Субота, 7 верасня, на гадзінніку 23:20. У бар «Куба» на вуліцы Калючынскай уваходзяць чатыры супрацоўнікі міліцыі і просяць уладальніка прыглушыць музыку. Праз 5 хвілін паступае распараджэнне наогул закрыць бар. Наведвальнікі, не дапіўшы свае напоі, вымушаныя былі пакінуць установу.
З-за скаргаў жыхароў вуліцы папулярнаму бару далі прадпісанне абмежаваць час працы да 23:00.
За лічаныя хвіліны ў «Кубе» ў самы пік працы не засталося нікога. Міліцыянты некаторы час яшчэ размаўлялі з уладальнікам, а пасля з’ехалі.
«Шуму ніякага не было, жыхары не прыходзілі, — распавядае наведвальніца бара Таццяна. — Але ў адзін момант некалькі супрацоўнікаў міліцыі заляцелі ў «Кубу» і сказалі ўсім разыходзіцца. Як так? Выхадны дзень, у моладзі толькі ў гэты час адпачынак пачынаецца, а нам кажуць разыходзіцца. «Куба» — папулярны ў Гродне бар, калі абмяжоўваць яго працу да 23:00, гэта загубіць установу.
Паглядзіце, што з суседнім «Малаком» адбылося. Бар добра стартаваў, людзі толькі сталі туды хадзіць, музыка ў іх грала не гучней, чым у «Кубе», але ім яшчэ ў жніўні ўлады сказалі абмежаваць час працы. Зараз яны зачыненыя".
Уладальнік «Кубы» ад каментароў устрымаўся. Яго калегі з суседняга бара «Малако» распавялі, з якой сітуацыяй сутыкнуліся.
Іх бар не працуе ўжо два тыдні. Уладальнікі не ведаюць, што ім рабіць далей. У сваю ўстанову Томаш Анікеіч уклаў вялікія грошы і планавалі, што іх бар будзе добрым месцам для адпачынку гараджан у вячэрні і начны час. Разлічвалі на турыстаў.
«Гарадскія ўлады ўжо не першы год заяўляюць, што ў нас турыстычны горад. Спецыяльна зрабілі бязвізавы рэжым і плынь турыстаў павялічылася ў разы. І гэта заўважна, — распавядае Томаш. — Наш бар „Малако“ адкрываўся з перспектывай на прыезджых гасцей, а цяпер гарадскія ўлады ўмяшаліся ў гаспадарчую дзейнасць установы і канцэпцыя бара для турыстаў папросту ўжо не пасуе. Турысты і актыўныя гараджане днём адпачываюць, а вечарам, бліжэй да ночы, ідуць у бары. Калючынская — цэнтр горада. Нядаўна наш мэр заяўляў, што цэнтр плануюць ажывіць. Але што тут ажыўляць, калі ўжо палкі ў колы ўстаўляюць?»
Томаш бачыць праблему ў тым, што гарадскія ўлады не працавалі з жыхарамі і не дапамагалі вырашаць гэтыя праблемы. «Працавалі толькі шляхамі забаронаў, вось і жыхары пачалі збіраць кампрамат на нас. Некаторыя ўжо са старту абяцалі нас закрыць. Казалі: вы тут не збірайцеся, мы вас усё адно закрыем. Гэта нармальна?»
Па словах Томаша, скардзяцца адны і тыя ж жыхары вуліцы: «Сяргей, Плоцкі і Богдан. Іншыя не ўмешваюцца. Сапраўдныя прафесійныя скаржнікі, якія на нашых наведвальнікаў і ваду вылівалі, і абражалі. Але мы не пазіцыянавалі сябе як шумнае месца,
у нас заўсёды грала фонавая музыка».
Пасля шматлікіх скаргаў жыхароў у «Малацэ» пачасціліся праверкі, уладальнікам далі тэрмін на ліквідацыю недахопаў. Усё было выканана згодна прадпісанняў, але нават пасля гэтага скаргі жыхароў не спыніліся. Томаш і Патрыцыя вырашылі на нейкі час закрыць сваю ўстанову.
«У адну ноч наш бар не працаваў, а мне тэлефануюць супрацоўнікі міліцыі і просяць, каб я прыехаў на Калючынскую і даў тлумачэнні, бо на маю ўстанову паступіў выклік. Як такое можа быць? Кажуць, што мы праводзім закрытыя вечарыны. А там на той момант нікога не было.
У гэтай сітуацыі недапрацавалі мясцовыя ўлады. Яны спачатку дазволілі адкрыцца — чалавек уклаўся, а потым яму забаранілі працаваць. Улады павінны былі адразу сказаць, што не дадуць працаваць у тым ці іншым фармаце. У наш бізнес уцягнутыя маладыя людзі, якія засталіся ў родным горадзе і хочуць яго зрабіць лепш. Вось мы цяпер не працуем, дзяржава пазбавілася падаткаў, а шэсць чалавек засталіся без працы", — дадаў Томаш.
У ліпені старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой заявіў, што ў эканоміку горада трэба прыцягваць маладых людзей і ствараць для іх умовы для працы.
«Калі абмяркоўвалася пытанне «бязвіза», з’явілася прапанова па Гродне. Лічу, за два з лішнім гады атрымалася досыць няблага. Эканоміка горада развіваецца. Адкрываюцца малыя, я называю іх сямейнымі, прадпрыемствы: бары, рэстараны, хостэлы, міні-гасцініцы, іншае. Нам трэба прыцягваць у эканоміку маладых людзей, якія часта з’язджаюць за мяжу. Гэта і для Гродна вялікая праблема. Далей. З нашай пешаходнай вуліцы Савецкай трэба прыбіраць жыллё і адміністрацыйныя службы. Спадзяюся, у наступным годзе да траўня пераселім адтуль адміністрацыю Ленінскага раёна.
[…] задача гарадской улады — стварэнне ўмоў. Мы клічам прыватнікаў: прыходзьце і рабіце тут усё што заўгодна ў рамках заканадаўства", — казаў Мечыслаў Гой.
Алена Сяргей жыве на Калючынскай у доме, дзе знаходзяцца тры бары. Жанчына — адна з ініцыятараў абмежавання працы устаноў.
«Так, мы падавалі калектыўны зварот у выканкамы, — расказвае Алена. — Бары знаходзяцца непасрэдна ў доме, а гэта пастаянныя натоўпы людзей пад вокнамі да дзвюх гадзін ночы. Шум і пах цыгарэт. Два бары з музычным суправаджэннем, да іх і дыджэі прыходзілі граць, і нейкія музычныя калектывы. Фактычна дыскатэку там ладзілі. Жыхароў не ратавалі нават зачыненыя вокны, усе біты адчуваліся на сценах. Улетку такая сітуацыя магла быць амаль кожны дзень.
Барацьба з барамі ў нас доўжыцца ўжо некалькі гадоў. Усё пачыналася з «Кубы», а пасля адкрылі яшчэ два. Выклікалі мы на іх міліцыю і іншыя службы, рабілі замеры шумоў. Стала ціха. Але пасля змены ўладальнікаў у «Кубе» праблема вярнулася".
У гэтым годзе жыхары сталі запісвацца на прыёмы ў аблвыканкам і ўстановам далі рэкамендацыі ліквідаваць недахопы і абмежаваць працу да 23:00. Праз некаторы час «Кубе» зноў дазволілі працаваць да дзвюх гадзін ночы. «Пачалося старая гісторыя», — кажа Алена.
«Уладальнікі „Кубы“ спрабавалі аспрэчыць гэтае рашэнне, нават наймалі дэпартамент аховы, але супрацоўнікі былі толькі для бачнасці. Тады ўжо іншыя жыхары запісаліся паўторна на прыём у выканкам. Пытанне вырашылі і барам, спадзяюся канчаткова, забаранілі працаваць да дзвюх гадзін. Строга да 23:00».
Алена запэўнівае, што яна не супраць установаў у цэнтры горада. Але ў яе выпадку бары знаходзяцца ў жылым доме, а значыць паводле закону яны павінны працаваць да 23:00, кажа жанчына. «Мы, жыхары, маем права на цішыню».
Уладальнікі «Кубы» не адмаўляюць, што праблема з жыхарамі існуе. Некалькі разоў яны спрабавалі вырашыць гэтае пытанне, але супраць зацятасці некаторых жыхароў ім цяжка змагацца.
«Чаму так рэагуюць жыхары нам зразумела, але цяжка зразумець пазіцыю асобных асоб, — распавядае адзін з саўладальнікаў бара Анастасія. — Гэтыя людзі падбухторваюць усіх астатніх. Вось гэтыя скаржнікі Сяргеі жывуць на трэцім паверсе і кажуць, што ў іх чуваць нашу музыку. Спрабавалі з імі дамовіцца і падладзіцца, але яны адмовіліся. Яны не хочуць вырашэння праблемы, ім важна закрыць нас. Для іх гэта справа гонару. Проста такія ўжо гісторыі ў выканкаме распавядаюць, што аж страшна становіцца. Яны хочуць нашай крыві.
Мы не спрачаемся, бывае, што людзі і шумяць на вуліцы, але не тое, што яны прыдумляюць. Сёння, а 23:00 Калючынская пустая вуліца, і з абмежаваннем мы проста сыйдзем у вялікі мінус. Суседні бар «Малако» толькі адкрыўся — і са старту пацярпеў. Яны не паспелі нават стартануць, а ў бізнес іх укладзеныя вялікія грошы. Мы спрабавалі данесці нашы праблемы ў выканкаме, але нас ніхто не чуў".
Дана з мужам Яўгенам і маленькім дзіцём жывуць у суседнім доме. У іх дома чуваць усё, што адбываецца на вуліцы. Але сям’я не супраць гэтых устаноў.
«Мы бліжэй за ўсіх да наведвальнікаў бараў на Калючынскай. Першы паверх, пяць вокнаў глядзяць у бок вуліцы, старыя драўляныя шклопакеты. Дома чуваць усё, — распавядае Дана. — Чацвер, пятніца і субота — вуліца вечарам ці ноччу ажывае. Да бараў «Куба», «Малако», і яшчэ далей «Хука», у мяне вельмі мала прэтэнзій. Часам наведвальнікі гучна ідуць. Гэтае пытанне, думаю, можна вырашыць з дапамогай ахоўнікаў, якія дапамогуць сесці ў таксі або нагадаюць людзям, што трэба паводзіць сябе цішэй.
Аднойчы я позна вярталася з працы і перад «Кубай» было каля 20−30 чалавек: яны настолькі ціха размаўлялі, што я нават была ў шоку. У мяне больш пытанняў да «Правінцыі». Калі ў іх святкуюць юбілеі або вяселлі і там горача, то яны адкрываюць вокны і музыка разносіцца па ўсёй вуліцы. «Калінку-малінку» ні з чым не пераблытаеш. А яшчэ яны не папярэджваюць людзей, што феерверк павінен быць да 23:00, а пажадана да 22:30, бо там вельмі моцнае рэха. Некалькі разоў быў феерверк і ў гадзіну ночы, і ў дзве. Вось ад гэтага я доўга не магла заснуць.
І калі праводзяць маладых дадому, то ўсе крычаць «Горка!» — а гэта ўжо пасля 23:00 дакладна".Другая ўстанова, да якой у Даны ёсць прэтэнзіі, гэта маладзёжны цэнтр «Гродна». Іх басы з цэнтральнай залы вельмі добра чуваць і на вуліцы, а на першым паверсе ёсць бар і караоке. «Часам яны забываюць зачыняць дзверы ці людзі выходзяць паліць. І музыка гарлапаніць на ўсю вуліцу. Гэта непараўнальна ні з якой гучнай размовай», — кажы Дана.
Некаторыя наведвальнікі шумяць і пасля выхаду з бараў: садзяцца ў машыну і ўключаюць у сябе музыку так гучна, што, па словах Даны, у яе вокны трасуцца. «Не раз заўважала, як таксісты каля „маладзёжкі“ пантуюцца і ноччу ўрубаюць музыку — хто гучней. Я ўсё збіралася схадзіць да іх і паскардзіцца. Гэтыя дзве ўстановы — самыя шумныя на вуліцы Калючынскай і на іх працу трэба звярнуць увагу. Яны дзяржаўныя і ім усё сыходзіць з рук».
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…