Аўтар блога Fandom.by аб’яднаў пяць упадабаных трылераў у адну падборку, якая ідэальна лягла на таймлайн: па адным фільме на год у перыяд з 2013 па 2017.
Усе пералічаныя ніжэй фільмы расказваюць вострасюжэтныя гісторыі з жыцця простых смяротных людзей і выкрываюць розныя заганы і хваробы грамадства. Ніякіх выгнанняў д’ябла, разні ў закінутых хатах і іншага эксплуатацыйнага смецця ад свету кіно.
На зямлі няма больш жорсткага звера, чым чалавек.
Стрынгерамі на прафесійным жаргоне завуць пазаштатных карэспандэнтаў, якія здабываюць інфармацыю для СМІ. Зазвычай, гэта «гарачыя» матэрыялы з месца злачынстваў, аварый і няшчасных выпадкаў. Ролю менавіта такога лаўца фартуны бліскуча выканаў Джэйк Джыленхал.
Дзеянне разгортваецца ў Лос-Анджэлесе, і гэта вам не Ла-Ла-Лэнд. Кожную ноч тут адбываюцца жудасныя аўтамабільныя аварыі, жорсткія забойствы і перастрэлкі з паліцыяй. Усё гэта вельмі хвалюе аўдыторыю Анлайнера мясцовых жыхароў, а таму TV-вулей па вытворчасці навінавага шок-кантэнту гудзе кругласуткава, засвойваючы сакавітыя кадры, што дастаўляюцца стрынгерамі і штатнымі працавікамі наўпрост з месцаў здарэнняў.
«Стрынгер» нядрэнна паказвае адваротны бок стварэння сенсацыйных рэпартажаў і закранае шэраг пытанняў, звязаных з журналістыкай, дый увогуле з прафесійнай этыкай, не кажучы ўжо пра мараль. Галоўны герой Луі Блум, нібыта гіена, трушыць у начы па крывавым следзе і адпачатку выклікае дзіўную сумесь пачуццяў з жалю і пагарды. Але калі жывёл такімі зрабіла прырода, то каго вінаваціць у з’яўленні падобных людзей? Я думаю, адказ можна пашукаць у кніжных гутарках Луі, дзе дзіўна пераплятаюцца ідэі Ніцшэ і танных бізнес-трэнінгаў.
Цікава, што фільм можна назваць не толькі трылерам, але і добрым дапаможнікам маніпулятара. Практычна ўсе дыялогі зводзяцца ў тым ці іншым выглядзе да гандлю, і галоўнаму герою пры ўсёй яго ўшчэрбнасці атрымліваецца бліскуча маніпуліраваць іншымі.
Стужка добра пабудавана з пункту гледжання кампазіцыі: тэмп апавядання вытрыманы, пры гэтым атмасфера няўмольна распальваецца. Адарвацца немагчыма, застаецца толькі сядзець і, затаіўшы дыханне, глядзець, на што яшчэ гатовы пайсці персанажы для дасягнення сваіх мэт, і чым жа ўсё гэта скончыцца.
Сярод недахопаў фільма я б вылучыў хіба што пэўную аднастайнасць і рэпітатыўнасць дзеянняў, але, з іншага боку, за кошт гэтага дасягаецца паступовае павелічэнне таго самага напружання, пра якое я пісаў вышэй. У сюжэце таксама маюць месца невялікія няўвязкі і проста малаімаверныя рэчы, але я б спісаў усё гэта на кінематаграфічнасць.
Дарэчы, нягледзячы на рэйтынг 18+ «Стрынгер» атрымаўся не такім ужо і крывавым. Прынамсі, я не заўважыў у ім нічога такога, што не паказвалі б у навінах, хе-хе.
Шчыра кажучы, гэты фільм я глядзеў два гады назад, таму ўражанні няможна назваць свежымі, дый многія дэталі пазабываліся.
Завязка простая: у Ніка (Бэн Афлек) знікае жонка Эмі (Разамунд Пайк), і становішча ў доме кажа пра тое, што зрабіла яна гэта не па ўласнай волі. Да разблытвання складанага клубка доказаў прыступаюць адразу некалькі зацікаўленых бакоў. Па-першае, вядома, прамалінейная паліцыя, якая лічыць Ніка галоўным падазроным. Па-другое, сам апатычны муж, які запэўнівае ўсіх ва ўласнай невінаватасці, але пры гэтым відавочна штосьці ўтойвае. Па-трэцяе, спагадлівая грамадскасць, для якой Эмі была асабліва дарагой, як герой нейкіх падлеткавых кніжных бестселераў. І нарэшце, сам глядач, які атрымлівае дадатковую інфармацыю з розных флэшбекаў і назіранняў.
Па законах жанру інфармацыі заўсёды падаецца роўна столькі, каб знаходзіцца на крок ззаду ад увільваючай разгадкі, а калі глядач яе нарэшце наганяе, дзеянне накіроўваецца наперад з новай сілай. І вось у гэтым выяўляецца ўсё майстэрства рэжысёра Дэвіда Фінчэра. Я ўпэўнены, што па гэтым жа самым сцэнарыі можна было б зняць прахадную кіношку, якая б забылася ужо праз некалькі гадзін пасля прагляду, але «Зніклая», як і іншыя фільмы гэтага бліскучага рэжысёра, запамінаецца надоўга.
Дзіўна, але нават Бэн Афлек, у якім я ў апошні час моцна расчараваўся, ідэальна ўпісаў у стужку свой фірмавы твар «Як жа вы мне ўсе надакучылі». Ну, а Разамунд Пайк таленавіта ўвасобіла на экране жанчыну, якую хочацца адначасоваа забіць і… гхм. пашкадаваць.
Фільм атрымаўся вельмі змрочным і доўгім, але падчас прагляду вы наўрад ці гэта заўважыце. Толькі калі на экране з’явяцца тытры, вы адчуеце, як зацяклі вашы канечнасці. Дарэчы, пра канечнасці. Калі я прыгадваю гэты фільм, у мяне ўзнікае два рэфлекторных жаданні: размяць спіну і ўцягнуць галаву ў плечы, прыкрыўшы горла. Першае, таму што глядзеў «Зніклую» ў самалётным крэсле. Другое, зразумееце самі, калі пагледзіце. Дзіўная рэч наша памяць.
Цікавы нямецкі фільм, які адышоў у гісторыю аблаяным, але па большай частцы незаўважаным. Стужку, безумоўна, ёсць за што лаяць, але ўвогуле яна не так дрэнная, як пішуць пра яе крытыкі.
Сюжэт «Калоніі Дыгнідад» заснаваны на рэальных падзеях. У Чылі сапраўды існавала закрытая нямецкая камуна, дзе ў часы Піначэта чыніліся страшныя рэчы, пра якія дагэтуль толкам мала што вядома. У анатацыі гаворыцца пра тое, што калонію заснавалі збеглыя нацысты, але ніякіх пацверджанняў гэтаму ў фільме я не ўбачыў. Дыгнідад гэта, перадусім, рэлігійная секта, што кіруецца жорсткім тыранам, у параўнанні з якім нават Губернатар з The Walking Dead здаецца светачам дэмакратыі.
Галоўныя ролі сыгралі прыгажуня Эма Ўотсан і потны хлышч Дэніэл Брюль. Я не ведаю, можа, у Германіі ён і лічыцца сэкс-сімвалам, але асабіста я яго зусім не пераношу, асабліва ў станоўчых ролях. Ці варта казаць, што зусім не жорсткія катаванні, а любоўныя сцэны з яго ўдзелам прымушалі мяне адводзіць позірк ад экрана. Адпаведна, і ў вялікае каханне, якое падтрымлівае дух галоўных герояў, не верыцца. Гэта важная нястача фільма, але ўсё ж не крытычныя, бо «Калонія Дыгнідад» перадусім драматычны трылер, а не рамантычная гісторыя.
Што дакладна не пакідае абыякавым, так гэта жудасныя парадкі калоніі і вар’яцкі фанатызм яе насельнікаў. Быццам бы для тых, хто глядзеў кіно на тэму Халакосту, тут не павінна быць нічога новага. Але калі прыгнёт адных людзей іншымі стары як свет і яго можна зразумець, то што рухае тымі, хто пайшоў на ўсё гэта добраахвотна? Больш за тое, гатовы горла перагрызці абараняючы сістэму, якая гарантуе яго рабскае становішча.
Мароз па скуры ад адной толькі думкі, што нешта падобнае адбывалася і адбываецца насамрэч. Пасярод маляўнічай прыроды без усялякай вайны і якіх бы там ні было аб’ектыўных падстаў на дабравольных асновах вырастае філіял пекла. І пры гэтым усе яго насельнікі толькі і гавораць, што пра Бога і духоўнасць. Сюррэалістычная карціна. Ты проста глядзіш на яе і… як бы гэта культурна выказацца… прыходзіш у шок.
У такім стане робіцца напляваць на сюжэтныя штампы і іншыя нястачы. Няважна, што ва «Ўцёках з Шоўшэнка» ці ў тым жа «Спісе Шындлера» нешта падобнае было паказана лепш.
Такія фільмы, як «Калонія Дыгнідад», гэта голас усіх тых закатаваных пры цмяным святле і расстраляных у патыліцу. Праз гады ён данёсся да нас праз сцены падвалаў і платы з калючым дротам, няхай і ў перайначанай, паўзабаўляльнай форме. Добра, што ў нас ёсць хоць такая магчымасць яго пачуць.
Эталонным навукова-фантастычным трылерам я б назваў «Чужынца», ідэальным псіхалагічным трылерам — «Востраў праклятых», а вось ідэальным эстэтычным… «Неонавага дэмана». Але пра яго я ўжо пісаў, таму дадзім дарогу навічку, тым больш што кандыдат атрымаўся годны.
