У інтэрнэце і друкаваных СМІ ідзе гарачая дыскусія пра падыходы да рэканструкцыі Старога Замка. Добра, што адзін з галоўных гістарычных і архітэктурных аб’ектаў горада выклікае такую неабыякавасць у грамадства, аднак па-за ўвагай застаюцца іншыя не менш значныя аб’екты. Рэдакцыя hrodna.life сабрала звесткі пра некаторыя помнікі архітэктуры, якімі збіраюцца займацца гродзенскія ўлады і прыватныя інвестары ў 2017 годзе.
Каложская царква
Некалькі тыдняў таму ў Гродне адбылася нарада па пытаннях захавання Каложскай царквы. У нарадзе прымалі ўдзел прадстаўнікі праваслаўнай царквы, архітэктары, археолагі, спецыялісты па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны.
Ход мерапрыемства не асвятляўся падрабязна ў СМІ, аднак вядома, што прадстаўнікі «Гроднаграмадзянпраекта» зрабілі акцэнт на дрэнным стане драўлянай сцяны святыні і прапаноўваюць узвесці новую сцяну храма прыкладна ў 70 сантыметрах бліжэй да схіла. Далей існуючую драўляную сцяну прапануецца разабраць.
Каложская гара, як мяркуецца, павінна вытрымаць новую сцяну, якую пабудуюць ці тое з «успененага» бетону, ці тое з дрэва. Цікава, што ў адрозенне ад 2010 г., калі запланаваныя работы на Каложы афармляліся як грамадская кампанія па рэстаўрацыі святыні, то цяпер яны падаюцца як капітальны рамонт царквы.
[irp posts="19 020″ name="Капітальны рамонт Каложскай царквы ў Гродне запланаваны ў 2017 годзе"]
У пачатку красавіка 2017 г. факт запланаванага «капітальнага рамонта» Каложскай царквы пацвердзіла Наталля Хвір — начальнік упраўлення гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі. Будзем спадзявацца, што хутка справы ці тое «капрамонту» ці тое «рэстаўрацыі» старажытнейшай царквы нашай краіны будуць больш дэтальна прадстаўлены грамадскасці. Няма сумневу, што знешні выгляд Каложы ў выніку рамонту істотна зменіцца.
Палац у Свяцку
Ужо два месяцы ідуць работы на палацы ў Свяцку. Пакуль вядуцца камунікацыі па палацу і збіраецца гістарычная дакументацыя. Камунікацыямі займаецца «Гроднажылбуд», які павінен скончыць іх правядзенне восенню гэтага года.
[irp posts="9183″ name="Для закінутага палаца ў Свяцку распрацавалі канцэпцыю музеефікацыі"]
Палац, які цяпер належыць санаторыю «Азёрны», будзе рамантавацца паступова, і гэта будзе відавочна няпроста, паколькі некаторыя яго канструкцыі, напрыклад каланады, знаходзяцца ў дрэнным стане. Гэта звязана з тым, што ў 2006−2009 гг. фактычна бясхозны будынак не меў нават зліўных труб і наскрозь прамакаў ад даждавой вады.
Сёння праектам займаюцца адказныя гродзенскія спецыялісты і можна меркаваць, што пры адбудове палаца Валовічаў будуць выкарыстаны ўсе магчымасці для найбольш аўтэнтычнага яго аднаўлення.
Вуліца Замкавая
Што тычыцца нашумелага продажу ўчастка пад будаўніцтва па вул. Замкавай за палацам тэсктыльшчыкаў, то старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў і культуры Антон Астаповіч атрымаў з Гродзенскага гарвыканкама ліст, дзе паведамляецца, што ўчастак праданы адпаведна з заканадаўствам, паколькі прызначаны пад забудову ў адпаведнасці з генпланам Гродна.
Ці будзе праводзіцца грамадскае абмеркаванне новага будынка? Малаверагодна, паколькі звычайна такога кшталту будоўлі не абмяркоўваюцца. Маўляў, калі ёсць зацверджаны «дэталёвы план» (разгорнутая версія генплана), то ўжо можна праект і не абмяркоўваць.
[irp posts="17 107″ name="Будаўніцтва офісаў за Палацам тэкстыльшчыкаў: інвестар і ўлады абяцаюць раскопкі. Магчыма, будзе грамадскае абмеркаванне"]
Але вельмі хочацца спадзявацца, што і ўласнік участка і архітэктар, які будзе праектаваць новы дом, прыслухаюцца да меркаванняў гісторыкаў і падораць гродзенцам страчаны квартал з Домам Рыбака і іншымі цікавымі будынкамі.
Новы гатэль Сямашкі
Наконт рэканструкцыі будынка па вул. Калючынскай 23 трэба сказаць, што тут, безумоўна, добра тое, што будынак захаваюць. Нагадаем, раней яго планавалі разбурыць у працэсе рамонту «Мураўёў-гатэля».Фантастычны праект перабудовы старой яўрэйскай рэлігійнай школы таксама не мусіць праходзіць грамадскага абмеркавання, але праекціроўшчыкі робяць акцэнт на тое, што каля новага гатэля з’явіцца не толькі дадатковая стаянка, але і зона адпачынку. Шкада толькі, што мабыць ужо ніколі не будзе адноўлена рэшта забудовы па Калючынскай да былога кінатэатра «Гродна». Хіба што захоча пашырыцца сам гатэль.
[irp posts="15 714″ name=" Палац Сямашка" да канца года з’явіцца ў цэнтры Гродна"]