Ці сапраўды ў студэнцкіх інтэрнатах арганічна спалучаецца вайб маладосці і вольнасці, дзікая антысанітарыя і «прыветы» з 90-х у выглядзе паўразбуранай мэблі і абадраных шпалер? Hrodna.life сабраў свежыя водгукі студэнтаў і даведаўся, чым могуць здзівіць або расчараваць гродзенскія інтэрнаты.
Універсітэцкія інтэрнаты: прусакі бываюць, але не заўсёды
Інтэрнаты ГрДУ: добрая адміністрацыя і слабая электрычнасць
Студэнцкі гарадок ГрДУ Янкі Купалы аб’ядноўвае шэсць інтэрнатаў і разлічаны на больш чым 200 іншагародніх студэнтаў. На сайце ГрДУ адзначаюць: для таго, каб студэнты адчувалі сабе як дома, «у інтэрнатах абсталяваны пакоі адпачынку, самападрыхтоўкі, трэнажорныя і спартыўныя залы».
Калі верыць водгукам студэнтаў, эфект дому і ўтульнасці дасягаецца не заўсёды.
Анты-лідарам з рэйтынгам у 2,1 зоркі на Google Maps стаў інтэрнат № 2 на Даватара, 27. Віка паставіла ўсяго адну зорку з каментаром «4 дзіркі ў прыбіральнях з 5». Валерыя «падаравала» ўсяго дзве зоркі толькі за наяўнасць буфету. Магчыма, пасля рамонту, які зрабілі ў інтэрнаце, умовы палепшацца. Сцены жылых пакояў пафарбавалі ў фіялетавы колер і паставілі двухпавярховыя ложкі. «Цяжкі люкс», — напісала Ганна.
Інтэрнат № 4 на Пралетарскай атрымаў крыху больш высокую адзнаку на Google Maps. «Выдатная абшчага, прусакі храбусцяць пад нагамі, рай для аматараў пахрумсцець пальчыкамі. Загадчыца — анёлачак, восьмы цуд горада Гродна, дзякуй вам за зробленыя нервы», — падзяліўся сваім меркаваннем карыстальнік пад нікам etoilunia.
Адзнаку ў 3,2 зоркі ў Google Maps атрымаў інтэрнат № 3, які знаходзіцца на бульвары Ленінскага Камсамолу.
Максім паставіў дзве зоркі «выключна за тое, што ёсць дах, сцены і электрычнасць», праўда з нізкай магутнасцю. «А так поўная лухта, калі селяць у адзін пакой беларусаў і іншаземцаў. Або калі ў пакоі моляцца мусульмане і ім глыбока по… на астатніх пражываючых — гэта нармальна? Кіраўніцтва інтэрната, ау! Я за сяброўства народаў адназначна, але не такімі спосабамі», — выказаўся хлопец.
Дзмітрый адзначыў, што ў інтэрнаце добрая адміністрацыя, але «прусакі, прусакі, прусакі».
Па адзнакам лідзіруе інтэрнат № 5 на Ліможа. Цэлых 3,9 зоркі ў Google Maps. «Пакоі чыстыя і прасторныя. Ідэальныя ўмовы для адпачынку і вучобы», — напісаў у водгуках адзін з іншаземных студэнтаў. Ірына падтрымлівае. «Выдатны інтэрнат», — адзначае яна.
Новы інтэрнат № 6 на вуліцы Дубко пакуль яшчэ не атрымаў свой рэйтынг у Google Maps. Затое ёсць шмат свежых водгукаў на Яндэкс.Картах. Марыя паставіла інтэрнату 10 з 10 балаў. «Вельмі ўтульны інтэрнат, раскошныя кухні, пакоі, калідоры. Вельмі многа свабоднай прасторы. На вокнах рол-шторы, дзякуючы чаму па начах можна спаць ва ўтульнай цемры, без светлавога забруджвання. З мінусаў хіба што магу вылучыць не вельмі зручныя душавыя палівачкі, у якіх вада занадта неструктуравана цячэ. У астатнім усё спраўна і ўтульна, працоўны і студэнцкі калектыў выдатныя», — напісала дзяўчына.
Сяргей лічыць, што ў інтэрнаце на Дубко ўсё крута, модна і моладзева. «Інтэрнат настолькі новы, што нават прусакоў пакуль не завезлі. У блоку на 6 чалавек 3 пакоі, кухня з халадзільнікам, электраплітой, прыбіральня і душ».
А вось карыстальнік пад нікам CenturionBY застаўся расчараваны — знайшоў шмат мінусаў. «Дрэнная гукаізаляцыя (чуваць як на калідоры тапочуць, як размаўляюць зверху і ў суседніх пакоях), шмат мэблі пашкоджана, у тым ліку аздабленне на падлозе. Прусакі як не дзіўна, былі з самага пачатку і іх хапае паўсюль. Увесь час чутныя крыкі замежнікаў ва ўнутраным двары ўначы, якія замест таго, каб мець зносіны ўжывую, крычаць адзін аднаму з вокнаў і насвістваюць дзяўчынам. Кіраўніцтва і персанал тут вельмі добры. Ужо год не працуе буфет. А таксама ліфты, якія ўвесь час захрасаюць і тупяць», — адзначыў малады чалавек.
Інтэрнаты меда: зручныя пакоі і прыстойны душ
Інтэрнат № 3 Гродзенскага дзяржаўнага медуніверсітэта на Даватара, 25 займае лідзіруючыя пазіцыі — 4,1 зорка ў Google Maps. «Самы лепшы інтэрнат ва ўсім горадзе. Зручныя пакоі, прыстойны душ, няма аніякай тлустасці, прыстойная кухня і прыбіральня на кожным паверсе», — напісаў Міхаіл.
Карыстальніка пад нікам Speeret Sun парадавала, што непадалёку ёсць баскетбольная пляцоўка. Сыну Ірыны інтэрнат спадабаўся, таму яна засталася задаволена.
Ад інтэрнату № 4 на Курчатава, які здалі ў эксплуатацыю ў 2019 годзе, студэнты застаюцца ў захапленні. «Новы, камфартабельны інтэрнат. Ёсць буфет на месцы. Электрычныя пліты і мікрахвалёўкі ў кожным блоку», — адзначыла Вікторыя.
Інтэрнат аграрнага ўніверсітэта: чыста і ёсць жалюзі
Інтэрнат Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта па вуліцы Церашковай атрымаў 3,5 зорак на Google Maps. Зрэшты, негатыўных водгукаў за апошні час не так ужо і шмат. Віталь адзначыў чысціню і ўтульнасць, Ганна — зручныя ложкі і наяўнасць жалюзі. Вольга змерзла. «Прама выцвярэзнік», — напісала яна.
Чытайце таксама:
- Гродзенскія студэнты паказваюць інтэрнаты ў TikTok — вось як яны выглядаюць
- «Жыць можна і на кватэры». Рэктарка ГрДУ завяла Tiktok — ёй пачалі пісаць пра дрэнныя інтэрнаты і корпусы
Інтэрнаты каледжаў: ёсць неабходнае, але без празмернасцяў
Інтэрнат музычнага каледжу
Інтэрнат Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжу на праспекце Янкі Купалы атрымаў цэлых 4,5 зоркі на Google Maps. Міхаіл адзначыў, што жыць у ім можна. «Ёсць кухня, туалет з душам, ложак — усё важнае. Хаця электрычная пліта неяк павольна награваецца», — дадаў ён.
Інтэрнат медычнага каледжу
Інтэрнат Гродзенскага дзяржаўнага медычнага каледжу, які знаходзіцца каля завулку Даватара, пакуль не атрымаў адзнак ад карыстальнікаў Google Maps. А адзіны водгук за апошнія два гады пакінула на Яндэкс.Картах Алеся. Дзяўчына напісала, што інтэрнат ачмурэнны. «Уся новая мэбля, рамонт класны зрабілі, новыя халадзільнікі, новыя пліты, сантэхніка ўся новая, зоны для адпачынку абставілі новымі шэрымі класічнымі канапкамі», — адзначыла дзяўчына.
Інтэрнат політэхнічнага каледжа
Інтэрнат Гродзенскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа на Новакастрычніцкай карыстальнікі Google Maps ацанілі ў 3,7 зоркі. «Выдатнае месца. Жывеш крыху горш, чым на Мальдывах. Пастаянныя дыскатэкі, канцэрты ад народных артыстаў, а таксама незабыўны досвед працы грузчыкам, маляром і рознарабочым», — напісаў карыстальнік пад нікам Копченый Морс.
Інтэрнат тэхналагічнага каледжу
Інтэрнат Гродзенскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа на Курчатава атрымаў 3 зоркі ў Google Maps. Студэнты скардзяцца на прусакоў і адсутнасць шумаізаляцыі. А Кацярыне сапсавалі настрой акурат у дзень засялення: «Прусакі, блашчыцы, злы выхавальнік. Што яшчэ? Пакоі 1990 гадоў, усё старажытнае, на вокнах нават няма цюляў, поўная катастрофа. Не ведала, што ўсё так дрэнна! Цяпер разумею, чаму іншагароднія імкнуцца зняць кватэру. У першы дзень засялення ў першую гадзіну прымусілі вынесці смецце ўсяго паверха. Дык мы нават рэчы не распакавалі! Як маглі насмеціць? Увогуле, усё як заўсёды!» — паскардзілася дзяўчына.