Заснавальнік ПВТ Валер Цапкала, які заявіў пра ўдзел у выбарах, родам з Гродна. Якія яшчэ гродзенцы балатаваліся ў прэзідэнты? Хто з іх быў самым паспяховым кандыдатам?
Выбары 1994: Аляксандр Дубко
На першых у гісторыі Беларусі прэзідэнцкіх выбарах 1994 года сярод кандыдатаў быў Аляксандр Дубко. На той момант — старшыня калгаса «Прагрэс» і лідар Аграрнай партыі.

У першым туры Дубко атрымаў 6,1% галасоў і ў другі тур не прайшоў. Гэта былі адзіныя прэзідэнцкія выбары, якія прайшлі ў два туры.
З 12 снежня 1994 года і да смерці 4 лютага 2001 Дубко кіраваў Гродзенскім аблвыканкамам.
Выбары 2001: Сямён Домаш
Чарговыя выбары прэзідэнта прайшлі 9 верасня 2001 года. У іх таксама браў удзел гродзенец — Сямён Домаш.
У 1990−1993 гадах ён быў старшынёй Гродзенскага гарвыканкама, у 1993−1994 — Гродзенскага аблвыканкама, выступаў за пашырэнне паўнамоцтваў мясцовай улады.
У 1990−1996 гадах Домаш быў дэпутатам Вярхоўнага Савета. У ходзе лістападаўскага рэферэндуму 1996 года адкрыта выступіў супраць Лукашэнкі і разам з 70 іншымі дэпутатамі падпісаў заяву аб імпічменце прэзідэнту.

Літаральна за некалькі дзён да выбараў 2001 году Домаш зняў сваю кандыдатуру на карысць прафсаюзнага лідара Уладзімера Ганчарыка. Расчараваным прыхільнікам Домаша тады прапанавалі формулу «Ганчарык — прэзідэнт, Домаш — прэм’ер-міністр». У выніку Ганчарык паводле афіцыйных вынікаў галасавання атрымаў 15,65% галасоў. Сёй-той пратэстны патэнцыял у вечар выбараў ён ніяк не выкарыстаў.

Сямён Домаш сышоў з палітыкі, быў дырэктарам дзяржаўнага гарбарнага завода ў Гродне, у 2017 годзе стаў адным з кіраўнікоў фірмы «АВС». Экс-кандыдат у прэзідэнты памёр раніцай 9 лютага 2019 за рулём свайго аўтамабіля.
Чытайце таксама: «При нем здесь были золотые годы». Семена Домаша вспоминают друзья, коллеги и чиновники
«Ён быў найлепшым з усіх прэтэндэнтаў у прэзідэнты», — сказаў пра Домаша пасля яго смерці Аляксандр Мілінкевіч.
Выбары 2006: Аляксандр Мілінкевіч
Наступныя выбары прэзідэнта адбыліся 19 сакавіка 2006 года.
У іх адзіным кандыдатам ад аб’яднанай апазыцыі павінен быў быць гродзенец Аляксандр Мілінкевіч. Але ізноў не атрымалася дамовіцца і асобна на выбары пайшоў іншы апазіцыянер — экс-рэктар БДУ Аляксандр Казулін.
Калі Домаш прыйшоў у палітыку з тэхнічнай наменклатуры, то Мілінкевіч — з навукі. Паводле адукацыі ён фізык, працаваў у Гродзенскім універсітэце. Мілінкевіч у 1990−1996 гадах быў намеснікам старшыні Гродзенскага гарвыканкама, туды яго паклікаў Домаш. На выбарах 2001 году Мілінкевіч кіраваў штабам Домаша.
У 2006 годзе Кангрэс дэмакратычных сіл Беларусі абраў Мілінкевіча кандыдатам ад апазіцыі, праўда, з мінімальнай перавагай — ад Аляксандра Лябедзькі ён адарваўся толькі на 8 галасоў.
Паводле афіцыйных дадзеных Мілінкевіч набраў 6,2%. Атрымліваецца, ён самы паспяховы кандыдат з Гродна — на 0,1% абышоў Дубко.
Выбары, у якіх прымаў удзел Аляксандр Мілінкевіч, запомніліся самымі працяглымі вулічнымі акцыямі пратэсту — моладзь у палатках «акупавала» кавалачак Кастрычніцкай плошчы пяць дзён.
Чытайце таксама: «Совершенно не чувствую возраста». Александру Милинкевичу — 70 лет
Пасля выбараў Мілінкевіч разам з польскімі ўладамі заснаваў у Польшчы стыпендыяльную праграму імя Каліноўскага для студэнтаў, якіх выключылі з беларускіх універсітэтаў па палітычных матывах. Стыпендыя існуе дагэтуль.
Апошнія гады Мілінкевіч жыў у Брэсце і ў сваёй роднай вёсцы Бершты, недалёка ад Гродна. У 2019 годзе ён заснаваў у Польшчы фонд «Вольны беларускі ўніверсітэт».
Выбары 2010: Яраслаў Раманчук
У выбарах 19 снежня 2010 года ўдзельнічала рэкордная колькасць кандыдатаў - 10. Сярод іх быў і ўраджэнец Гродзенскага раёна ліберальны эканаміст Яраслаў Раманчук. З 2000 да 2011 ён быў намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, распрацоўваў партыйную эканамічную праграму «Мільён новых працоўных месцаў».

Выбары скончыліся масавай акцыяй пратэсту і такой жа масавай пасадкай пратэстуючых, у тым ліку кандыдатаў, у турмы. Праўда, Раманчук пазбег турмы, выступіўшы па тэлебачанні з заявай, у якой асудзіў пратэсты. «Некаторым персаналіям вельмі хацелася сарваць далікатны дыялог, які зараджаўся паміж Беларуссю і міжнароднай супольнасцю», — сказаў тады ён, фактычна асудзіўшы іншых апазыцыйных кандыдатаў. Афіцыйна ён атрымаў на выбарах 1,98% галасоў.
Чытайце таксама: «Беларусь получит статус Чечни или Крыма». Экономист Ярослав Романчук об интеграции с Россией
У верасні 2011 Раманчук выйшаў з АГП.
Выбары 2015: без гродзенцаў
Папярэднія выбары аказаліся адзіным, на якіх не было кандыдатаў з Гродна.
Выбары 2020: Валер Цапкала
Заснавальнік ПВТ Валерый Цапкала, калі яго ініцыятыўную групу зарэгіструюць, стане чацвёртым чалавекам з Гродна, які паспрабуе пазмагацца за пасаду кіраўніка дзяржавы.
