Гродзенская студыя распрацоўкі настольных гульняў «Кубік» сумесна з кампаніяй ОZ.by выпусціла чарговую калоду ігральных карт. Яны зноў прысвечаны Вялікаму Княству Літоўскаму.
«Калі мы выпусцілі першую калоду [карт — заўв. Hrodna.life] ВКЛ, убачылі яе папулярнасць. Яна вельмі добра прадавалася, стала папулярнай і паўплывала на думку, што трэба працягваць выданне ігральных карт. Было шмат каментароў, чаму той ці іншы князь не патрапіў у калоду», — распавёў Hrodna.life адзін са стваральнікаў карт Антон Янкоўскі.
На картах у ролі каралёў, дамаў і вальтоў - 12 гістарычных постацей часоў ВКЛ. Сярод іх князі і князёўны, асветнікі, ваяры: Альгерд, Казімір Ягелончык, Мікола Гусоўскі, Соф’я Гальшанская і іншыя. У брашуры ўнутры калоды ёсць кароткае апісанне кожнага персанажа.
Серыя аформлена ў адным стылі
Адваротны бок картаў выкананы ў адным стылі з папярэдняй калодай. Яе выпусцілі ў кастрычніку 2021 года. Гэта дазволіць аб’яднаць калоды і скласці сваю з любімымі постацямі.
«Ужо ў пачатку зімы мы абмяркоўвалі, што трэба працягваць. У канцы лютага ўсё было гатова. Трэба было толькі запусціць у друк», — сказаў Антон пра серыю «Беларускія гістарычныя ігральныя карты».
Цана за адну калоду ў краме OZ.by - 11,90 рублёў. Карты падаражэлі, у параўнанні з мінулым годам, бо ў Беларусі моцна выраслі кошты якаснага друку і якаснай паперы.
Раней ужо былі гістарычныя карты — і не толькі пра дзеячоў ВКЛ
У 2017 годзе выйшлі «Карты Лапіных» — адноўленая калода гродзенскай фарыкі ігральных карт 1930-х гадоў. Таксама студыя распрацоўвала калоду з выявамі ўладальнікаў Мірскага замка і сувенірную калоду для завода «Кристал», у будынку яго калісці выпускалі карты.
«Мы бачым, што ёсць вялікая цікаваць да ігральных карт. Менавіта з гістарычным напаўненнем. Яны добра прадаюцца, маюць добрыя водгукі. Я думаю, мы працягнем выдаваць ігральныя карты. Восенню выйдзе новая калода, але з чым яна будзе звязана — сакрэт», — сказаў Антон.
Чаму абралі перыяд ВКЛ
«ВКЛ гэта вялікая і цікавая веха ў гісторыі Беларусі. Гэта перыяд росквіту беларускіх земляў, перыяд калі былі князі, рыцары, княгіні і каралеўны. Гэта якраз тое, з чаго складаюцца ігральныя карты: дама, валет, кароль. ВКЛ гэта быў лагічны выбар, пра які думалі даўно, яшчэ ад часоў карт Лапіных» — распавёў Антон.
«Закрыўшы краму, пачалі больш актыўна працаваць над праектамі»
«Закрыўшы краму „Кубік“, мы больш актыўна пачалі працаваць над праектамі з OZ.by. Зараз распрацоўваем каля пяці праектаў. А таксама праект для рускага выдавецтва», — сказаў Антон.
Ён мяркуе, што ў гэтым ці наступным годзе яны выпусцяць цікавыя настолкі: як на беларускай, так і на рускай мовах. Якія гэта будуць настолькі Антон пакуль не раскрывае.
«Мы паставілі мэту — развіваць настольную індустрыю ў Беларусі. Папулярызаваць настолкі не толькі праз адметнае і гістарычнае, а зрабіць цягам двух год некалькі цікавых праектаў. Яны будуць паказваць культуру Беларусі з пасылам, каб гэтыя праекты былі цікавыя і расійскаму, і еўрапейскаму грамадству», — сказаў Антон.
Чытайце таксама: