Людзі і справы

«Карыстайцеся, гэта для вас!» На Вішняўцы адсвяткавалі адкрыццё пляцоўкі для сабак

Яшчэ месяц таму на пляцоўцы паміж чацвёртай бальніцай і будоўляй гандлёвага цэнтру была пустка. Зараз — тут лесвічкі, бар’еры, лабірынты ды іншыя прыстасаванні для трэніроўкі сабак. Каб захаваць чысціню, на пляцоўцы ўсталявалі урны. А ўваходы прадугледзелі на трох баках пляцоўкі ў месцах, куды вядуць сцежкі.

Гэта — новая, другая ў горадзе, пляцоўка для выгулу сабак, будаўніцтва якой ініцыявалі гарадскія актывісты. Урачыстае адкрыццё пляцоўкі - з музыкай, конкурсамі, новымі знаёмствамі і здымкамі для шоў «Горад» прайшло 10 чэрвеня.

На адкрыцці пляцоўкі для выгулу сабак на Вішняўцы сабралася валанцёрская каманда, мясцовыя жыхары і здымачная група шоў «Горад»

Першы раз, як у першы клас

Пра тое, што на пляцоўцы будзе адбывацца свята, жыхары Вішняўца, што маюць сабак, ужо ведалі. За апошні месяц не аднойчы яны сустракалі тут актывістаў, што разам з работнікамі ЖКГ даводзілі пляцоўку да ладу. Многія з мясцовых і самі далучыліся да ініцыятыўнай групы — дапамагалі ў працы. А выходнымі прышлі на адкрыццё пляцоўкі з сем’ямі і сябрамі.

Гаспадары хваляваліся не менш за сваіх гадаванцаў - а раптам сабака спалохаецца і не атрымаецца ўзяць перашкоды? І праўда, першыя крокі па дошцы, усталяванай над зямлёй, ці горцы з прыступкамі даваліся не проста. Але ўжо з другога ці трэцяга разу сабакі лёгка іх бралі.

youtu.be/Ag8p0an9WhY

Столькі ўсяго!

«Тут столькі ўсяго змясцілася! — не хавае радасці Паліна Герынг, што прыйшла на пляцоўку з цвергпінчарам Гойдам. — Мы займаемся кожны дзень, бо сабаку трэба некуды выплёскваць сваю энергію. Ужо зараз Гойд можа пераскочыць перашкоду да 80 сантыметраў ці заскочыць на метровую вышыню. Ён хутка вучыцца і ведае шмат каманд. Як падрасце, будзем з ім удзельнічаць у спаборніцтвах. А пляцоўка — шыкоўная!»

Паліна Герынг і цвергпінчэр Гойд узялі сваю першую вышыню і атрымалі першы ў жыцці прыз — фірмовы кубак ад Hrodna.life
Мара Паліны аб спаборніцтвах пачала збывацца адразу. У арганізаваным на пляцоўцы конкурсе яны з Гойдам атрымалі першую ўзнагароду — фірмовы кубак ад Hrodna.life.

«А мая Молі - трусішка, — расказвае Ліза Садомцава. — Можа лапу падаваць ці ісці побач. А больш нічога не ўмее. У такой кампаніі яна першы раз. Хачу навучыць яе пары трукаў і буду хадзіць сюды займацца».

Для Молі, каторую прывяла на пляцоўку Ліза, гэта магчымасць засвоіць новыя ўменні

Атракцыі для дзяцей

Не прыйшлося сумаваць і дзецям, каторыя прышлі на свята да сабак. Ім прапанавалі стварыць стрыт-арт карціну на самым высокім бар’еры. Кожны, хто маляваў, атрымаў у падарунак керамічны кулон-сабачку. Гэтыя ўпрыгожванні таксама зроблены рукамі валанцёраў. Стварылі іх Вераніка Гайдэль і керамісты браты Ражко.

Не менш захапляльным «атракцыёнам» для дзяцей была магчымасць пагладзіць сабак. Для сабак гэта таксама важна — навучыцца ўспрымаць увагу да сябе ад чужых людзей.

«Сабакі жывуць у горадзе, вакол людзі і яны павінны быць сацыялізаванымі, умець спакойна рэагаваць на такія знакі ўвагі, каб людзі маглі адчуваць сябе бяспечна»? — тлумачыць Аляксей, пакуль дзяўчынка гладзіць яго вялікага бульдога. А для сабак з ратавальнага атрада Чырвонага Крыжа такія задачкі ўвогуле звыклыя. Усе яны працуюць не толькі ў пошуку людзей, але і ў рэабілітацыі дзяцей з інваліднасцю і ўмеюць спакойна рэагаваць на дотыкі незнаёмых.

Сабакі валанцеры Альфа (справа) і Шэры віншуюць адна адну з адкрыццём пляцоўкі

Свята для працы і адпачынку

Знайшліся сярод гасцей і ахвотныя папрацаваць — трэба было скончыць будаўніцтва лабірынта і пафарбаваць яшчэ некалькі снарадаў. Шмат часу правёў тут з рыдлёўкай Мікіта. Разам з бацькам Андрэем Марозам і лабрадорам Гердай яны прышлі на пляцоўку, бо жывуць непадалёку. «Казаў, усім сябрам будзе расказваць, што сам гэты лабірынт збудаваў», — усміхаецца Андрэй у бок сына, што завіхаецца за працай.

Андрэй Мароз кажа што сыну Мікіту (злева) больш за ўсё спадабалася будаваць лабірынт. Амаль увесь час свята ён правёў з рыдлёўкай, дапамагаючы валанцёрам
Навучыцца новаму маглі на адкрыцці пляцоўкі не толькі сабакі. Для гасцей свята арганізавалі фітнэс-трэніроўку. Таксама зрабіла падарункі камандзе і Лена Майсюк — яна займаецца гравіроўкай па шклу і падаравала гравіраваны імянны слоік кожнаму з удзельнікаў каманды валанцёраў.
Падарункі, зробленыя сваімі рукамі, атрымалі ад удзельніцы шоў «Горад» Лены Майсюк усе актывісты, што «прабівалі» гэту пляцоўку

Магчыма толькі разам

У Гродне разам з удзельніцай шоў Ленай Майсюк працавала не толькі каманда валанцёраў. Без падтрымкі з боку гарадской ЖКГ і асабіста кіраўніка Андрэя Хмеля пабудаваць пляцоўку было б немагчыма — упэўнены актывісты. Таксама як і без падтрымкі мясцовых прадпрыемстваў. Падключыцца да электрычнасці, каб забяспечыць імпрэзу музыкай, дазволіла кіраўніцтва «TRINITI», з набыццём матэрыялаў дапамаглі «Ёлкі-палкі» і «Белзабор».

«Прыемна, калі людзі ідуць насустрач. Гэта дае адуванне, што горад сапраўды наш, што гаражане таксама могуць вырашаць, у які бок і якім чынам яму развівацца, — распавядае Лена. — Гэту пляцоўку мы зрабілі ўсе разам, для ўсіх ахвотных. Карыстайцеся, гэта для вас!»

Лена Майсюк за хвіліну ла пераразання чырвонай стужкі на адкрыцці пляцоўкі


Увесь час імпрэзы на пляцоўцы разам з актывістамі працавала і здымачная група шоў «Горад». Зараз яны вядуць здымкі фінальнальных эпізодаў з другога сезона шоў і правяраюць, як удалося ўдзельнікам выканаць дамашняе заданне.

Сабакі Гродна вітаюць здымачную групу шоў «Горад»

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024