Гісторыя «Неонавага дэмана» простая, як трохвугольнік, а вось сюжэт фільма «Пад покрывам ночы» цяжка ўлавіць на хаду, прынамсі, ва ўсёй яго пышнасці.
Галоўная гераіня С’юзэн (Эмі Адамс) атрымлівае па пошце ад свайго былога мужа Тоні (Джэйк Джыленхал) рукапіс яго новай кнігі. Яе сюжэт разгортваецца на экране паралельна з рэальнымі падзеямі і ўспамінамі С’юзэн. Па рэйтынгу 18+ можна здагадацца, што напісаў Тоні далёка не «Хронікі Нарніі», вось толькі як усё гэта звязана з рэальным жыццём галоўнай гераіні?
Фільм атрымаўся вельмі шматслаёвым. Сабраць разам усе паралелі не так проста. А галоўнае, як апынулася, многія гледачы зразумелі фільм па-рознаму, што ўжо вельмі цікава. Сваю версію я, пэўна, тлумачыць не буду, хопіць з мяне Virginia.
Я толькі адзначу, што кіно раскрывае мноства ран на целе міжчалавечых адносін: помста, жорсткасць, слабасць, страх… Што датычыцца страхаў, тут проста залатыя россыпы. І гаворка не пра банальную цемру ці нейкіх барабашак, страхі тут куды больш рэальныя: яны цягучыя, як жывы халадзец, які абвалаквае цябе цалкам і ператраўляе жыўцом.
У начынцы фільма можна капацца вельмі доўга, але расказваць пра рэчы, не называючы іх, даволі дзіўны занятак. А менавіта гэтым я галоўным чынам і займаюся, бо часам нават невялікі намёк, ніяк не звязаны з сюжэтам, можа стаць спойлерам. Асабліва ў такім філігранным жанры.
«Пад покрывам ночы» зняты цудоўна. Калі б я не ведаў, што рэжысёрам выступіў малавядомы Том Форд, то падумаў бы, што гэта Вільнёў. А гэта вялікі камплімент.
Прыгожа, разумна, хвалююча — узорны твор. На мой погляд, самы моцны з пададзенай пяцёркі.
Вось мы і дабраліся да свежака. «Спліт» М. Н. Ш’ямалана расказвае пра выкраданне трох старшакласніц псіхапатам, у якім ужываецца мноства розных асоб. Яны «выходзяць на святло», змяняючы адна адну, што вызначае склад думак і паводзіны носьбіта на некаторы час.
Вядома, гэта гісторыя выглядае ў большай ступені надуманай у параўнанні з папярэднімі, дзе героямі былі звычайныя людзі, пускай парой і не зусім здаровыя псіхічна. Тут мы маем справу з зусім ужо выбітным тыпам, праўда, у абсалютна невыбітных дэкарацыях.
Ну вось, мяне ўжо цягне раскрытыкаваць карціну… Падаткнуў жа чорт назваць гэту пяцёрку фільмаў найлепшымі… Добра, «Спліт» на самой справе нядрэнны, вось толькі гэта нядрэнны на 80−90% складаецца з гульні Джэймса МакЭвоя. Да гэтага можна дадаць цікавыя гутаркі ў псіхолага і пераважна нядрэнны мантаж. То бок фільм у цэлым роўны, без якіх-небудзь сюжэтных ці кампазіцыйных правалаў.
Нягледзячы на тое, што ахвяры выкрадання не выклікаюць ніякага суперажывання, глядзець «Спліт» досыць захапляльна з прычыны элементарнай зацікаўленасці, якія яшчэ фокусы засталіся ў рукаве ў маньяка. Хаця ў поўнай меры цешыцца акцёрскай гульнёй МакЭвоя замінае занадта прэтэнцыёзная, на мой погляд, аператарская праца. Пастаянныя буйныя планы пазбаўляюць дзеянне рэальнасці і ўзмацняюць эфект тэатра аднаго акцёра.
І ўсё ж няможна не адзначыць велізарную колькасць вялікіх і малых умоўнасцяў у сюжэце і агульную яго прадказальнасць. Сітуацыі, калі ты, як глядач, прадбачыш наступную сцэну ці цяміш хутчэй за дзеячых асоб, а потым яшчэ і выслухваеш разжаванае тлумачэнне, для трылераў не дапушчальныя.
Спадзяюся, што 2017 год яшчэ пацешыць нас якаснымі трылерамі, хаця калі і не пацешыць, нічога страшнага не здарыцца. Заўсёды знойдзецца што-небудзь з бэклога. На гэтым пакуль усё. Падпісвайцеся на старонкі Fandom.by у сацыяльных сетках VK і FB, каб не прапусціць новыя публікацыі.
[irp posts="19 361″ name=" Дэвід Лінч: Жыццё ў мастацтве" - відэаэкскурсія па трывожных успамінах"]
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…