Яшчэ месяц таму на пляцоўцы паміж чацвёртай бальніцай і будоўляй гандлёвага цэнтру была пустка. Зараз – тут лесвічкі, бар’еры, лабірынты ды іншыя прыстасаванні для трэніроўкі сабак. Каб захаваць чысціню, на пляцоўцы ўсталявалі урны. А ўваходы прадугледзелі на трох баках пляцоўкі ў месцах, куды вядуць сцежкі.
Гэта – новая, другая ў горадзе, пляцоўка для выгулу сабак, будаўніцтва якой ініцыявалі гарадскія актывісты. Урачыстае адкрыццё пляцоўкі – з музыкай, конкурсамі, новымі знаёмствамі і здымкамі для шоў “Горад” прайшло 10 чэрвеня.

Першы раз, як у першы клас
Пра тое, што на пляцоўцы будзе адбывацца свята, жыхары Вішняўца, што маюць сабак, ужо ведалі. За апошні месяц не аднойчы яны сустракалі тут актывістаў, што разам з работнікамі ЖКГ даводзілі пляцоўку да ладу. Многія з мясцовых і самі далучыліся да ініцыятыўнай групы – дапамагалі ў працы. А выходнымі прышлі на адкрыццё пляцоўкі з сем’ямі і сябрамі.
Гаспадары хваляваліся не менш за сваіх гадаванцаў – а раптам сабака спалохаецца і не атрымаецца ўзяць перашкоды? І праўда, першыя крокі па дошцы, усталяванай над зямлёй, ці горцы з прыступкамі даваліся не проста. Але ўжо з другога ці трэцяга разу сабакі лёгка іх бралі.
https://youtu.be/Ag8p0an9WhY
Столькі ўсяго!
“Тут столькі ўсяго змясцілася! – не хавае радасці Паліна Герынг, што прыйшла на пляцоўку з цвергпінчарам Гойдам. – Мы займаемся кожны дзень, бо сабаку трэба некуды выплёскваць сваю энергію. Ужо зараз Гойд можа пераскочыць перашкоду да 80 сантыметраў ці заскочыць на метровую вышыню. Ён хутка вучыцца і ведае шмат каманд. Як падрасце, будзем з ім удзельнічаць у спаборніцтвах. А пляцоўка – шыкоўная!”

Мара Паліны аб спаборніцтвах пачала збывацца адразу. У арганізаваным на пляцоўцы конкурсе яны з Гойдам атрымалі першую ўзнагароду – фірмовы кубак ад Hrodna.life.
“А мая Молі – трусішка, – расказвае Ліза Садомцава. – Можа лапу падаваць ці ісці побач. А больш нічога не ўмее. У такой кампаніі яна першы раз. Хачу навучыць яе пары трукаў і буду хадзіць сюды займацца”.

Атракцыі для дзяцей
Не прыйшлося сумаваць і дзецям, каторыя прышлі на свята да сабак. Ім прапанавалі стварыць стрыт-арт карціну на самым высокім бар’еры. Кожны, хто маляваў, атрымаў у падарунак керамічны кулон-сабачку. Гэтыя ўпрыгожванні таксама зроблены рукамі валанцёраў. Стварылі іх Вераніка Гайдэль і керамісты браты Ражко.
Не менш захапляльным “атракцыёнам” для дзяцей была магчымасць пагладзіць сабак. Для сабак гэта таксама важна – навучыцца ўспрымаць увагу да сябе ад чужых людзей.
“Сабакі жывуць у горадзе, вакол людзі і яны павінны быць сацыялізаванымі, умець спакойна рэагаваць на такія знакі ўвагі, каб людзі маглі адчуваць сябе бяспечна”? – тлумачыць Аляксей, пакуль дзяўчынка гладзіць яго вялікага бульдога. А для сабак з ратавальнага атрада Чырвонага Крыжа такія задачкі ўвогуле звыклыя. Усе яны працуюць не толькі ў пошуку людзей, але і ў рэабілітацыі дзяцей з інваліднасцю і ўмеюць спакойна рэагаваць на дотыкі незнаёмых.

Свята для працы і адпачынку
Знайшліся сярод гасцей і ахвотныя папрацаваць – трэба было скончыць будаўніцтва лабірынта і пафарбаваць яшчэ некалькі снарадаў. Шмат часу правёў тут з рыдлёўкай Мікіта. Разам з бацькам Андрэем Марозам і лабрадорам Гердай яны прышлі на пляцоўку, бо жывуць непадалёку. “Казаў, усім сябрам будзе расказваць, што сам гэты лабірынт збудаваў”, – усміхаецца Андрэй у бок сына, што завіхаецца за працай.

Навучыцца новаму маглі на адкрыцці пляцоўкі не толькі сабакі. Для гасцей свята арганізавалі фітнэс-трэніроўку. Таксама зрабіла падарункі камандзе і Лена Майсюк – яна займаецца гравіроўкай па шклу і падаравала гравіраваны імянны слоік кожнаму з удзельнікаў каманды валанцёраў.

Магчыма толькі разам
У Гродне разам з удзельніцай шоў Ленай Майсюк працавала не толькі каманда валанцёраў. Без падтрымкі з боку гарадской ЖКГ і асабіста кіраўніка Андрэя Хмеля пабудаваць пляцоўку было б немагчыма – упэўнены актывісты. Таксама як і без падтрымкі мясцовых прадпрыемстваў. Падключыцца да электрычнасці, каб забяспечыць імпрэзу музыкай, дазволіла кіраўніцтва “TRINITI”, з набыццём матэрыялаў дапамаглі “Ёлкі-палкі” і “Белзабор”.
“Прыемна, калі людзі ідуць насустрач. Гэта дае адуванне, што горад сапраўды наш, што гаражане таксама могуць вырашаць, у які бок і якім чынам яму развівацца, – распавядае Лена. – Гэту пляцоўку мы зрабілі ўсе разам, для ўсіх ахвотных. Карыстайцеся, гэта для вас!”

Увесь час імпрэзы на пляцоўцы разам з актывістамі працавала і здымачная група шоў “Горад”. Зараз яны вядуць здымкі фінальнальных эпізодаў з другога сезона шоў і правяраюць, як удалося ўдзельнікам выканаць дамашняе заданне.















