 гадоў. Жанаты. У Паўла ёсць двое малалетніх дзяцей. Цяпер ён жыве ў адным з новых мікрараёнаў горада. Кватэра на 78 «квадратаў» — верагодна, трохпакаёвая.

За мяжой ён быў некалькі разоў - ва Украіне, Турцыі і Егіпце. У Еўропу, мяркуючы з дакументаў «Кіберпартызан», Казакоў не даехаў.

Яго жонка Юлія, верагодна, уваходзіць у апякунскі савет школы, дзе вучацца дзеці.

Кар’ера

У 1995 годзе вучыўся ў Акадэміі міліцыі МУС Беларусі. У 1999 годзе быў оперупаўнаважаным і начальнікам атрада ў сістэме УУС Гродзенскага аблвыканкама.

У 2004 годзе стаў часткай сістэмы Дэпартамента выканання пакаранняў — быў прызначаны намеснікам начальніка апераддзела ў ПК № 11 у Ваўкавыску. У 2004 годзе стаў капітанам, у 2007 годзем — маёрам. У 2009 годзе — стаў начальнікам апераддзела. У 2010 годзе перайшоў у турму № 1 Гродна. Тут яго чакаў кар’ерны рост: ад старэйшага ўпаўнаважанага ён дарос у 2013 годзе да начальніка аддзела і падпалкоўніка ўнутранай службы. А ў 2018 годзе стаў начальнікам усёй установы і палкоўнікам.

Парушэнне

Сайт luka.zone назваў яго адказным за «супрацьпраўныя дзеянні ў дачыненні да зняволеных, якія адбываюць пакаранне ў турме № 1 горада Гродна». Ён аднёс да іх псіхалагічны і фізічны гвалт, незаконныя адпраўленні ў ШІЗА, неабгрунтаваныя абмежаванні ў атрыманні і адпраўцы карэспандэнцыі і атрыманні перадач для асоб.

Напрыклад, 11 ліпеня 2023 года памёр палітычны зняволены Алесь Пушкін, якога даставілі ў бальніцу з турмы № 1 у Гродне.

Павел дае інтэрв'ю дзяржаўнай прэсе, дзе распавядае пра гісторыю ўстановы. Пры ім турму часам наведваюць праваслаўныя святары.

У 2024 годзе ён трапіў пад санкцыі Еўрасаюза, у 2025 годзе — Вялікабрытаніі.