Людзі і справы

«Мама умерла». Гродзенец пасля страты жонкі сам выхоўвае сына і шукае новае каханне

У адзін з дзён снежня 2021 года сямігадовы Артурка прачнуўся і знайшоў у суседнім пакоі маці, якая не варушылася. Спалоханы хлопчык хадзіў па суседзях, шукаў дапамогу, каб выклікаць хуткую. Але нікога не было дома — раніцай людзі пайшлі на працу, і ніхто не адкрыў дзверы. Ён выбег на вуліцу і пачаў плакаць. Там яго знайшла сталая жанчына і дапамагла выклікаць хуткую. Яны забралі цела маці хлопчыка, а Артура да сябе забрала бабуля.

У гэты час тата хлопчыка — Вітольд Яроцкі - знаходзіўся ў Польшчы, толькі ўладкаваўся на новую працу і планаваў неўзабаве забраць сям’ю. У Польшчу ён паехаў, каб пазбегнуць пераследу міліцыі, як і многія беларусаў у той час. Але лёс склаўся так, што, рызыкуючы свабодай, яму прыйшлося вярнуцца. У адзін момант усе планы і мары — пачаць новае жыццё з каханай жонкай і сямігадовым сынам — зруйнаваліся назаўсёды.

Ноччу наступнага дня ён ужо быў на Радзіме. Наперадзе было самае няпростае — пахаванне і сказаць сыну пра смерць мамы.

«Гэта была самая цяжкая падзея ў маім жыцці - раптоўная і нечаканая. Але хіба да такога падрыхтуешся? Я не ведаў, як жыць далей, на што апірацца. Ці змагу я жыць без каханага чалавека? Ці змагу я расціць сам сына? Літаральна жыццё падзялілася на „да“ і „пасля“», — кажа Вітольд.

Вітольд Яроцкі с сынам. Фота: з архіва героя

Ён сустрэў сына са школы на другі дзень пасля здарэння. Да гэтага хлопчык ведаў, што маці на хуткай забралі ў бальніцу. Вітольд загадзя параіўся з псіхолагам, як расказаць сыну пра смерць маці, але словы падабраць было вельмі цяжка.

— Ты же видел, что маму забрала скорая, что маме утром было очень плохо? К сожалению, твоей мамы больше нет с нами, она умерла.

— Неужели всё-таки? — і Артурка заплакаў.

Гэта быў самі цяжкі момант у гэтай гісторыі. Вітольд кажа, што яму дапамаглі ў той дзень нейкая моц унутры, любоў да сына і памяць пра каханую Вераніку. У той жа дзень тата з сынам паехалі да псіхолага, з якім папярэдне дамовіліся на сустрэчу. І там таксама атрымалі дапамогу і падтрымку.

«Вельмі важна было гэты момант прапрацаваць, даць сыну падтрымку. Растлумачыць, што ён зрабіў усё, што мог зрабіць, каб у яго не заставалася думкі, што ён вінаваты ў смерці мамы, што не змог своечасова дапамогу паклікаць», — кажа Вітольд.

З псіхолагам у Беларусі яны сустракаліся яшчэ перад пахаваннем і пасля. Бацька і псіхолаг размаўлялі з Артурам і запыталіся, ці хоча ён быць у гэты час на могілках. Папярэдзілі яго, як праходзіць гэты рытуал. Хлопчык вырашыў, што хоча праводзіць матулю ў апошні шлях.

Фота: з архіва героя

Пасля пахавання пачаліся зборы ў эміграцыю. Перад выездам тата з сынам заехалі на могілкі да Веранікі - развітацца. Артур папрасіўся пабыць з мамай адзін на адзін і правёў 10 хвілін каля магілы. Пасля каталіцкага Раства 2021 года Вітольд з Артурам пераехалі ў Польшчу і ўладкаваліся ў «файным горадзе Быдгашч».

У Веранікі, са слоў Вітольда, была пухліна мозга, якая прывяла да разрыву сасуда паміж долямі мозга. Пасля ўскрыцця доктар сказаў, што новаўтварэнне было неаперабельным. «Нават калі б пра яе ведалі… Невядома, насамрэч, што ў такой сітуацыі лепш: ведаць пра гэта ці не, альбо раптоўна сысці», — разважае Вітольд.

«Каго б ты ўваскрэсіў?»

Смерць маці для Артур стала траўматычным досведам. Гэта паўплывала на яго псіхаэмацыйны стан. Хлопчык стаў рассеяным, несабраным, зменшылася канцэнтрацыя ўвагі. Яму было цяжка настроіцца на вучобу, ён часта плакаў. Пачаліся праблемы са сном. Першы год бацьку з сынам даводзілася абыходзіць могілкі - Артуру невыносна было бачыць магілы. Два гады запар пытаўся ў таты: «А што ты мог бы змяніць, калі б трапіў у мінулае? Калі б ты мог уваскрэсіць кагосьці, каго б ты ўваскрэсіў?»

У польскай школе Артур атрымаў накіраванне папрацаваць з псіхолагам. Пасля тэрапіі з некалькімі спецыялістамі хлопчык пачаў паціху сацыялізавацца. Крок за крокам ён пражываў страту — плакаў, дзяліўся аповедамі, маляваў свае пачуцці.

«Я не выважу»

Пакуль Вітольд першы год клапаціўся пра сына, свае эмоцыі ён падаўляў. Кожныя два тыдні бацька з сынам разам кудысьці ездзілі, наведвалі мерапрыемствы і былі занятыя ўвесь час. Заўсёды былі нейкія прыгоды, таму на сумныя думкі не хапала часу.

Вітольд Яроцкі с сынам на вакацыях. Фота: з архіва героя

Але на другі год пасля страты хаванне эмоцый і «недапражытасць гора» выявілася і наклалася на новыя непрыемныя пачуцці з-за няўдалай спробы будаваць стасункі з жанчынай. У нейкі момант стала зразумела, што размовы з людзьмі не дапамагаюць — трэба пайсці да псіхолага. «Я не выважу», — з нервовай усмешкай апісвае Вітольд той свой стан. Псіхолаг падсвятляў праблемы, на якія варта звярнуць увагу. Ужо падчас працы з ім «штосьці пачало адбывацца». Стан рабіўся вельмі нервовы, часам накрывалі слёзы, хаатычны паток эмоцый, з якімі цяжка было справіцца. Дайшло да панічных атак. У трыгерны момант нават звыклае слова на працы магло выклікаць атаку — Вітольда кідала ў пот, у яго калацілася сэрца і пачыналася адышка. Давялося звярнуцца да псіхіятра, каб выраўняць стан медычнымі прэпаратамі - нейрастабілізатарамі.

Фота: з архіва героя

Крок па кроку Вітольд прапрацоўваў сваю траўму. Вучыўся пражываць эмоцыі: «І паразмаўляць, пакрычаць, і паплакаць, і правільна развітацца з каханай — высветлілася, гэта можна і патрэбна было зрабіць ужо нават пазней». Праз 4−5 месяцаў працы з псіхолагам яго стан выраўняўся.

«Вельмі важна пражываць свае пачуцці, асэнсоўваць свой стан і разбірацца ў эмоцыях, якія ты адчуваеш. Хаваць іх, канешне, можна, але ўсё назапашваецца. І ў нейкі момант спрацоўвае трыгер, які ўжо выклікае некантраляваны паток эмоцый, часам непрыемных для іншых людзей», — мяркуе мужчына.

Таксама Вітольд раіць быць у кантакце са сваім целам — «цела ніколі не хлусіць». Калі нам кепска, няўтульна, дрыжыкі па целе — гэта сігнал, штосьці адбываецца з эмоцыямі, гэта трэба аналізаваць. Кіруючы сваім целам, мы можам кіраваць сваім эмацыйным станам. Уплываючы на цела, асэнсоўваючы і кантралюючы сваё дыханне, можна хутка супакоіцца і змяніць свой стан.

Гэтаму вучаць медытацыі, якія таксама прыйшлі ў жыццё Вітольда. Потым мужчына зацікавіўся дызайнам чалавека, астралогіяй, разабраўся ў сваёй натальнай карце. Там знайшлося шмат адказаў. Яму вельмі спадабалася таксама працаваць з метафарычнымі картамі, «зазірнуць у сваю падсвядомасць, шукаючы асацыяцыі свайго жыцця з мастацкімі вобразамі». Акрамя таго, Вітольд заняўся фізічнай формай, каб «цела працавала». Кінуў курыць яшчэ ў 2020-м годзе. Пасля смерці жонкі цалкам адмовіўся ад алкаголю. Пачаў хадзіў у мацоўню, ганяе на ровары, робіць прабежкі на прыродзе. На адпачынак выбірае пешаходныя вандроўкі і шпацыры за горадам, паездкі ў горы ці на Балтыку.

Фота: з архіва героя

Сын-вікінг, сын-панк

Бабулі прапаноўвалі пакінуць сына ў Беларусі, але Вітольд быў катэгарычна супраць. Выхаванне сына і вядзення гаспадаркі для мужчыны былі натуральнымі справамі.

«Адзінае, што змянілася — я пачаў гэта рабіць сам, у іншай краіне, у іншым доме. У сям'і раней я таксама займаўся хатнімі справамі: прыбіраў, хадзіў у краму, сачыў, каб усяго хапала, часам — гатаваў ежу», — кажа Вітольд.

Зараз Артур дастаткова самастойны. Сам ходзіць у школу, грэе ежу ў мікрахвалёўцы, можа схадзіць у краму. Ён нават дапамагае з прыборкай іх кватэры. Навучыўся чысціць бульбу. За асобную дапамогу атрымлівае кішэнныя грошы.

Дранікі ў сям'і. Фота: з архіва героя

Выхоўваць сына — няпростая справа, часам бываюць сумненні, як рабіць правільна, кажа Вітольд. Але ёсць пэўныя табу — пад забаронай фізічныя пакаранні. У сям'і абавязкова прысутнічае павага да прыватнасці і межаў. Напрыклад, Вітольд не забірае тэлефон сына ў мэтах выхавання, бо гэта рэч Артура. Але, растлумачыўшы неабходнасць, ён можа праверыць тэлефон сына, калі адчувае хваляванне. Часам там праскоквае забаронены кантэнт, таму Вітольд паставіў «бацькоўскі кантроль». Але таксама прыйшлі да гэтага шляхам перамоў. Пасварыцца на сына бацька таксама можа, але гэта без злосці, а з любоўю. «Апошні раз сварыўся за тое, што Артурка вырашыў закастамізаваць і расфарбаваць маркерам новыя джынсы, якія купілі напярэдадні», — са смехам узгадвае Вітольд.

«Але агулам, забароны на самавыяўленне няма. Артур з маленства любіць пераўтварацца ў розных герояў. Мы яму рабілі касцюм асасіна з выкіднымі клінкамі з фанерак. Пасля ён захапіўся вікінгамі і захацеў хвост з доўгіх валасоў, як у галоўнага героя з аднайменнага серыяла. Артур пачаў адрошчваць валасы. Потым захацеў зрабіць іракез — яму яго таксама зрабілі. Я гэтага не забараняю, таму што я цалкам разумею сына. Я сам насіў іракез у маладосці. Ён зараз шукае сябе. Вырашыў, што ён панк і апранаецца як панк. Окей, на табе значкі з маёй калекцыі з маладосці. Добра, што ў школе гэта не забараняецца», — распавядае Вітольд.

Часта Вітольд у мэтах выхавання карыстаецца сваім прыкладам. Ён расказвае, як бы паводзіў ці не паводзіў сябе ў розных сітуацыях. І гэта працуе! Хлопчык прыслухоўваецца, вучыцца ў бацькі лепшаму. У таты з сынам, паводле Вітольда, добрыя, даверлівыя стасункі, у якім есць месца і сумеснаму суму, і радасці, і цёплым абдымкам.

Новыя стасункі з жанчынай пасля страты

Вітольд прызнаецца, што спачатку спрабаваў «заткнуць дзіркі ў сэрцы, якія з’явіліся пасля ўсіх выпрабаванняў» і шукаў стасункі неасэнсавана.

Пасля працы з псіхолагам ён зразумеў, што хоча знайсці новую жонку і пачаў знаёміцца з жанчынамі. «Я не з’яўляюся прыхільнікам казачнай тэорыі мужчын-удаўцоў, якія пахавалі жонку і да канца жыцця нікога ў іх няма. <…> Я для сябе асэнсаваў, што ўсё адбылося, усё змянілася, і жыццё працягваецца. Я хачу жыць паўнавартасным жыццём з добрай жанчынай, стварыць новую сям’ю. Да мяне такое разуменне прыйшло дастаткова хутка», — кажа мужчына.

Менавіта метафарычныя карты і астралогія змаглі даць падказкі, чаму з той ці іншай дзяўчынай у Вітольда атрымоўваецца так ці іначай.

Фота: з архіва героя

«З жанчынай добрыя стасункі, але яна табе адмаўляе. Мой розум вельмі крытычны, і я павінен разумець, чаму гэта ўсё атрымліваецца. Калі я не магу знайсці адказ лагічным шляхам, я вельмі нервуюся. Таму давялося звярнуцца да „ірацыяльных“ метадаў. Вось гэтыя спецыялісты, якія займаюцца псіхатыпамі людзей, псіхалагічнымі прывязанасцямі, нумералогіяй, метафарычнымі картамі, мне ўсё лагічна растлумачылі», — дзеліцца Вітольд.

Сын разумее, што з часам бацька знойдзе новае каханне, і іх сям’я стане большай. Артур таксама хоча і братоў, і сясцёр.

Тое, што з наяўнасцю сына цяжэй пайсці на спатканне ці запрасіць жанчыну да сябе, Вітольд не лічыць складанасцю. Часам Артура можна пакінуць у гасцях з дзецьмі, з якімі ён сябруе. Суседзі таксама могуць падсачыць за ім. «Галоўнае тое, што ты пазнаеш дзяўчыну, якая можа стаць мамай для твайго сына», — кажуць яны. І для Вітольда гэта добрая падтрымка ў яго новай справе — у пошуках асабістага шчасця.

Чытайце таксама: «Баяўся, што мне прад’явяць данаты, за якія павінен адкупіцца». Як гродзенцы на свой страх і рызыку прыязджаюць на радзіму, каб прадаць жыллё


Медыі ў выгнанні маюць абмежаваныя магчымасці зарабляць на рэкламе і прыцягваць партнёраў для сваіх праектаў. Калі ласка, падтрымайце нас, калі гэта для вас бяспечна.

Мы працягваем працаваць для гродзенцаў ва ўсім свеце дзякуючы вашай падтрымцы!

Падзяліцца

Апошнія запісы

Беларуская магія: як нашы продкі дамаўляліся з прыродай

У тым, што беларусы цанілі і да гэтага часу цэняць магію, упэўніцца не складана. Мы…

19 студзеня 2025

«З сабой я важу Беларусь». Калекцыянер з Гродна назбіраў некалькі дзясяткаў тысяч марак

Гродзенец Андрэй Мялешка захапіўся маркамі яшчэ ў першым класе, калі далучыўся да філатэлістычнага гуртка. І…

18 студзеня 2025

Каложскі вадаліў: гродзенскі артэфакт, які перажыў стагоддзі

Каложскі вадаліў, або акваманіл, — гэта адзін з найцікавейшых артэфактаў, якія захаваліся ў Гродне з…

18 студзеня 2025

«Як выкладаць, пракуратуру не цікавіць». 7 фактаў, як улады і патрыятызм змянілі беларускія школы

Цяпер замест пісьменнікаў і музыкаў у беларускія школы ўсё часцей запрашаюць актывістаў з “моцнай грамадзянскай…

17 студзеня 2025

Плошча Сцяга і падвесны мост да замка. Андрэй Хмель расказаў, як зменіцца Гродна (але не сказаў, калі)

Зараз гораду больш за ўсё не хапае паркаў і сквераў, лічыць старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй…

14 студзеня 2025

«Гэта не гродзенская архітэктура». Архітэктар будынка на Вялікай Траецкай расказаў, як «праштурхнуў» сучасную пабудову на гістарычнай вуліцы

Новы будынак гандлёвага цэнтра на Вялікай Траецкай, 25 увялі ў эксплуатацыю ў 2024 годзе. Але…

14 студзеня 2025