«Музыка і паэзія не прыносяць мне заробку — толькі маральнае задавальненне. Не маю права называць іх інакш, як хобі. Але, калі мяне падымуць сярод ночы, прыставяць да скроні пісталет ды сувора крыкнуць: «Хто ты? Зараз жа прызнавайся!», я аўтаматычна адкажу: «Я музыка». Так кажа пра сябе Кацярына Ваданосава, якая 30 сакавіка выступіць у Гродне разам з гуртом Fantasy Orchestra. Напярэдадні канцэрта Кацярына расказала Hrodna.life пра крыніцы натхнення, складанасці ды знаходкі творчасці і тое, як удаецца аб’яднаць музыку з гісторыяй.
Пра музыку і гісторыю
«Я жыву толькі тут і зараз. Я цудоўна разумею, што стагоддзі ў 15-м, напрыклад, я дажыла пры добрым раскладзе гадоў да 30, нарадзіла б 10 дзяцей, з якіх амаль усе загінулі б у маленстве, а сама працавала б без продыху і памерла б ад чумы, халеры ці банальнага заражэння крыві. Таму я вельмі люблю той час, у якім я жыву — ён дае мне магчымасць быць такой, якой я хачу быць, і спакойненька вывучаць гісторыю і пры гэтым на ўласнай скуры не адчуваць яе ўдары, - расказвае Кацярына. — Быць спаленай за рудыя валасы — гэта, канешне, магчыма было ў Сярэднявеччы, але ўсё ж-такі на нашых землях інквізіцыя так не лютавала, і тут не было такіх адыёзных асобаў, як, напрыклад, Тарквемада ў Іспаніі. Таму, думаю, нараджэнне на тэрыторыі адносна талерантнага Вялікага Княства Літоўскага мяне б выратавала. Хаця, хто ведае?»
Сярэднявечча ці «старарэжымны» рок
Тое, што творчасць Кацярыны часта асацыююць толькі з перыядам Сярэднявечча, яна называе стэрэатыпам, які чамусьці прыклеіўся да творчасці.
«Так, я вельмі цікаўлюся музыкай Сярэднявечча, Рэнесансу, крышку менш — музыкай эпохі Барока, але пры напісанні ўласных песень найбольшым чынам мяне натхняе „старарэжымны“ рок, на якім я вырасла: „The Beatles“, „Led Zeppellin“, „Pink Floyd“, „The Doors“ ды іншыя. Любоў да медыевістыкі праяўляецца ў першую чаргу ў тэкстах: па адукацыі я гісторык-рэлігіязнаўца, заўсёды любіла эстэтыку і мастацтва Сярэднявечча (і дэкаратыўна-прыкладное, і літаратуру, і музыку, зразумела, таксама), таму, як любы нармальны чалавек, увасабляю ў сваёй творчасці тое, да чаго маю найбольшую схільнасць».
Заварожаная мастацтвам
«Я вельмі люблю мастацтва Сярэднявечча. Не сам час, калі, напрыклад, людзей касіла чума, а ў галовах панавала цемрашальства, а менавіта эстэтыку гэтых часоў. Кніжная мініяцюра, вышыўка, архітэктура, ювелірная справа, іншыя праявы творчасці чалавецтва ў гэты перыяд заварожваюць мяне сваёй адухоўленасцю, яскравасцю. Уявіце сабе, як гэта ўсё успрымалася тады, у тыя часы, калі людзі адчувалі дэфіцыт колераў, прыгажосці, разнастайнасці! Менавіта гэтую любоў я стараюся ўвасобіць так, як умею.
Мне падабаецца вывучаць гістарычныя крыніцы, каб потым рукамі, без выкарыстання швейнай машынкі, зрабіць рэканструкцыю, напрыклад, строя жыхаркі швейцарскага Люцэрна ўзору 14 стагоддзя. Сучаснае мастацтва, і ў тым ліку мода, не могуць цалкам задаволіць маё не зусім нармальнае па цяперашніх мерках пачуццё прыгожага, таму прыходзіцца самой сабе рабіць прыемнасці.
Не дзеля славы
«Я даволі роўна і спакойна займаюся тым, што мне падабаецца, проста працую і не разглядаю гэта як сродак атрымання сусветнай славы ці сусветных грошай. Таму ў творчым плане ўсё ідзе даволі роўна, без нечаканых уздымаў і сенсацыйных падзенняў».
А вось натхніць на новы верш, па словах Кацярыны можа ўсё што заўгодна: «Самыя пранікнёныя і якасныя вершы пішуцца, як ні дзіўна, у моманты, калі ў маім жыцці дэфіцыт эмоцый. Гэта як своеасаблівая сублімацыя. Я шукаю эмацыйную падпітку для сябе, і, калі не знаходжу, то генерырую яе сама, знутры».
Складанасці з выданнем альбома, па словах Кацярыны, былі толькі з матэрыяльнага пунтку гледжання. «Творчая частка вельмі даўно чакала ўвасаблення, была прапрацаваная і „зацверджаная“ ў маёй галаве задоўга да выпуску альбома, таму пры сэсіях запісу асаблівых цяжкасцяў не ўзнікала».
Дапамагалі з выданнем альбома сябры-музыкі. «Гэта цалкам нашая праца, за якую мы нікому нічым не абавязаныя».
А самая вялікая цяжкасць творчасці - гэта пакідаць дома дзяцей, калі выпраўляешся на чарговы выступ ці ў камандзіроўку.
«Раней я вазіла іх з сабой, яны чакалі за сцэнай, але зараз крышку падраслі і не хочуць марнаваць шмат часу ў дарозе, каб мама рэалізавала свае амбіцыі. Таму застаюцца дома, а я страшэнна сумую па іх. Але без сцэны таксама не магу. Я пачынаю натуральна, фізічна хварэць, калі доўга не магу зладзіць сабе адрэналінавы выбух і падзяліцца тым, што творыцца ў маёй галаве. Ды я не магу сказаць, што ад чагосьці мне прыходзіцца адмаўляцца: напэўна, я шчаслівы чалавек, бо ўсе справы, якімі я займаюся — мае любімыя справы».
Тым, што не падабаецца, Кацярына проста не займаецца: «Не памятаю, калі апошні раз я, напрыклад, проста сядзела ды глядзела тэлевізар. Са мной немагчыма размаўляць пра серыялы ці навінкі кіно — я не змагу падтрымаць такую гутарку, бо нічога не гляджу. Але вольны час — гэта адноснае паняцце: у мяне няма часу, напрыклад, на сядзенне ў сацсетках, але ёсць час на ўсё тое, што я лічу важным і карысным для сябе ці для дзяцей».
«Я вельмі люблю Гародню, заўсёды з радасцю прыязджаю сюды»
«Як чалавек, закаханы ў гісторыю, адчуваю эстэтычную асалоду ад старой архітэктуры, якой амаль на засталося ў маім родным Мінску. У дзень канцэрту планую прыехаць як мага раней, каб застаўся час пагуляць па гарадзенскіх вуліцах ды пляцах. Я заўсёды адчуваю тут натхненне. Дарэчы, менавіта ў Гародні ды яе ваколіцах разам са здымачнай камандай сваёй праграмы „Жывая культура“ зрабіла, на мой погляд, вельмі ўдалыя выпускі, і ў гэтым заслуга ў першую чаргу тутэйшых людзей — тактоўных, інтэлігентных, па-еўрапейску выкшталцоных».
www.youtube.com/watch?v=pBLcZSFWZSU
Кацярына Ваданосава — тэлевядучая праграмы «Жывая культура» на канале Беларусь-3 і маці дваіх дзяцей. Акрамя гэтага, выкладае мастацкую вышыўку, займаецца рознымі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, гістарычнай рэканструкцыяй, у тым ліку гістарычнай пераплётнай справай.