Дадаць навіну
Аўторак, 13 лістапада 2018, 08:17

Каля сінагогі ў Гродне выявілі падмуркі малітоўнай школы «Хеўрэ Алшых»

Падчас земляных работ каля харальнай сінагогі ў Гродне будаўнікі выявілі падмуркі малітоўнага дома «Хеўрэ Алшых», які прастаяў дзве сусветныя вайны, але быў разабраны ў савецкія гады.

Усе земляныя работы ў цэнтры Гродна праводзяцца пад наглядам археолагаў. У дадзеным выпадку нагляд праводзіць спецыяліст з Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Наталля Пачобут. Археолаг адзначае, што падчас работ у зямлі паказалася некалькі сценак невядомай пабудовы, як мяркуецца збудаванай у канцы XIX стагоддзя. Ды і катлаван у 3-4 метра пакуль не можа археолага парадаваць каштоўнымі знаходкамі.

«Па цаглінах можна вызначыць, што пабудова верагодна канца XIX стагоддзя. Але пакуль у нас некалькі сценак і шмат смецця», – распавяла Наталля Пачобут.

Каля сінагогі ў Гродне выявілі падмуркі малітоўнай школы «Хеўрэ Алшых»
Цагляная сценка, якую выявілі будаўнікі падчас земляных прац побач з харальнай сінагогай

Сінагог у Гродне было каля 40

Траншэя пад камунікацыі праходзіць у некалькіх метрах ад харальнай сінагогі, а яшчэ да 1941 года там знаходзілася шчыльная забудова. Гісторык Яўген Махнач мяркуе, што падчас земляных работ былі знойдзены падмуркі малітоўнай школы «Хеўрэ Алшых», якая стаяла каля самай сінагогі.

«Гэта месца ў горадзе ў даваенныя гады называлася Школьны двор, там было шмат сінагог і іншых малітоўных дамоў. Якраз за харальнай і быў малітоўны дом «Хеўрэ Алшых». А наогул у Гродне было каля 40 сінагог і кожная габрэйская арганізацыя і таварыства мелі сваю малельню. Напрыклад, была сінагога для ветэранаў, для шаўцоў, цесляроў i iншых”.

Сінагога – гэта малітоўны дом, месца, дзе збіраюцца вернікі іудзеі для малітвы і размовы з Богам.

Каля сінагогі ў Гродне выявілі падмуркі малітоўнай школы «Хеўрэ Алшых»
Падмуркі малітоўнага дома “Хеўрэ Алшых”

Малітоўная школа прастаяла дзве сусветныя вайны

Што ля сінагогі выявілі падмуркі малітоўнага дома «Хеўрэ Алшых», лічыць і гісторык Мечыслаў Супрон. Пра гэтую пабудову ён збірае інфармацыю на працягу апошняга часу і неўзабаве гатовы яе апублікаваць.

«Так, гэта малітоўная школа, якую знеслі ў савецкія гады. На гэтым месцы пачынаючы з канца 18 стагоддзя стаяў драўляны будынак школы, але пабудова згарэла падчас пажару 1899, і ў 1901 г. на тым жа месцы пабудавалі цагляны будынак. Ён прастаяў дзве сусветныя вайны, але не перажыў савецкі час».

«Хаўре Алшых» у перакладзе з іўрыту азначае: «Хаўрэ» – брацтва (аб’яднанне), «Алшых» – хутчэй за ўсё прозвішча равіна, адміністратара ці мецэната малітоўнага дома.

У музеі макетаў Ігар Лапехі сёння ёсць макет малітоўнага дома «Хаўрэ Алшых», які знаходзіўся збоку ад сінагогі, амаль над самым абрывам гары.

Каля сінагогі ў Гродне выявілі падмуркі малітоўнай школы «Хеўрэ Алшых»
Малітоўны дом “Хеўрэ Алшых” побач з харальнай сінагогай на макетах Ігар Лапехі

Будынак сам пачаў развальвацца

Знеслі малітоўны дом у 1960-х гадах, пра гэта Hrodna.life распавёў жыхар вуліцы Рабочай Яўген Пікаловіч, які жыве там з 1934 года.

«Я добра памятаю гэтую сінагогу, яна была крыху менш за тую, якая зараз стаіць. Пабудова сама стала разбурацца ў пасляваенныя гады. Канчаткова яе знеслі дзесьці ў 1960-я гады. А наогул у гэтым раёне было некалькі сінагог і я пасля вайны бываў на даху адной з іх і знаходзіў там нейкія паперы, але ў тыя гады мне яны былі нецікавыя».

Знойдзеныя падмуркі малітоўнай школы не ў лепшым стане. Археолаг іх памерае і зафіксуе. Аб аднаўленні пабудовы сёння і гаворкі не ідзе.
Але ў цэлым гродзенскія гісторыкі ўздымаюць тэму пусткі за сінагогай і нагадваюць уладам пра яе каштоўнасць і перспектывы аднаўлення.

Каля сінагогі ў Гродне выявілі падмуркі малітоўнай школы «Хеўрэ Алшых»

Каля сінагогі ў Гродне выявілі падмуркі малітоўнай школы «Хеўрэ Алшых»

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: