У Гродне памер экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Сямён Домаш

Сямён Домаш (злева) і Уладзімір Ганчарык. Фота з сайта naviny.by

9 лютага памёр экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Сямён Домаш. Гэтую інфармацыю TUT.BY пацвердзіў палітык Аляксандр Мілінкевіч.

Сямён Мікалаевіч памёр раніцай за рулём сваёй машыны ў Гродне – па папярэдніх дадзеных, у былога палітыка спынілася сэрца. Яму было 69 гадоў.

– Праблемы з сэрцам у яго былі яшчэ пасля выбараў 2001 года. Тады ён нават рабіў аперацыю ў польскім Кракаве, але ў апошнія гады, наколькі ведаю, адчуваў сябе нядрэнна – займаўся спортам, прытрымліваўся ЗЛЖ, – кажа Аляксандр Мілінкевіч.

Паводле яго інфармацыі, развітанне з Домашам пройдзе ў панядзелак у Гродне.

Хвілінай маўчання Сямёна Домаша памянулі на сходзе дэпутатаў Вярхоўнага савета 12 і 13 скліканняў, якое сёння праходзіць у Мінску.

Сямён Домаш удзельнічаў у кампаніі 2001 года. Тады ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Беларусі вылучаліся 17 чалавек. Сярод іх былі экс-міністр абароны Павел Казлоўскі, акцёр Яўген Крыжаноўскі, дачка былога кіраўніка БССР Наталля Машэрава, старшыня БНФ Зянон Пазняк і іншыя. Ад апазіцыі вырашылі вылучаць адзінага кандыдата. На яго месца прэтэндавалі пяць чалавек: Уладзімір Ганчарык, Сямён Домаш, Сяргей Калякін, Павал Казлоўскі і Міхаіл Чыгір. Аднаго выбраць не здолелі, таму ў ЦВК былі зарэгістраваныя два кандыдаты ад апазіцыі: старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Уладзімір Ганчарык і былы старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Домаш. Акрамя іх, пасведчанне кандыдата ў прэзідэнты атрымалі дзейны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка і старшыня ЛДП Сяргей Гайдукевіч. За некалькі дзён да выбараў Домаш зняў сваю кандыдатуру на карысць старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Уладзіміра Ганчарыка.

У свой час Сямён Домаш займаў пасаду старшыні Гродзенскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў, быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

Пасля выбараў-2001 доўга ўзначальваў Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне, у 2014 годзе пакінуў пасаду. Нейкі час адмаўляўся казаць аб новай працы, многія думалі, што ён выйшаў на пенсію. У апошнія гады, паведамляла «Наша Нiва», працаваў адным з кіраўнікоў гродзенскага прадпрыемства ABC, які займаецца вытворчасцю прадуктаў харчавання.

«Ён быў найлепшым з усіх прэтэндэнтаў на прэзідэнта». Сямёна Домаша ўзгадвае Аляксандр Мілінкевіч

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: